Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НА ГАРАДЗЕНСКІХ РЫНКАХ АДБЫЎСЯ ПАПЕРАДЖАЛЬНЫ СТРАЙК


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Гаворыць адна з прадпрымальніц:

(Спадарыня: ) “Мы сабраліся, каб выказаць незадавальненьне палітыкай уладаў у адносінах да прадпрымальніцтва. Таму што гэты тыдзень ідуць праверкі ў горадзе. Спраўджваюць тыя дакумэнты, якія нават узяць мы ня можам. Тыя ж акты закупкі, якія нам не дае аніводзін кітаец, аніводзін турак, аніводзін расеец. Ад нас патрабуюць гэтых дакумэнтаў”.

У прадпрымальнікаў ёсьць таксама іншыя патрабаваньні. Напрыклад, ня ўводзіць касавыя апараты. Да сёньняшняй акцыі пратэсту іх падштурхнулі праверкі кантрольных службаў, якія адбыліся на рынках. Уладальнікаў некаторых крамак на “Паўднёвым” рынку аштрафавалі на 4–5 мільёнаў.

Удзельнікаў акцыі таксама абурыў выпадак зь віцебскімі прадпрымальнікамі. Яны везьлі з гарадзенскага рынку тавар, які ў іх затрымалі ў Іўі. Міліцыі не спадабаліся дакумэнты на тавар.

Вядомы дзеяч прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі наведаў аблвыканкам. Ён паведаміў прадпрымальнікам: начальства паабяцала, што праверак больш ня будзе.

Да сабраных выйшаў старшыня гарвыканкаму Аляксандар Антоненка. Ён таксама сказаў, што праверак ня будзе, і каб прадпрымальнікі выходзілі працаваць. Яны падзякавалі яму і адразу разышліся. Акцыя працягвалася адну гадзіну.
XS
SM
MD
LG