Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАФЭСАР ЮРЫ БАНДАЖЭЎСКІ Ў ЦЯЖКІМ СТАНЕ


Любоў Лунёва, Менск

Галіна Бандажэўская вельмі занепакоеная станам здароўя свайго мужа:

(Бандажэўская: ) “Я яго ўбачыла і, ведаеце, да цяперашняга часу не магу прыйсьці ў сябе. Перада мной быў хворы чалавек у цяжкай дэпрэсіі. Гэта бачна нават ня доктару. Калі ён размаўляе з блізкімі, то ў яго адзін настрой зьмяняецца другім. То ён вельмі радасны, то плача. Відаць, што яму вельмі, вельмі кепска”.

Паводле ейных словаў, акрамя дэпрэсіі Юры Бандажэўскі скардзіўся на боль у сэрцы. Ён казаў, што з гэтае прычыны ня можа спаць па начах ужо некалькі сутак. Маральную падтрымку вядомы прафэсар атрымлівае ад навукоўцаў з Эўропы і Амэрыкі, якія дасылаюць яму лісты кожны тыдзень.

(Бандажэўская: ) “Гэтая падтрымка ад навукоўцаў Эўропы і сьвету дае яму сілы жыць і працягваць барацьбу за сваё існаваньне ў турме”.

Галіна Бандажэўская паведаміла, што грошы на адвакатаў ёй даюць былыя калегі мужа, у якіх і так невялікія заробкі.

21 студзеня Галіна Бандажэўская накіроўваецца ў Парыж. Прадстаўнікі міжнароднай праваабарончай арганізацыі “Amnestу International” запрасілі яе ў Францыю, каб ад яе даведацца аб стане Юрыя Бандажэўскага і выпрацаваць праграму дзеяньняў у справе вызваленьня вядомага навукоўца.

Акрамя таго, Галіна Бандажэўская 20 студзеня атрымала копію ліста, які накіраваў Аляксандру Лукашэнку ляўрэат Нобэлеўскай прэміі, старшыня Камітэту абароны навукоўцаў з Інстытуту Пастэра Францускай акадэміі навук Франсуа Жакоб.

Спадаро Жакоб у сваім звароце нагадаў пра тое, што Юры Бандажэўскі адзіны навуковец у сьвеце, які дасягнуў значных посьпехаў у дасьледаваньні ўзьдзеяньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы на жывыя арганізмы. Ягоныя навуковыя распрацоўкі вельмі важныя ня толькі для беларускай грамадзкасьці, але й для ўсёй цывілізацыі.

Франсуа Жакоб паведаміў, што навукоўцы пільна сачылі за справай Юрыя Бандажэўскага і прыйшлі да высновы, што падставай пакараньня вядомага навукоўца сталі не крымінальнае злачынства, а крытыка ў навуковай справаздачы палітыкі Міністэрства аховы здароўя, якое працягвае ігнараваць забруджваньне глебы і харчоў радыёнуклідамі, і міталягізаваць пагрозу для насельніцтва.

Франсуа Жакоб спаслаўся на восем судовых парушэньняў, якія адзначылі назіральнікі, а таксама на ўмовы ўтрыманьня прафэсара, якія не адпавядаюць чалавечым нормам. Камітэт абароны навукоўцаў ставіць сваёй задачай падняць хвалю ў СМІ, бо стан здароўя вядомага навукоўца апошнім часам выклікае сур’ёзную занепакоенасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG