Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХОЧАШ ВЫЕХАЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСІ — ПЛАЦІ


Ганна Соусь, Менск

Грамадзянін Літвы Віктар Завадзкі паходзіць зь Беларусі. Ён часта наведвае сваю маці, якая жыве ў вёсцы Магенцы ў Іўеўскім раёне. На мінулым тыдні Віктар чарговы раз вяртаўся са сваёй дачкой ад маці ў Вільню й быў вельмі зьдзіўлены, калі пры перасячэньні мяжы зь яго й дачкі запатрабавалі заплаціць па 3 эўра.

(Завадзкі: ) “На памежным пункце Геранёны нам сказалі, што трэба плаціць 3 эўра. І многія людзі ня мелі гэтых грошай. І нас выратавала толькі тое, што кіроўца пазычыў грошы, і мы заплацілі гэты збор і перасяклі мяжу. І памежнікі не пускалі, гаварылі, што пакуль не заплацім гэты збор, нас не прапусьцяць. У аўтобусе было чалавек 20. Нам прыйшлося заплаціць на мяжы болей, чым каштаваў сам квіток. Нам сказалі, што гэта пастанова ўраду Беларусі”.

Як патлумачыў Радыё Свабода загадчык фінансавага аддзелу Іўеўскага райвыканкаму Іван Салейка, зьбіраючы на мяжы зь людзей грошы, мясцовыя ўлады дзейнічалі цалкам законна.

(Салейка: ) “Гэта прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь аб бюджэце на 2003 год. Хто мяжуе зь Літвой і Польшчай, ва ўсіх раёнах — Сьвіслацкі, Бераставіцкі, Гарадзенскі, Воранаўскі, Іўеўскі, Ашмянскі й Астравецкія раёны — для беларусаў па 1,5 эўра, а для замежнікаў — па 3 эўра. Летась кожны раён прымаў сваё палажэньне, а сёлета ўжо вобласьці прынялі такія палажэньні, але пакуль нам яго не даслалі, яно знаходзіцца ў Міністэрстве юстыцыі на ўзгадненьні”.

(Карэспандэнтка: ) “А куды потым накіроўваюцца гэтыя грошы?”

(Салейка: ) “У раённы бюджэт на сацыяльную сфэру”.

(Карэспандэнтка: ) “А што гарантуе людзям гэтая плата?”

(Салейка: ) “А нічога не гарантуе”.

Прыкладам, у Ашмянскім раёне яшчэ не пачалі браць зь людзей мясцовы збор паводле новых правілаў, там пакуль чакаюць з вобласьці канчатковага палажэньня аб мясцовых зборах. І таму на прапускным пункце Каменны Лог пасажыры аўтобусаў яшчэ ня плацяць новы падатак. Адметна, што гэткія зборы бяруць толькі на беларускай тэрыторыі. Як паведамілі Радыё Свабода ў службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы, за перасячэньне літоўскай мяжы плаціць ня трэба.

А паводле палкоўніка Ўладзімера Дзеравянкіна з Камітэту памежных войскаў Беларусі, мясцовыя зборы хутка давядзецца плаціць на ўсіх межах Беларусі, апроч расейскіх. Але ж пакуль гэта дзейнічае толькі на беларуска-літоўскай мяжы.

У фінансавым упраўленьні Берасьцейскага райвыканкаму Радыё Свабода паведамілі, што яны зараз толькі рыхтуюцца да ўвядзеньня мясцовых збораў за перасячэньне мяжы з Польшчай, і яшчэ ня вызначыліся зь іхнымі памерамі.

Сытуацыю камэнтуе былы намесьнік старшыні Канстытуцыйнага Суду Беларусі Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Што тычыцца законнасьці гэтай акцыі, то яна цалкам законная, паколькі прадугледжаная Законам аб бюджэце. А што тычыцца памераў збору за перасячэньне мяжы для нашых грамадзянаў пры іх прыбытках, то, канечне, на мой погляд, гэта пытаньне — асабліва для тых, хто часта езьдзіць у сувязі з тым, што жыве на мяжы й мае родных. Проста зразумела, што зараз ёсьць праблемы зь бюджэтам, і асабліва зь мясцовым бюджэтам. Трэба проста кожны раз, уводзячы такія зборы, глядзець, наколькі гэта рэальна, і як адаб’ецца на матэрыяльным становішчы нашых грамадзянаў”.
XS
SM
MD
LG