Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАНДЫДАТЫ Ў ДЭПУТАТЫ АД КРЫЧАЎСКАЙ АПАЗЫЦЫІ АСЬЦЕРАГАЮЦЦА ПЕРАШКОДАЎ У РЭГІСТРАЦЫІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Выбарчыя штабы абласных арганізацыяў палітычных партыяў зараз удакланяюць зьвесткі аб сваіх вылучэнцах у гарадах і сельскіх раёнах.

Вядома, што сябры Партыі БНФ “Адраджэньне” актыўна вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты шляхам збору подпісаў у горадзе Бабруйску, Клічаўскім, Хоцімскім, Касьцюковіцкім, Дрыбінскім і Шклоўскім раёнах.Усяго на Шклоўшчыне чакаюць рэгістрацыі 9 прадстаўнікоў дэмакратычнай апазыцыі, за іх вылучэньне паставілі свае подпісы жыхары раёну.

Аб’яднаная грамадзянская партыя вылучыла 19 кандыдатаў у Магілёўскі гарадзкі савет, 10 чалавек — у абласны. У некаторых раённых цэнтрах падалі дакумэнты вылучэнцы толькі ад гэтай партыі. Так адбылося ў Круглым і Крычаве.

Дэмакраты з Крычава занепакоеныя інфармацыяй, якая паступіла ад надзейнай крыніцы ў райвыканкаме. Паводле яе, увечары апошняга дня падачы дакумэнтаў кандыдатаў у дэпутаты адбылася спэцыяльная нарада вэртыкалі, дзе яе кіраўніцтва і супрацоўнікі нібыта атрымлівалі рэкамэндацыі сталічных чыноўнікаў наконт арганізацыі выбараў. Адна зь першых рэкамэндацыяў, сьцьвярджае крыніца крычаўскіх дэмакратаў, — не рэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў ад апазыцыі.

Магілёўскія структуры Партыі камуністаў беларускай вылучылі 10 кандыдатаў у абласны савет, іх сябры будуць імкнуцца трапіць і ў саветы іншых узроўняў. Аднак паводле словаў кіраўнікоў абласной арганізацыі ПКБ, усё роўна камуністаў вылучана менш, чым у мінулую кампанію выбараў у мясцовыя саветы, з прычыны таго, што людзі ня вераць у жыцьцядзейнасьць прадстаўнічых органаў улады на месцах і лічаць іх на сёньняшні дзень бяспраўнымі.
XS
SM
MD
LG