Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАМІЖ НЕПРЫЯЗНЫМ ЗАХАДАМ І ХЦІВАЙ РАСЕЯЙ”


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Нягледзячы на гучныя дэклярацыі пра інтэграцыю, стасункі Беларусі і Расеі разьвіваюцца ў дзіўны спосаб. Шмат тут залежыць ад кантактаў паміж прэзыдэнтамі краінаў, а яны цяпер вельмі дрэнныя”, – піша “Rzeczpospolita” ды адзначае, што пасьля тэрарэстычных замахаў 11 верасьня Пуцін намагаецца будаваць прыязныя стасункі з Захадам, а таму Лукашэнка, які ўвесь час грае ролю абаронцы расйескіх межаў ад варожага Захаду, яму цяпер ня толькі непатрэбны, але нават і шкодзіць.

Газэта піша, што для Расеі вельмі істотным у інтэграцыйным працэсе ёсьць пытаньне прыватызацыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, такіх як МАЗ ці прадпрыемствы хімічнай і нафтаперапрацоўчай галіны.

“Лукашэнка можа гандлявацца, але Пуцін мае паважную зброю – кран ад газавай трубы. Беларусь ня можа сплаціць сотні мільёнаў даляраў даўгоў за газ, нягледзячы нават на тое, што купляе гэтае паліва па нізкіх коштах”, – піша “Rzeczpospolita”.

“Не атрымаўся ў Лукашэнкі і так званы “паварот да Захаду”, хаця гэта мусіла быць напэўна толькі дэманстрацыя, спроба націснуць на Маскву – працягвае штодзёньнік, – беларускага лідэра не пусьцілі ў Прагу, а большасьць краінаў Эўразьвязу забараніла яму і шэрагу ягоных паплечнікаў уезд на сваю тэрыторыю”.

Газэта ўзгадвае і пра тое, як Лукашэнка дапамагаў чачэнскім уцекачам, якіх польскія памежнікі не пусьцілі ў сваю краіну. “Rzeczpospolita”, адзначае, што сям’я чачэнскай дзяўчынкі Алесі, якая нарадзілася ў Берасьці, аднак, не папрасіла прытулку ў Беларусі, але пазьней атрымала яго ў Польшчы, зь якой, як сказаў Лукашэнка, Менск спадзяецца на хуткае паляпшэньне адносінаў.

“Міжнародная сытуацыя, ў якой апынулася Беларусь, застаецца няяснай. Будучыня суспрацоўніцтва з Расеяй невядомая. Стасункі з Захадам замарожаныя. Стасункі з Польшчай нязначна лепшыя. Падаецца, што Менск ня ведае, як гэта зьмяніць. Ня ведаюць таксама Масква, Вашыгтон, Бэрлін і Варшава”, – падсумоўвае газэта.
XS
SM
MD
LG