Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НАРАДА КІРАЎНІКОЎ ПРАДПРЫМАЛЬНІЦКІХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ ПРЫНЯЛА АДМЫСЛОВЫ ЗВАРОТ ДА АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ


Міхал Стэльмак, Менск

Нарада кіраўнікоў рэгіянальных прадпрымальніцкіх арганізацыяў 21 студзеня прыняла адмысловы зварот да Аляксандра Лукашэнкі пра недапушчэньне чарговага наступу на правы беларускіх бізнэсоўцаў. Вось як пракамэнтаваў гэтае рашэньне адзін зь лідэраў менскіх прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка:

(Шумчанка: ) “Асноўным каталізатарам незадавальненьня на сёньняшні дзень ёсьць меркаванае прыняцьце дэкрэту пра прадпрымальніцкую дзейнасьць. У нашым звароце да Лукашэнкі гаворыцца пра памылковасьць такіх плянаў. З намі ніхто новыя парадкі не абмяркоўваў. Мы ініцыявалі стварэньне сумеснай з уладамі рабочай групы. Аднак гэтая прапанова была абвергнутая. Таму мы папярэджваем, што ў выпадку прыняцьця гэтага дакумэнту будуць масавыя акцыі пратэсту прадпрымальнікаў”.

Як прагучала на нарадзе, у рэгіёнах мясцовыя ўлады ўжо пачалі ўкараняць новыя парадкі ў сфэры дробнага бізнэсу. Вось што паведаміла, напрыклад, лідэрка рагачоўскіх прадпрымальнікаў Ала Гурэвіч:

(Гурэвіч: ) “У Рагачове прадпрымальнікі незадаволеныя і абураныя тым, што аблвыканкам прыняў рашэньне пра ўстаноўку касавых апаратаў. Месцы, дзе яны мусяць быць устаноўленыя, неабсталяваныя, неацепленыя, там няма электрычнасьці. Інакш кажучы, сэнсу ўстаноўкі касавых апаратаў там няма, але ёсьць цьвёрдыя ўказаньні. Больш таго, падатковыя інспэктары ўжо праверылі такія кропкі, закрылі іх і ў дадатак аштрафавалі прадпрымальнікаў. Таму прадпрымальнікі гатовыя да крайніх мераў, у прыватнасьці, да страйку”.

Актыўнае змаганьне за дабрабыт бізнэсоўцаў мае намер весьці й Беларускі страйкавы камітэт прадпрымальнікаў. Гаворыць старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Мы плянуем арганізоўваць ня толькі акцыі прадпрымальнікаў. Гэта будуць сумесныя акцыі з апазыцыйнымі структурамі — шэсьці, мітынгі. У гэтай сувязі страйкам мяркуе сёлета каардынаваць свае вулічныя дзеяньні зь дзеяньнямі апазыцыі. Нам трэба аб’ядноўвацца на партнэрскай аснове. Бо ва ўсіх нас адна вялікая праблема. Гэта праблема дзяржавы. А ўжо зь яе выцякаюць праблемы прадпрымальнікаў, настаўнікаў, рабочых. І таму правільна будзе, калі мы гэтую праблему будзем вырашаць разам”.

Прынамсі, новая тактыка дзеяньняў страйкаму не выключае і самастойных акцыяў дробных прадпрымальнікаў. Як паведаміў Валеры Леванеўскі, на 22 студзеня ў Горадні заплянаваны аднадзённы папераджальны страйк мясцовых бізнэсоўцаў.
XS
SM
MD
LG