Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОД ТАМУ ЗЬНІК ВІЦЕБСКІ АПАЗЫЦЫЯНЭР ЮРАСЬ КОРБАН


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Апошняе, што дакладна вядома пра лёс Юрася Корбана — гэта факт ягонага зьнікненьня з уласнае кватэры 19 студзеня 2002 году. Увечары ён патэлефанаваў бацькам, што неўзабаве да іх прыедзе, аднак болей яны яго ня бачылі.

Маці зьніклага, спадарыня Ніна, распавядае, што назаўтра ў ягонай кватэры яны з бацькам знайшлі толькі сьвежы акт службы “Ахова”. Дакумэнт сьведчыў, што ў вечар зьнікненьня на кватэры ў зьніклага спрацавала ахоўная сыгналізацыя. Праўда, ахоўнік ніколі ня мае права заходзіць у такую кватэру, а тым болей пакідаць яе без нагляду… Аднак бацькам Корбана патлумачылі, што той ахоўнік быў малады і недасьведчаны, таму й перавысіў службовыя паўнамоцтвы.

Ніна Корбан казала яшчэ, што праз колькі дзён Юрась размаўляў зь ёй па тэлефоне. Аднак ні гэтыя, ні ўсе іншыя зьвесткі не паспрыялі міліцэйскаму вышуку. 12 красавіка 2002 году справа пра зьнікненьне Юрася Корбана, якую завёў Чыгуначны райаддзел міліцыі, была прыпыненая з-за адсутнасьці новых фактаў. Аднак маці абскардзіла гэтую пастанову, і справа была адноўленая.

З 21 сакавіка мінулага году да пошукаў Юрася Корбана далучыўся і сьледчы аддзел упраўленьня дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КГБ. Сябры Юрася Корбана згадваюць, што апошнія некалькі месяцаў перад зьнікненьнем ён быў падпаў пад пільную ўвагу гэтае ўстановы.

Паводле словаў Васіля Ігнаценкі, аднаго з актывістаў моладзевага цэнтру, следчыя Камітэту фінансавых расьсьледаванняў спрабавалі давесьці датычнасьць “Контуру” да захопленых міліцыяй перад верасьнёўскімі прэзыдэнцкімі выбарамі 5 тысяч футболак з надпісам “Скажы дурню не”.

На сёньняшні дзень справа вышуку Юрася Корбана працягваецца. Пра гэта заявіў намесьнік начальніка Чыгуначнага райаддзелу міліцыі Міхаіл Папоў. Аднак ні ён, ні сьледчы Аляксандар Харытановіч аніякіх камэнтароў журналістам не даюць, і зьнікненьне віцебскага апазыцыянэра па-ранейшаму застаецца нераскрытым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG