Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫДАВЕЦТВА “БЕЛАРУСКІ КНІГАЗБОР” ВЫДАЛА ТОМ ТВОРАЎ ГАЎРЫЛЫ ГАРЭЦКАГА


Валянціна Аксак, Менск

Сказаць, што асоба аўтара новага тому гісторыка-літаратурнае сэрыі выдавецтва “Беларускі кнігазбор” паўстае зь ягоных старонак у абсалютна невядомым шырокай чытацкай аўдыторыі абліччы, значыць не сказаць амаль нічога. Так, у акадэмічных колах Гаўрылу Гарэцкага ведалі як пачынальніка беларускае геалягічнае навукі, аднаго са стваральнікаў нацыянальнае акадэміі, кіраўніка шматлікіх айчынных і сябра безьлічы замежных навуковых камісіяў, радаў, таварыстваў.

Ведалі і як нястомнага зьбіральніка рэдкіх камянёў і стваральніка ўнікальнага музэю валуноў на ўручанскай ускраіне Менску. Зрэшты, ведалі і як брата рэпрэсаванага беларускага пісьменьніка Максіма Гарэцкага.

Але нават гэтая няпоўная веда пра акадэміка Гаўрылу Гарэцкага прышла ў Беларусь пры канцы ягонага жыцьця, калі пасьля амаль сарака гадоў прымусовага растаньня з радзімай яму толькі ў старасьці дазволілі на яе вярнуцца.

І толькі родныя ведалі, як пакутаваў ён на чужыне, і як цераз усе доўгія гады выгнаньня навуковы імпэт падпарадкаваў адной мэце. Мэце, якую выразна сфармуляваў яшчэ ў юнацтве і ад якое не адступіўся ні дзеля высокіх маскоўскіх пасадаў, ні дзеля захаваньня жыцьця ў сталінска-бальшавіцкіх гулагах.

Вось цытата з нататніка 1943 году, пісанага мабілізаваным на абарончыя працы ў Пермскую вобласьць геолягам Гарэцкім. “Мэта жыцьця — зрабіць наш народ багатым, заможным, сытым, культурным, адроджаным, адноўленым, сацыяльна і нацыянальна сьвядомым (не саромецца беларусамі звацца), вызваленым ад уціску гаспадарчага, культурнага і палітычнага, пазбаўленым ад цянётаў ідэалёгіі старой спадчыны, ад пасіўнае рабскасьці і батрацтва, ад этнаграфічнасьці і перайманьня… самастойным у культурным будаўніцтве, вольным у творчасьці на сябе і дзеля сябе…” І крыху далей там жа ён запісаў: “У ахвяру гэтаму я нясу сябе, сям’ю, сваё каханьне, усё”.

Ахвяру тут трэба разумець не як зьнішэньне пералічанага, а як выпярэджваньне нацыянальнае ідэі, як сэнсу і спосабу жыцьця перад усімі астатнімі яго праявамі. Доказам чаму — зьмешчаныя ў кнізе творы Гаўрылы Гарэцкага. Ягоныя артыкулы, сабраныя з маладаступных пэрыёдыкаў 1920–30-х гадоў мінулага стагодзьдзя, адкрываюць нам невядомага раней яркага публіцыста. А ягоныя лісты да жонкі — цудоўнага лірыка. Свае літаратурныя здольнасьці Гаўрыла Гарэцкі, як цяпер зразумела, сьвядома затойваў ад публікі дзеля вяртаньня зь нябыту твораў свайго старэйшага брата Максіма. Што ёсьць праяваю яшчэ аднаго таленту шчодра адоранай натуры, рэдкага таленту — шляхетнасьці.

У вялікіх бацькоў не бывае дробных дзяцей. Іншая рэч, што часам веліч нашчадкаў не супадае з бацькоўскім уяўленьнем пра яе. Волат нацыянальнае навукі, мысьлярства, літаратуры і грамадзянскага чыну Гаўрыла Гарэцкі атрымаў днямі два новыя аргумэнты для бацькоўскага гонару. Першы — годна выдадзеная сынамі ягоная творчая спадчына, якая адкрывае нам невядомыя дагэтуль таленты акадэміка Гаўрылы Гарэцкага. А другі — плата малодшаму, Радзіму, за вернасьць бацькоўскай ідэі. Бо ў сёньняшняй Беларусі бандыцкія напады на непахісных змагароў за незалежнасьць вартыя іншых найвышэйшых урадавых узнагародаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG