Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МІНІСТЭРСТВЕ СПОРТУ РЫХТУЮЦЦА ДА КАДРАВЫХ РАТАЦЫЯЎ


Ігар Карней, Менск

Адным з найбольш рэальных прэтэндэнтаў на пасаду міністра спорту называюць былога міністра ўнутраных справаў, а зараз кіраўніка таварыства “Дынама” Юрыя Сівакова. Праўда, раней была інфармацыя, што на міністэрскую пасаду вылучаюць і трохразовага алімпійскага чэмпіёна Ўладзімера Парфяновіча, каб такім чынам занадта актыўнага дэпутата адцягнуць ад палітыкі. Аднак У. Парфяновіч абвяргае гэта. Паводле спадара Парфяновіча, ва ўрад ужо накіраваныя на зацьверджаньне дакумэнты на Ю.Сівакова як будучага міністра спорту. І гэтае прызначэньне — справа найбліжэйшага часу, — кажа ён.

У таварыстве “Дынама” пакуль не пацьвярджаюць, але і не абвяргаюць інфармацыю пра хуткае новае прызначэньне Юрыя Сівакова. Гаворыць прэсавы сакратар Юрыя Сівакова Яўген Паўлоўскі:

(Паўлоўскі: ) “Мяркую, на гэтым тыдні ўсё і адбудзецца; напрыканцы тыдня, хутчэй за ўсё. Але, каб вы ведалі, прэзыдэнт, як звычайна, можа зрабіць і наадварот. Напярэдадні называюцца адны кандыдатуры, а зьяўляецца загад, а разам зь ім і зусім іншыя людзі”.

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка цалкам дапушчае, што А.Лукашэнка зацікаўлены, каб спортам кіраваў былы сілавік, які раней бесьпярэчна выконваў загады кіраўніка дзяржавы.

(Даўжэнка: ) “Так, гэта, хутчэй за ўсё, адбудзецца найбліжэйшым часам. Зрэшты, да падобнага ўсё ішло. Ды аб чым гаварыць: навокал суцэльныя пагоны, эпалеты, лямпасы”.

Прадстаўленьне новага міністра можа адбыцца ўжо ў часе традыцыйнай прэзыдэнцкай лыжні, якая штогод праводзіцца ў Раўбічах і на якую ў прымусовым парадку накіроўваюцца ўсе чыноўнікі з Лукашэнкавага атачэньня.
XS
SM
MD
LG