Лінкі ўнівэрсальнага доступу

21 СТУДЗЕНЯ ПАЧАЛАСЯ РЭГІСТРАЦЫЯ КАНДЫДАТАЎ У ДЭПУТАТЫ


Уладзімер Глод, Менск

Яшчэ пры канцы мінулага тыдня, праверка не здавалася цяжкай — па ўсёй Беларусі на 24 тысячы мандатаў было толькі 22 тысячы жадаючых за іх пазмагацца. Гэта менш, чым адзін чалавек на месца. Але за апошнія дні, асабліва за 20 студзеня, становішча рэзка зьмянілася. Сытуацыю тлумачыць сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “Як і меркавалася, асноўная маса дакумэнтаў падавалася менавіта ў апошні дзень. Да 19 гадзінаў прымаліся дакумэнты, і практычна да гэтага часу там былі прадстаўнікі патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты. У Менску, мы мяркуем, будзе ад 5 да 8 кандыдатаў на месца, у абласьцях — дзесьці 3–5, у раёнах ў межах 2–3, у гарадах абласнога падпарадкаваньня таксама будзе 5, а ў пасялковых і сельскіх саветах — крыху больш аднаго кандыдата”.

Сярод тых, хто здаў дакумэнты на права балятавацца ў Менскі гарсавет, ёсьць дастаткова вядомыя ў Беларусі людзі. Гэта, напрыклад, намесьнік старшыні БНФ Юры Хадыка, гісторык Ніна Стужынская, старшыня Таварыства беларускай мовы Алег Трусаў, намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віталь Малашка ды іншыя.

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец распавядае пра настрой менчукоў падчас збору подпісаў і ацэньвае свае шанцы быць зарэгістраваным у якасьці кандыдата на дэпутацкі мандат.

(Знавец: ) “Ініцыятыўная група ў мяне складалася з 10 чалавек. Подпісы сабралі без усялякіх праблемаў. Настрой у людзей пасьля прэзыдэнцкіх выбараў істотна зьмяніўся. Згодна з нашымі назіраньнямі, толькі 5–10% людзей, ва Ўруччы, прынамсі, яшчэ нейкім чынам падтрымліваюць Лукашэнку. Прыкладна палова — супраць. І астатнія проста баяцца. Я думаю, што павінны ўсё ж зарэгістраваць. У мяне няма ніводнага подпісу, каб чалавек несьвядома падпісваўся. Бо ўсе разумелі, за каго і якім чынам. У маёй біяграфіі чорным па белым было адзначана, што я ёсьць адным з ініцыятараў адстаўкі Лукашэнкі за сыстэматычнае парушэньне ім Канстытуцыі й законаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG