Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГЕНЭРАЛЬНЫ ДЫРЭКТАР “КУПАЛІНКІ” АЛЕГ ГРАБАК ПРЫНЯЎ РАШЭНЬНЕ АБ АДСТАЎЦЫ


Севярын Квяткоўскі, Салігорск

Ад кастрычніка мінулага году некалькі соцень работнікаў больш як тысячнага калектыву, найперш жанчыны, знаходзяцца ў вымушаным прастоі. Яны атрымліваюць кампэнсацыю, якая складае 26 тысяч рублёў. У сакавіку кіраўніцтва “Купалінкі” абяцае масавыя звальненьні. Гаворыць адна з работніц:

(Спадарыня Тацяна: ) “31 год адпрацавала, лічу, што яшчэ не адзін год буду патрэбная нашай фабрыцы”.

Неабходнасьць скарачэньняў дырэктар Алег Грабак тлумачыць жаданьнем вывесьці “Купалінку” з крызысу, зрабіць вытворчасьць таньнейшай, а прадукцыю канкурэнтаздольнай:

(Грабак: ) “Прадпрыемства пікетавалі людзі ў той момант, калі яно працавала. Гэта сьведчыць пра тое, што для вытворчасьці гэтыя людзі непатрэбныя. Што, мне ўключаць іх у кошт, і выстаўляць вам рахунак?”

Алег Грабак сваё рашэньне аб адстаўцы тлумачыць стомленасьцю ад змаганьня за сваю пазыцыю:

(Грабак: ) “Я прыняў рашэньне аддаць “Купалінку” на волю натоўпу. Сёньня выратаваць прадпрыемства можна толькі фантастычнымі сьмелымі рашэньнямі. Я падаў заяву”.

Многія работніцы кажуць, што знаходзяцца на мяжы галечы. Яны хочуць мець працу й заробак. Патрабаваньні агучвае адна зь лідэраў пратэстоўцаў Лідзія Шамшудзіева:

(Шамшудзіева: ) “Стабільная работа, стабільная зарплата. Мы ня хочам многа, каб мы адныя каўбасы елі. Ня трэба нам даляры, як у Грабака. І — зьмена кіраўніцтва”.

Каб паспрыяць вырашэньню канфлікта, у Салігорск зьбіраюцца дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, на 23 студзеня ў Салігорскім гарвыканкаме заплянаванае адмысловае паседжаньне дзеля вырашэньня праблемы “Купалінкі”. Правы работніц абараняе салігорская філія Беларускага Гельсынскага камітэту. Гаворыць яе кіраўнік Леанід Мархотка:

(Мархотка: ) “Тое, што будзе новы дырэктар — гэта выпусканьне пары, праблема гэтым ня вырашыцца. На “Купалінцы” вырашыць праблемы можна толькі на ўзроўні ўраду й прэзыдэнта. Гэта горад шахцёрскі. У Салігорску іншай працы для жанчын няма”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG