Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК І ЧАМУ Ў ЗША ЎЗЬНІКЛА ТРАДЫЦЫЯ ДВУХ ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ТЭРМІНАЎ


Алеся Сёмуха, Вашынгтон

Асоба Джорджа Вашынгтона была неверагодна харызматычная і папулярная і перад прэзыдэнцтвам, і падчас яго. Выявы Вашынгтона былі паўсюдна: на манетах, посудзе, карцінах і сурвэтках. Ён быў героям вайны за незалежнасьць і пабудовы дзяржавы. І раптам, пасьля двух тэрмінаў кіраваньня, Джордж Вашынгтон публікуе разьвітальны артыкул да народу ЗША. У артыкуле ён абвясьціў, што ня будзе выстаўляць сваю кандыдатуру на наступны тэрмін прэзыдэнцтва. З часу публікацыі разьвітальны ліст набыў у амэрыканскай гісторыі статус, амаль роўны з такімі дакумэнтамі, як Дэклярацыя незалежнасьці і Гэтызбурскі Зварот, бо ён акрэсьліў фундамэнтальны прынцып ратацыі ўлады і рэспубліканскіх каштоўнасьцяў.

Першы прэзыдэнт незалежнай дзяржавы не хацеў паўтараць памылак эўрапейскіх манархіяў, дзе тэрмін улады абмяжоўваўся толькі біялягічным жыцьцём і манарх ці ўзурпатар перажываў сваю палітыку і пасаду. Любы прэзыдэнт у сваёй сутнасьці замяняльны. Джордж Вашынгтон паказаў прыклад сваім суайчыньнікам, як утрымаць нацыянальнае адзінства і мэты дзяржавы ня проста безь яго пэрсанальна, але без манарха ў прынцыпе.

Паколькі Злучаныя Штаты ня мелі папярэдняй гісторыі дзяржаўнасьці, дзяржаўная палітыка будавалася на прэцэдэнце. Адмова ад трэцяга прэзыдэнцкага тэрміну сталася тым прэцэдэнтам, які да прэзыдэнцтва Франкліна Рузвэльта ў 1940 годзе не парушыў ніхто. А ў 1955 годзе двайны прэзыдэнцкі тэрмін быў заканадаўча замацаваны як 22 папраўка да Канстытуцыі.

Джордж Вашынгтон для амэрыканцаў – гэта высокі прыклад лідэра, якому можна было даверыць уладу, таму што ён быў заўсёды гатовы яе аддаць.
XS
SM
MD
LG