Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЫЛУЧАНЫЯ КАНДЫДАТЫ АД МЕНСКУ НА ЎДЗЕЛ ВА ЎСЕБЕЛАРУСКІМ СХОДЗЕ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ


Галіна Абакунчык, Менск

У менскім Палацы мастацтваў сабраліся некалькі соцень вядомых прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: пісьменьнікі, мастакі, журналісты, навукоўцы й палітыкі. Адкрываючы зьезд, сустаршыня аргкамітэту Аляксей Марачкін даў слова Сталіславу Шушкевічу, які распавёў пра непрыемны інцыдэнт: яшчэ ў кулюарах яго бяз дай прычыны ўдарыў Анатоль Белы.

Лідэр Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады назваў гэты ўчынак правакацыяй, а спадар Марачкін падкрэсьліў, што пытаньне бясьпекі грамадзянаў сход інтэлігенцыі Беларусі мусіць разглядаць як асобнае пытаньне. Гаворыць Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Ідзе напад на прадстаўнікў інтэлігенцыі: зьбілі Валерыя Мазынскага, Адама Мальдзіса, мастака Сурскага. І зусім сьвежы факт: жорстка зьбіты акадэмік Радзім Гарэцкі. Што гэта, выпадковасьць? — калі глядзець з таго часу, як зьбівалі дэпутатаў Вярхоўнага Савету”.

Сход інтэлігенцыі Беларусі мае адбыцца адбыцца 16 лютага. Да гэтага часу Менск і кожная з шасьці абласьцей павінныя вылучыць сваіх кандыдатаў на ўдзел у форуме: па 50 чалавек з рэгіёнаў і 200 ад сталіцы. Такім чынам, менскі арганізацыйны сход у нядзелю абраў сваіх вылучэнцаў, сярод якіх такія вядомыя асобы, як Васіль Быкаў, Янка Брыль, Радзім Гарэцкі й многія іншыя.

Удзел у агульнабеларускім сходзе намерваецца ўзяць і нядаўні амбасадар Беларусі ў Японіі Пётар Краўчанка, які назваў беларускую інтэлігенцыю апошняй надзеяй на дэмакратызацыю грамадзтва й выратаваньне роднай мовы. Гаворыць Пётар Краўчанка:

(Краўчанка: ) “Пакуль яшчэ ня ведаю, у якой якасьці, але я заўсёды з інтэлігенцыяй быў, ёсьць і буду”.

Агульнабеларускі сход інтэлігенцыі ёсьць першай спробай аб’яднаньня й кансалідацыі найлепшых сілаў краіны дзеля захаваньня палітычнай і нацыянальнай незалежнасьці краіны. Калі меркаваць паводле пачатку працы, гэтая ідэя атрымала станоўчы рэзананс, — кажа сустаршыня аргкамітэту Ўладзімер Колас.

(Колас: ) “Мы адчулі, што гэта проста вісіць у паветры, гэтая неабходнасьць сабрацца разам. І гэта грамадзянскі ўчынак кожнага, бо мы добра ведаем, як сёньня нашымі ўладамі проста выкарыстоўваецца страх”.

Удзельнікі нядзельнага сходу таксама прынялі адмысловую рэзалюцыю і ў зьвязку са зьбіцьцём Радзіма Гарэцкага, у якой запатрабавалі адстаўкі кіраўніцтва менскай міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG