Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ ГРАМАДЗКІХ МОЛАДЗЕВЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ ДЗЯРЖАЎНАЙ ПАДТРЫМКІ БРСМ


Галіна Абакунчык, Менск

Паводле выбарачнага маніторынгу, праведзенага Зьвязам грамадзкіх аб’яднаньняў “Рада”, ня менш за 10% моладзевых арганізацыяў маюць адмоўны досьвед супрацоўніцтва з уладнымі структурамі. Перадусім гэта зьвязана з хібамі дзейнага заканадаўства. Але самым абуральным яны лічаць факт дзяржаўнай падтрымкі Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі.

Гаворыць сябра зьвязу моладзевых аб’яднаньняў “Рада” Вольга Сацук:

(Сацук: ) “Вельмі шмат такіх арганізацыяў, якія змаглі бы прафэсійна, цікава адпрацаваць тыя грошы, якія дзяржава выдзяляе на БРСМ — гэтую арганізацыю, якая дзейнічае па-за канкурэнцыяй, і таму яна не жыцьцяздольная, бо яна ня думае”.

Лідэры рэгіянальных грамадзкіх аб’яднаньняў заяўляюць таксама, што так званыя парушэньні з боку недзяржаўных арганізацыяў справакаваныя недасканалым заканадаўствам. І што ўлады сьвядома парушаюць нават гэтыя нарматыўныя дакумэнты. Да прыкладу, нематывавана адмаўляюць у правядзеньні імпрэзаў, арэндзе памяшканьняў, парушаюць тэрміны рэгістрацыі.

Гаворыць кіраўнік рады моладзевага культурна-адукацыйнага цэнтру “Ростань” зь Віцебску Барыс Прыходзька:

(Прыходзька: ) “З арэндай трэба пайсьці насустрач больш шырокаму спэктру дзіцячых і моладзевых арганізацыяў, а не адзінаму БРСМ. Хаця ў Канстытуцыі ў нас занатавана, што ўсе роўныя. І гэта таксама крывізну надае ў моладзевым асяродку, бо ўвагу дзяржава надае адной вялікай арганізацыі. Хоць яна й мяняла некалькі разоў сваю назву, але ж сутнасьць засталася тая ж”.

Цяпер “Рада” рыхтуе пакет прапановаў зьменаў у заканадаўства аб дзейнасьці недзяржаўных дзіцячых і моладзевых арганізацыяў у Рэспубліцы Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG