Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫ НОВЫМ ПРЭЗЫДЭНЦЕ ПАЛІТЫКА ЛІТВЫ АДНОСНА БЕЛАРУСІ НЯ БУДЗЕ РАЗЫХОДЗІЦЦА З ЭЎРАПЕЙСКІМІ ПАДЫХОДАМІ


Уладзімер Глод, Менск

У Вільні, дзе пры канцы мінулага тыдня прайшла міжнародная канфэрэнцыя “У які бок рухаецца Беларусь?”, некаторыя літоўскія палітыкі й навукоўцы называлі новаабранага прэзыдэнта Літвы Раландаса Паксаса “прарасейскім палітыкам” і нават “літоўскім Лукашэнкам”. Таму я спытаў аднаго з паплечнікаў Паксаса Альвідаса Медалінскаса, ці плянуе новы кіраўнік Літвы зьмены палітыкі на беларускім кірунку?

(Медалінскас: ) “Разьвіцьцё палітыкі адносна Беларусі тычыцца ня толькі пункту гледжаньня таго ці іншага кіраўніка дзяржавы альбо МЗС Літвы. Перш-наперш, гэта тычыцца гатоўнасьці беларускага кіраўніцтва да зьменаў сваёй палітыкі адносна Эўразьвязу і тых рэкамэндацыяў, якія даюць міжнародныя арганізацыі, такія, як Рада Эўропы, Эўразьвяз, АБСЭ. Толькі скарыстаўшы магчымасьці, якія давалі й даюць гэтыя міжнародныя арганізацыі Беларусі, можна ісьці шляхам эўрапейскага развіцьця”.

Пэўныя спадзяваньні на зьмены ў палітыцы кіраўніцтва Беларусі спадар Медалінскас зьвязвае са зьменамі ў Расеі.

(Медалінскас: ) “Мы тут вельмі спадзяемся, што палітычныя ўлады Беларусі зразумеюць, што цяпер, калі нават Расея прытрымліваецца курсу на збліжэньне з Эўропай і з НАТО, калі такім жа шляхам ідзе Ўкраіна, дык Беларусь, калі яна не будзе нічога мяняць, апынецца ў ізаляцыі ня толькі ў Эўропе, а нават і ў СНД. Кантакты ж зь Беларусьсю, канечне, трэба падтрымліваць, і як мага больш актыўныя, дзеля таго, каб не ізаляваць тую частку грамадзтва, якая хоча блізкіх і добрых адносінаў і з суседзямі, і з Эўразьвязам, і мае пазытыўны погляд на адносіны з Эўропай”.

Не зьбіраюцца пакідаць па-за ўвагай літоўска-беларускія стасункі і іншыя парлямэнтары. Гаворыць дэпутат Сэйму Раса Юкнявічэне:

(Юкнявічэне: ) “Я ня думаю, што наш абраны прэзыдэнт пачне нейкую самастойную літоўскую палітыку наконт Лукашэнкі. Літва заўжды дзейнічала сумесна з Эўразьвязам, з эўраатлянтычнымі лідэрамі. Адносна Беларусі, я думаю, і ён працягне такую палітыку. Але, канечне, мы, асабліва кансэрватары, будзем глядзець на канкрэтныя справы. Мы будзем вельмі асьцярожна, вельмі ўважліва глядзець на тое, якія крокі прадпрымаюцца і ў які бок”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG