Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ГАНДАЛЬ ЗБРОЯЙ І ЯГО МАГЧЫМЫЯ НАСТУПСТВЫ


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Доналд Джэнсан, Сяргей Згурэц, Андрэй Фёдараў, Павал Фэльгэнгаўэр

(Дракахруст: ) “Увесь мінулы год на адрас Беларусі гучалі абвінавачаньні ў тым, што краіна гандлюе зброяй і ваенным абсталяваньнем ня толькі з рэжымамі, што карыстаюцца ў сьвеце дрэннай рэпутацыяй, але і з краінамі, адносна якіх дзейнічае забарона ААН на пастаўкі ваеннага абсталяваньня. Беларускі бок традыцыйна ўсе абвінавачаньні адхіляў і кляўся, што сьвята прытрымліваецца ўсіх міжнародных законаў у гэтай далікатнай галіне.

І вось на пачатку сёлетняга году афіцыйнаму Менску быў паднесены вельмі непрыемны сурпрыз: у бэйруцкім аэрапорце быў затрыманы самалёт з ваенным абсталяваньнем для Іраку, які прыбыў у лібанскую сталіцу зь Беларусі.

На пэўным этапе крызысу зьявілася інфармацыя, што нібыта сумнеўны груз зусім і не зь Беларусі, а з Харватыі, але ў інтэрвію нашаму радыё пракурор Лібану падцьвердзіў – самалёт прыбыў у Бэйрут зь Беларусі.

Беларускі МЗС і гэтым разам абвяргаў усялякую датычнасьць афіцыйнага Менску да гэтых паставак. Не выключаючы, што самалет сапраўды мог прыбыць зь Беларусі, прадстаўнікі МЗС выказвалі меркаваньне, што ўладальнікамі грузу маглі быць і замежнікі.

Падобныя вэрсіі маюць права на існаваньне, але падозраньні, што Беларусь гандлявала і працягвае гандляваць з рэжымамі-ізгоямі пасьля інцыдэнту ў бэйруцкім аэрапорце толькі ўзмацніліся.

Чаму, нягледзячы на нядвухсэнсоўныя папярэджаньні, Беларусь працягвае гэты сумнеўны гандаль ці, прынамсі, чаму робіць крокі, якія ўзмацняюць падозраньні на гэты конт? Ці кіраўніцтва краіны не разумее відавочнай рызыкі такіх дэманстратыўных дзеяньняў, асабліва зараз, калі ЗША і Ірак знаходзяцца на мяжы вайны?

Сваё тлумачэньне матываў беларускага боку прапануе супрацоўнік міжнароднага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Андрэй Фёдараў.

(Фёдараў: ) “Трэба мець на ўвазе, што мы гаворым толькі пра той выпадак, калі будзе даказана, што гэтае абсталяваньне і амуніцыя, якія патрапілі туды, належаць Беларусі.

На мой погляд, тут пераважаюць не палітычныя, а эканамічныя меркаваньні. Патрэбныя грошы. Становішча эканомікі пакідае жадаць лепшага. У гэтых абставінах беларускае кіраўніцтва шукае розныя выйсьці, у тым ліку і гэтае. Калі яны гандлююць зброяй і іншымі забароненымі матэрыяламі, яны перш за ўсё разьлічваюць на тое, што пра гэта ніхто не даведаецца.

Да таго ж пакуль што размова ідзе толькі пра амуніцыю – шлемафоны і радыёстанцыі для танкаў. Гэта таксама ўваходзіць у забаронены сьпіс, але гэта ўсё ж ня тыя “Кальчугі”, за якія зараз дзяўбуць Украіну. Гэта значна меншы грэх. І напэўна, ёсьць спадзяваньне, што калі Беларусь пападзецца на гэтым, то і пакараньне будзе не такое ўжо і вялікае”.

(Дракахруст: ) “Расейскі незалежны ваенны экспэрт Павал Фэльгенгаўэр падкрэсьлівае, што Аляксандар Лукашэнка ў гандлі зброяй з Іракам апынуўся крайнім, але зусім не самотным”.

(Фельгенгаўэр: ) “Мяркую, тут справа ў грошах. Не адзін Лукашэнка прадае зброю на чорным рынку, у тым ліку і краінам, якія знаходзяцца пад санкцыямі ААН. Гэтым жа займаюцца шмат іншых краінаў, у тым ліку і Расея. Я дакладна ведаю, што ў 1990-х гадох Расея пастаўляла ў Ірак не якіясьці там шлемафоны, а дзясяткі баявых ударных гелікоптэраў Мі-24. Ва ўсялякім выпадку, Расея мела дачыненьне да гэтых паставак, нашыя адмыслоўцы езьдзілі іх наладжваць, калі іх у кантэйнэрах прывезьлі праз Ярданію, а самі гелікоптэры былі нібыта пастаўленыя Ўкраінаю. У прынцыпе ў гэтым гандлі ўдзельнічаюць усе эўрапейскія краіны, у тым ліку і тыя, якія зараз сталі сябрамі НАТО: Польшча, Баўгарыя, Румынія, Чэхія. Усе яны завязаныя на чорны рынак зброі. Тут усё вырашаюць грошы. Для ЗША, якія ведаюць, што і Расея парушала санкцыі, зараз выгадна казаць пра Беларусь і Ўкраіну, але не пра Расею, якая пастаўляла ня менш”.

(Дракахруст: ) “Паводле расейскага экспэрта Паўла Фэльгенгаўэра Аляксандар Лукашэнка ня ўлічыў той зьмены ў стаўленьні да сумнеўнага гандлю зброяй, які адбыўся ў сьвеце апошнім часам”.

(Фельгенгаўэр: ) “Калі б рэжым санкцыяў сапраўды выконвался, а ён быў уведзены ў верасьні 1990 году, то ў Іраку зараз не было б ніякіх узброеных сілаў, без запчастак зброя не працуе. А там зараз усё працуе.

Дагэтуль на гэта глядзелі скрозь пальцы. На публікацыі на гэтую тэму не зьвярталі сур’ёзнай увагі, у тым ліку і на Захадзе, я ведаю, што і ў ААН шмат гадоў ведалі пра парушэньне санкцыяў. Зараз стала карысным з пункту гледжаньня палітычнай мэтазгоднасьці пра гэта казаць. Лукашэнка, ведаючы, што ў гэтым удзельнічаюць дзясяткі краінаў, у тым ліку і краіны НАТО, адчуваў сябе ў бясьпецы: “Калі ўсе гэта робяць, то гэта відаць дапушчальна”.

(Дракахруст: ) “Прыклады, прыведзеныя сп-ром Фэльгенгаўэрам, пра гандаль зброяй з Іракам Расеі і краінаў Усходняй Эўропы, тычацца 1990-х гадоў мінулага стагодьдзя. А беларускае ваеннае абсталяваньне для Іраку злавілі зараз, пасьля 11 верасьня 2001 году, тады, калі адносіны паміж ЗША і Іракам балянсуюць на мяжы вайны.

Супрацоўнік нашага радыё, былы амэрыканскі дыплямат у Маскве Дональд Джэнсан зьвяртае ўвагу на тое, што ў адміністрацыі Джорджа Буша існуюць розныя падыходы да ірацкай праблемы і праблемаў, зьвязаных з гэтай. Але, паводле яго, выглядае, што перавагу зараз атрымліваюць прыхільнікі больш жорсткага стаўленьня як да рэжыму Садама Хусэйна, гэтак і да тых краінаў, якія дапамагаюць яму”.

(Джэнсан: ) “Што тычыцца амэрыканскай адміністрацыі, то ў ёй існуе раскол у пытаньні, калі і як пачынаць вайну з Іракам. Зараз гэтае пытаньне займае цэнтральнае месца ў вашынгтонскім парадку дня і яны амаль не надаюць увагі пытаньню Беларусі. Зараз усё большы ўплыў набывае каманда міністра абароны Дональда Рамсфэльда і я чакаю, што гэты ўплыў будзе павялічвацца. Сытуацыя зь Беларусьсю разглядаецца ў сьвятле ірацкай праблемы, і я мяркую, што працэс дэманізацыі Беларусі будзе працягвацца. Пасьля вайны з Іракам гэтая каманда будзе шукаць іншага ворага, прынамсі, тыя краіны, якія садзейнічаюць распаўсюджваньню зброі масавага зьнішчэньня. Калі сытуацыя вакол Ірака будзе абвастрацца, я лічу, што верагоднасьць амэрыканскіх санкцыяў адносна Менску будзе падвышацца”.

(Дракахруст: ) “Ужо амаль год таму, у лютым 2002 году прадстаўнікі Дзярждэпартамэнту ЗША заяўлялі, што адказам на беларускі незаконы гандаль зброяй можа стаць увядзеньне санкцыяў супраць Беларусі. Калі ўвосень летась Вашынгтон далучыўся да візавых санкцыяў, уведзеных 14-цю краінамі Эўразьвязу адносна 8 вышэйшых прадстаўнікоў беларускай улады, то амбасадар ЗША ў Расеі Аляксандар Вэршбоў падкрэсьліваў, што прычынаю гэтага кроку сталі менавіта пастаўкі Беларусьсю зброі краінам-ізгоям. Але наколькі эфэктыўнымі могуць быць больш жорсткія эканамічныя санкцыі, на якія Амэрыка можа пайсьці ў аднабаковым парадку?”

(Джэнсан: ) “Эфэктыўнасьць – гэта іншае пытаньне. Амэрыканцы не зусім дакладна разумеюць, як працуюць палітычныя сыстэмы ўсходнеэўрапейскіх краінаў. Эфэктыўнасьць санкцыяў будзе праблематычнаю, асабліва калі будуць адрозьненьні ў пазыцыях ЗША і Эўразьвязу ў гэтым пытаньні. А я чакаю, што такая розьніца будзе”.

(Дракахруст: ) “Паводле сп-ра Джэнсана санкцыі могуць быць адчувальнымі толькі тады, калі стануць супольнай палітыкаю Захаду. Наколькі гэта верагодна? Наколькі верагодныя ў дадзеным выпадку санкцыіі ААН? Нагадаем, што ў дадзеным выпадку размова ідзе не пра гандаль з краінамі, якія, напрыклад, не падабаюцца Вашынгтону, а пра парушэньне дакладна сфармуляванай забароны, усталяванай міжнароднай супольнасьцю. Гаворыць Андрэй Фёдараў”.

(Фёдараў: ) “Давайце па парадку. Амэрыканскія санкцыі – гэты варыянт мне падаецца самым верагодным. Але я ня вельмі разумею, якія гэта могуць быць санкцыі. Безумоўна, за пастаўку шлемафонаў і рацыяў ваеннай акцыі супраць Беларусі ня будзе. Палітычныя санкцыі ўжо як быццам уведзеныя – ЗША забаранілі ўезд на сваю тэраторыю 8-мі найвышэйшым асобам Беларусі. Што ж тычыцца эканамічных санкцыяў, то двухбаковы гандалёвы абарот за 11 месяцаў 2002 году склаў каля 85 мільёнаў даляраў. Гэта нават для Беларусі не настолькі істотная лічба, каб вельмі яе палохацца. Я ня ведаю, якія амэрыканскія санкцыі могуць рэальна паўзьдзейнічаць на беларускае кіраўніцтва.

Што тычыцца НАТО, то міністар абароны ЗША Рамсфэльд заклікаў краіны НАТО падтрымаць Амэрыку ў барацьбе зь Іракам, але пакуль што яны ня вельмі ў гэтым удзельнічаюць. Я ня думаю, што і ў пытаньні санкцыяў адносна Беларусі Злучаныя Штаты змогуць зрабіць штосьці істотнае.

Ну і нарэшце ААН. У адрозьненьні ад Іраку, у Беларусі за сьпіной фактычна знаходзіцца Расея, дзе немагчыма пракантраляваць выкананьне санкцыяў, калі яны будуць уведзеныя з боку ААН. Тым больш што я ўпэўнены, што Расея ніколі не дапусьціць ўвядзеньне санкцыяў адносна Беларусі ў Радзе бясьпекі. Беларускае кіраўніцтва магчыма таму і рызыкуе гандляваць забароненымі рэчамі, што ведае, што Расея ў вялікую крыўды яго ніколі не дасьць”.

(Дракахруст: ) “Зь беларускім калегам згодны і Павал Фэльгенгаўэр”.

(Фельгенгаўэр: ) “У ААН дакладна нічога ня будзе. Амэрыканскія санкцыі цалкам магчымыя, але яны будуць мець дэманстратыўны характар, бо рэжым Лукашэнкі і зараз ў пэўнай ступені знаходзіцца пад санкцыямі. Розныя санкцыі супраць Беларусі ўвяла і эўрапейская супольнасьць. Цяжка сказаць, што тут можна зрабіць больш.

На самой справе аніякія шлемафоны не ўплываюць на балянс ваеных сілаў у Пэрсыдзкай затоцы. На балянс не ўплываюць нават баявыя гелікоптэры. Вось калі інспэктары ААН знайшлі там гіраскопы ад расейскіх міжкантынэнтальных стратэгічных ракэтаў, якія іракцы спачатку купілі, а потым ня здолелі скарыстаць і утапілі ў раце Тыгр. Вось гэта выклікала пэўную напружанасьць. Усе баяцца, што ў Іраку ўзьнікнуць новыя, незвычайныя ваенныя магчымасьці.

Так што я ня думаю, што гэты выпадак у Бэйруце будзе мець нейкія сур’ёзныя наступствы. Санкцыяў уводзіць ня стануць, каб іх увесьці, трэба, каб іх падтрымала Расея ў Радзе бясьпекі ААН. А гэта не адбудзецца дакладна”.

(Дракахруст: ) “Летась аб’ектам крытыкі за незаконны гандаль зброяй з Іракам стала ня толькі Беларусь, але і Ўкраіна. Кіеў гэтак жа, як і Менск, рашуча адхіляў абвінавачаньні, але ўкраінскія ўлады далі магчымасьць амэрыканскім і брытанскім экспэртам правесьці на Ўкраіне дасьледаваньне і пераканацца ў несапраўднасьці падозраньняў. Вынікам працы экспэртаў сталася хутчэй падцьверджаньне гэтых падозраньняў. ЗША прыпынілі прадастаўленьне Ўкраіне фінансавай дапамогі. Ці існуе верагоднасьць таго, што санкцыі ААН будуць ужытыя да паўдзённай суседкі Беларусі? Гаворыць супрацоўнік украінскага Цэнтру дасьледаваньняў войска, канвэрсіі і раззбраеньня Сяргей Згурэц”.

(Згурэц: ) “Увядзеньне санкцыяў патрабуе прызнаньня на ўзроўні Рады бясьпекі ААН, што тая ці іншая краіна пастаўляла зброю насуперак санкцыям ААН. Зараз сытуацыя выглядае так, што на ўзроўні 661-га камітэту ўкраінскі бок даказвае, што такіх паставак не было, а прадстаўнікі Вялікабрытаніі і ЗША даводзяць адваротнае, абапіраючыся на вынікі працы сваіх экспэртаў ўва Ўкраіне. Для рашэньня пра санкцыі трэба мець сурьёзныя доказы.

Але ёсьць і іншы бок праблемы – гэта стаўленьне да кіраўніцтва дзяржавы. Стужкі Мельнічэнкі, дзе Кучма аддае загад прадаць “Кальчугі” Іраку, істотна падарвалі давер Вашынгтону да найвышэйшай украінскай улады. Гэта не зьвязана з санкцыямі, але недавер да кіраўніцтва дзяржавы істотна ўплывае на ўвесь комплекс двухбаковых адносінаў, на рэалізацыю палітычных, эканамічных і інтэграцыйных праектаў”.

(Дракахруст: ) “Такім чынам, паводле Сяргея Згурца пагроза для Ўкраіны палягае не ў фармальных санкцыях ААН, якія выглядаюць малаверагоднымі, але ў пагаршэньні атмасфэры двухбаковых адносінаў, якое цягне за сабою згортваньне вельмі неабходных для Ўкраіны супольных праэктаў. Але Ўкраіна пры ўсіх ваганьнях імкнецца да супрацоўніцтва з Захадам, таму праблемы ў гэтым супрацоўніцтве ўспрымаецца Кіевым даволі балюча. Супрацоўніцтва з заходняй супольнасьцю ня ёсьць прыярытэтам замежнай палітыкі Беларусі, таму і магчымасьці Захаду ўзьдзейнічаць на палітыку Менску даволі абмежаваныя.

На думку Паўла Фэльгенгаўэра, Беларусь сталася аб’ектам крытыкі за незаконы гандаль зброяй ня толькі ўласна за самы гэты гандаль, але і за сваю замежную палітыку ўвогуле”.

(Фэльгенгаўэр: ) “Калі Садам перадаў у ААН справаздачу пра свае ваенныя распрацоўкі, ён выкрыў некаторыя кампаніі, заходнія і расейскія, якія пастаўлялі яму розныя рэчы. Амэрыканцы гэтую частку справаздачы засакрэцілі і ня сталі паказваць яе нават нясталым сябрам Рады бясьпекі ААН. Ніхто ня хоча вялікага скандалу. Але праз пэўны час гэтыя факты стануць вядомымі. Зараз мэта Вашынгтону – не дапусьціць уцечак інфармацыі, якія б скампрамэтавалі тых, у кім Вашынгтон мае патрэбу у сытуацыі вакол Ірака. У Лукашэнку патрэбы няма, вось ён і папаўся”.

(Дракахруст: ) “Украінскі экспэрт Сяргей Згурэц лічыць, што рэакцыя на парушэньне санкцыяў ААН той ці іншай краінаю залежыць ня столькі ад маштабу парушэньняў, колькі ад стаўленьня да яе кіраўніцтва”.

(Згурэц: ) “У Баўгарыі перад уступленьнем у НАТО быў скандал, калі з Сафіі ў Багдад ішлі пастаўкі абсталяваньня, якое можа быць выкарыстанае на бронетранспартэрах. Там размова таксама ішла пра парушэньне санкцыяў, але такога ажыятажу, як у Ўкраіне, не было.

Калі мы паглядзім ААНаўскую справаздачу, якая тычыцца паставак зброі ў Ірак, то там фігуруюць ня толькі краіны Ўсходняй Эўропы, але і нямецкія, амэрыканскія, францускія, кітайскія, расейскія фірмы. У падобных кантактах удзельнічалі шмат краінаў. Але далёка не паўсюль гэта пераводзіцца ў палітычную плашчыню. Ва Ўкраіне важную ролю адыгрывае стаўленьне да кіраўніцтва, якое няздольнае правесьці дэмакратычныя рэформы. Тады ўзьнікае меркаваньне, што такое кіраўнітва можа зрабіцца пагрозаю. І тут ўжо ўзьнікае пытаньне і пра пантоныя масты, і пра “Кальчугі”, і пра іншае”.

(Дракахруст: ) “Былы супрацоўнік амэрыканскай амбасады ў Расеі Дональд Джэнсан мяркуе, што амэрыканская палітыка пры Джорджы Бушы сапраўды стала больш прагматычнай, як у адносінах да тых, хто супрацьстаіць ЗША, гэтак і да саюзьнікаў Амэрыкі”.

(Джэнсан: ) “Варта параўнаць падыход да Расеі Клінтана з падыходам Буша. Зараз у цэнтар ўзаемаадносінаў ЗША і Расеі пастаўленыя эканамічныя адносіны. Амэрыка гатовая спрыяць, напрыклад, інтарэсам “Лукойлу” ў Іраку ў абмен на супрацоўніцтва Масквы. І гэта – істотнае адрозьненьне ад палітыкі Клінтана. Клінтан хацеў, так бы мовіць, зрабіць Расею другой Амэрыкай. Падыход адміністрацыі Буша я б назваў больш прагматычным, нават больш цынічным, і таму ў цэнтры двухбаковых адносінаў знаходзяцца менавіта эканамічныя адносіны”.

(Дракахруст: ) “У размовах пра беларускі гандаль зброяй тэму Расеі абмінуць немагчыма. Дарэчы, у камэнтарах беларускага МЗС наконт інцыдэнту ў бэйруцкім аэрапорце ўтрымліваўся намёк на тое, што шлемафоны і радыёстанцыі маглі быць накіраваныя ў Ірак праз Беларусь з Украіны і з Расеі. Але значэньне расейскай пазыцыі не вычэрпваецца, зразумела, магчымым выкарыстаньнем Беларусі як пасярэдніка ў сумнеўных зьдзелках.

Калі казаць пра Ўкраіну, то паводле ваеннага экспэрта Сяргея Згурца скандал з “Кальчугамі” прывёў да збліжэньня Кіева з Масквою, прычым менавіта ў галіне гандлю зброяй”.

(Згурэц: ) “Вынікам шалёнага ціску, зьвязанага з “Кальчугамі”, стала ўзмацненьне супрацоўніцтва паміж украінскімі і расейскімі гандлярамі зброяй. На пачатку гэтага месяцу мусіла адбыцца сустрэча прадстаўнікоў “Укрспэцэкспарту” і “Росабаронэкспарту” дзеля выпрацоўкі супольнай стратэгіі на рынках зброі трэціх краінаў. Але ў любым выпадку ўкраінскія і расейскія гандляры зброяй кантактуюць паміж сабою больш шчыльна, чым прадстаўнікі Ўкраіны і Эўразьвязу. Украіна лічыць, што эўрапейскія правілы гандлю зброяй залішне жорсткія для Ўкраіны”.

(Дракахруст: ) “Як паўплываюць беларускія збройныя гешэфты на беларуска-расейскія адносіны? На думку Дональда Джэнсана, гэта ў значнай ступені будзе вызначацца амэрыкана-расейскімі адносінамі”.

(Джэнсан: ) “Калі я апошні раз быў у Вашынгтоне, я слухаў выступ амбасадара ЗША ў Расеі Вэршбоў ў цэнтры Карнэгі. Паводле яго меркаваньня, якое падзяляе і Белы Дом, стрыжань замежнай палітыкі Пуціна – гэта кардынальны паварот на Захад. Я згодны з гэтым меркаваньнем. Адсюль вынікае, што адносіны Масквы зь Менскам адыгрываюць другасную ролю ў расейскай замежнай палітыцы, яны залежаць ад гэтага магістральнага кірунку палітыкі Масквы. Разам з тым, Расея хоча прадэманстраваць сваю значнасьць Амэрыцы і Кітаю. Таму Масква будзе імкнуцца спалучыць збліжэньне з ЗША з гульнямі ў блізкім замежжы”.

(Дракахруст: ) “З вуснаў Сяргея Згурца мы чулі, што збройныя скандалы ва Ўкраіне прывялі да пэўнага збліжэньня Кіева з Масквою. Андрэй Фёдараў мяркуе, што нешта падобнае можа адбыцца і ў беларуска-расейскіх адносінах”.

(Фёдараў: ) “З аднаго боку, мне здаецца, Расеі гэта ня надта падабаецца, бо як ні кажы, а Беларусь – яе найбліжэйшы саюзьнік. Саюзная дзяржава, хай на паперы, а ўсё ж існуе. І таму дрэнныя дзеяньні Беларусі робяць кепскі адбітак і на РФ. З другога боку, калі на Беларусь будуць ціснуць заходнія краіны, дык гэта крыху выгадна Расеі, бо Беларусі больш туліцца няма куды. Яна ўсё бліжэй будзе падыходзіць да Расеі і ісьці насустрач яе патрабаваньням”.

(Дракахруст: ) “Паводле меркаваньняў нашых экспэртаў інцыдэнт у бэйруцкім аэрапорце наўрад ці будзе мець сур’ёзныя наступствы ў кароткачасовым перыядзе. Аднак у больш аддаленай пэрспэктыве, асабліва падчас і пасьля заканчэньня вайны з Іракам, значэньне гэтага выпадку можа стаць даволі істотным. І глыбіннаю прычынаю гэтага зьяўляецца нават ня гэты факт сам па сабе, а няздольнасьць Беларусі на чале зь яе цяперашнім кіраўніцтвам адпавядаць новай міжнароднай рэчаіснасьці”.
XS
SM
MD
LG