Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПЕРШУЮ ЛЭДЗІ” БЕЛАРУСІ НЕ ЗАПРАСІЛІ Ў КЛЮБ ЖОНАК НАЙВЫШЭЙШАГА КІРАЎНІЦТВА КРАІНЫ


Ігар Карней, Менск

Адрозна ад замежнага досьведу, беларускія чыноўнікі на рознага кшталту прыёмах зьяўляюцца без жаночага атачэньня. Ускосна такі прыклад падаў Аляксандар Лукашэнка, жонка якога колісь прынцыпова адмовілася пераяжджаць з Рыжкавічаў у сталіцу. Паплечнікі Лукашэнкі, каб нейкім чынам яго не пакрыўдзіць, мусяць прыклад пераймаць.

Жонкі найвышэйшых асобаў між тым ня хочуць заставацца ў ценю сваіх вядомых мужчынаў і вырашылі заснаваць адмысловы клюб. Хто будзе кіраваць нефармальным жаночым аб’яднаньнем, пакуль невядома. Кажуць, што пакуль усё будзе адбывацца, так бы мовіць, на парытэтных пачатках. Але жонка былога прэм’ер-міністра Міхаіла Чыгіра Юлія, якая ў сярэдзіне 1990-х ініцыявала стварэньне падобнай арганізацыі, упэўненая, што рана ці позна з кіраўніцтвам прыйдзецца вызначыцца. Нават на той падставе, што камусьці трэба кантраляваць спраўнае адлічэньне ўнёскаў на дабрачыннасьць.

(Чыгір: ) “З тых, каго я ведаю, гэта магла б быць Ала Канаплёва. Жанчына вельмі ініцыятыўная. Пэўна, магла б узяць непасрэдны ўдзел жонка Русака, але не ўзначальваць клюб. Мяркуючы па гіерархіі, кіраваць будзе жонка Навіцкага, але яе я зусім ня ведаю. А ўрэшце, чаму не Галіна Радзівонаўна?”

У шклоўскім райвыканкаме, дзе Галіна Лукашэнка ўзначальвае адмысловы аддзел Магілёўскага аблвыканкаму па аздараўленьні насельніцтва, усё, што тычыцца Галіны Радзівонаўны, пакрыта таямніцай. Але тамтэйшы журналіст, які знаёмы са спадарыняй Лукашэнкай не адзін дзясятак гадоў, на маю просьбу завітаў у выканкам і пацікавіўся ў яе, ці была прапанова далучыцца да наноўстворанага клюбу жонак першых дзяржаўных асобаў? Галіна Лукашэнка сказала, што ў свой час з задавальненьнем наведвала паседжаньні аналягічнага клюбу пад кіраўніцтвам Юліі Чыгір і нават шкадуе, што арганізацыя праіснавала меней за год. Але гэтым разам з прапановай узяць удзел у працы клюбу ніхто да яе не зьвяртаўся.

Зрэшты, я пацікавіўся ў спадарыні Чыгір, ці не было тады непаразуменьняў на той падставе, што рэальна працай жаночага клюбу на правах першай лэдзі кіравала ня жонка прэзыдэнта, а жонка прэм’ера?

(Чыгір: ) “Я разумела, што парушаю пэўны пратакол, таму зьвязалася зь ёй, прапанавала сустрэцца. Мы яе абралі пачэснай старшынёй, і яна калі-нікалі прыяжджала. Зрэшты, тады стварэньне клюбу ўсе сустрэлі з сапраўды вялікай радасьцю. Я лічыла, і зараз лічу, што жонка — гэта палова аднаго цэлага, найперш духоўная палова, безь якой мужчына можа не адбыцца як дзяяч. Таму я была ўпэўненая, што мы павінны сустракацца, абменьвацца інфармацыяй, думкамі. Быць жонкай высокапастаўленага чыноўніка цяжка. Але пакуль нашыя мужчыны былі занятыя дзяржаўнымі справамі, мы падвышалі свой адукацыйны ўзровень, нават распачалі вывучаць ангельскую мову. Але больш за ўсё займаліся дабрачыннай дзейнасьцю”.

Пасьля таго, як Міхаіл Чыгір падаў у адстаўку, клюб пад кіраўніцтвам ягонай жонкі спыніў сваё існаваньне. Юлія Чыгір вітае адраджэньне традыцыяў, паколькі падобныя клюбы існуюць у бальшыні краінаў сьвету. Жонкі першых асобаў дзяржавы традыцыйна займаюцца дабрачыннасьцю, звычайна дапамагаючы дзецям-сіротам. Ачольвае нефармальнае аб’яднаньне як правіла першая лэдзі краіны — жонка кіраўніка дзяржавы. Але ў беларускім выпадку стварэньне аналягічнай арганізацыі аўтаматычна цягне пакутлівае пытаньне захаваньня субардынацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG