Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АДКЛАДВАЕЦЦА РЭАЛІЗАЦЫЯ ПРАГРАМЫ “САЮЗНЫ ТЭЛЕВІЗАР-2”


Міхал Стэльмак, Менск

Эканамічная інтэграцыя Беларусі і Расеі ў найбліжэйшы час будзе праходзіць без удзелу вытворцаў тэлевізараў дзьвюх краінаў. Праграма “Саюзны тэлевізар-2” была выключаная з парадку дня паседжаньня Найвышэйшай дзяржаўнай рады так званай саюзнай дзяржавы, якое прайшло 20 студзеня ў Менску. Гаворыць намесьнік кіраўніка менскага прадстаўніцтва Пастаяннага камітэту Саюзу Беларусі й Расеі Анатоль Камісарчук:

(Камісарчук: ) “На праграму “Саюзны тэлевізар-2” грошы ня выдзеленыя. Яе ўключалі ў парадак дня сьнежаньскага паседжаньня Савету Міністраў саюзнай дзяржавы. Аднак не пасьпелі ўзгадніць. Таму яна пакуль не зацьверджаная ў якасьці саюзнай праграмы. Магчыма, яна будзе разгледжаная на наступным паседжаньні.

Рэч у тым, што распрацоўнікі гэтай праграмы заплянавалі выдзяленьне на яе крэдытаў зь бюджэту саюзнай дзяржавы. Між тым, адметнасьць саюзнага бюджэту 2003 году ў тым, што бюджэтныя крэдыты не прадугледжаныя. Таму і затрымка з далейшай рэалізацыяй праграмы “Саюзнага тэлевізару”. У ходзе яе другога этапу мяркуецца адваяваць 50–60% беларуска-расейскага рынку”.

Тым часам, самі вытворцы тэлевізійнай тэхнікі дзьвюх краінаў канфліктуюць між сабою. Расейскія кампаніі афіцыйна зьвярнуліся ў Міністэрства прамысловасьці й навукі Расеі па абарону ад нядобрасумленных, на іх думку, канкурэнтаў зь Беларусі. Вось, напрыклад, што зазначыла на гэты конт кіраўніца прэсавай службы маскоўскай кампаніі “Бытавая электроніка “Сокал” Аксана Хрусталь:

(Хрусталь: ) “На сёньняшні дзень рэальны сабекошт беларускага тэлевізара на 27% ніжэй за сабекошт расейскага тэлевізара. Гэта таму, што беларускім прадпрыемствам не патрэбна плаціць мыта і падатак на даданую вартасьць пры ўвозе у Беларусь камплектных. Таму мы дамагаемся стварэньня роўных умоваў для ўсіх удзельнікаў рынку. Што тычыцца ўдзелу ў праграме “Саюзны тэлевізар”, то нас там няма. Пра гэтую праграму мала чуваць, і яе прынцыпы не зусім вядомыя”.

Прэзыдэнт беларускага аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка, дасьледуючы бюджэт так званай саюзнай дзяржавы, зьвярнуў увагу на адметнасьці праграмы “Саюзны тэлевізар” на яе першым этапе. На яго думку, гэта праграма, дзе ярка выяўлена лабіяваньне інтарэсаў пэўных колаў радыёэлектроннай прамысловасьці Беларусі і Расеі:

(Заіка: ) ”Лёс гэтай праграмы — супрацоўніцтва ў пытаньні вытворчасьці тэлевізараў — дэманструе чыста лабісцкія падыходы ў саюзным будаўніцтве. Асобы, якія былі бліжэй да ўрадаў, выкарыстоўвалі грошы саюзнага бюджэту. Але гэта ня мела карысьці. Бо рынак дзейнічае па іншых правілах. Фундамэнтальнага прарыву ў справе стварэньня беларуска-расейскага тэлевізара не атрымалася. Праграма “саюзны тэлевізар” — ня больш чым сымбаль таго, што ўрады хоць нешта робяць для падтрымкі прамысловага сэктару”.
XS
SM
MD
LG