Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Разанаў: “Я птушка, якая ляціць”


Валянціна Аксак, Менск

(Алесь Разанаў: ) “Падарожжа Альжбэты па родным краі.

— І трэба ж!.. — не перастае зьдзіўляцца Альжбэта.
Учора яна падалася зь сябрынай выдатных калгасьнікаў і калгасьніц
у падарожжа па родным краі,
і малады настаўнік ім адкрывае вочы на тое, што ёсьць.

І бачыць Альжбэта, што іхныя хаты ня проста хаты, а ўпісаныя ў абсягі
нябёсаў саборы,
што боханы хлеба, якія яны купілі на кірмашы, разгорнуты, нібы кнігі,
і важкія словы выкладзены на іх,
што іхняя рэчка Малечка ўвабралася ў веліч і маляўніча плывуць па ёй
зараз з узьнятымі ветразямі чаўны…

— А я і ня ведала, што так гожа лучацца Долы з Высокім, звыклае зь
незвычайным, тое, што бачыцца мне, са мной, — прызнаецца Альжбэта,
а іхні настаўнік, пасьміхаючыся, тлумачыць:
— Яшчэ мы ня скончылі падарожжа, мы толькі яшчэ пачалі адкрываць свой край!..”


(Валянціна Аксак: ) “Вэрсэт, які вы чулі ў аўтарскім выкананьні, напісаны паэтам у Нямеччыне. Аднак настрой твору — абвострана настальгічны. Неспазнаная радзіма самымі яркімі вобразамі прыходзіць зазвычай у замежныя сны. Пра адчуваньні паэта, якія два апошнія гады жыў за мяжой, мы гутарым з Алесем Разанавым.

Шмат хто зь пісьменьнікаў жыў і жыве не на радзіме. Адныя, да прыкладу, чэх Мілан Кундэра зьехаў з Прагі ў Парыж не па сваёй волі, а іншыя, як амэрыканец Эрнэст Гемінгуэй, які жыў доўга у Парыжы толькі таму, што гэты горад яго вабіў і абуджаў творчыя сілы. І абодва не лічылі сябе эмігрантамі. Твой двухгадовы побыт у Нямеччыне не падобны ні да воднае з гэтых сытуацыяў. Ці адчуваў ты сябе эмігрантам?”

(Разанаў: ) “Не, не эмігрантам, а беларусам у Нямеччыне. Ну, і яшчэ творцам”.

(Аксак: ) “Што дае пісьменьніку жыцьцё ня дома такі працяглы час? Гэта яго ўзбагачае, абядняе? Што паказвае твой досьвед?”

(Разанаў: ) “За гэты час, два гады, я неаднойчы наведваўся ў Беларусь. А калі адказваць канкрэтна на пытаньне — то і ўзбагачае, і абядняе. Узбагачае ў тым сэнсе, што гэта новая рэчаіснасьць, зь якой ты супрацоўнічаеш, якую засвойваеш, на якую рэагуеш. Абядняе ў тым сэнсе, што абрываюцца, адсутнічаюць тонкія сувязі з айчынай на ўзроўні капіляраў, скажам так”.

(Аксак: ) “Ці адрозьніваецца (і калі так, то якім чынам) статус паэта цяпер тут, у Беларусі, і там, на Захадзе?”

(Разанаў: ) “Гэта розныя статусы. Там паэт упісаны ў сацыяльныя асяродкі, ён — адзін з многіх, можна так сказаць. І яго прафэсія, паэт — гэта ня тое, што больш, чым прафэсія. Гэта менш, чым прафэсія. У яго пытаюцца: ну, добра, паэт, а колькі ты там зарабляеш, колькі падаткаў плаціш? Тут паэт мае, безумоўна, большую ролю. Ён адначасна з тым, што мае прафэсію, ён яшчэ мае нейкую місію, місію, якая да канца невядомая, можа быць, нават яму самому”.

(Аксак: ) “Ты лічыш, што гэтая місія паэта яшчэ ня страчаная тут?”

(Разанаў: ) “Яна дарэшты нідзе ня страчаная — і тут, і там, на Захадзе. Проста паэт тут і там працуе з рознымі рэчаіснасьцямі. Там рэчаіснасьць дагледжаная, ураўнаважаная, і таму яна для паэта і апора, і перашкода адначасова. Тут жа няроўная, паламаная рэчаіснасьць, яна — перашкода для творцы, але яна нейкім чынам і апора адначасова. Таму што паэзія ня ёсьць простым адлюстраваньнем рэчаіснасьці, гэта заўсёды пераадольваньне яе”.

(Аксак: ) “Ізноў паэт чытае народжаныя ў Нямеччыне вэрсэты”.

(Разанаў: ) “Драпежная птушка

Драпежная птушка садзіцца на плот і ўсчыняе са мною сваю размову.
Блішчыць яе цёмнае вока, і востра ў дрэва ўцінаюцца кіпцюры.

Яна прыцягнулася ўладна абсягам, дзе я пільную пакінутыя сядзібы, і я ёй прыношу ежы. Якою жыўлюся і сам.

Аднак яна не бярэ яе: гэта ня тая ежа, якую яна асягае ў сваім непасьціжным палёце і якая яе вызваляе з-пад цёмнай улады зямлі.

Тады я наломваю ў жменю і падаю ёй сярнічных галовак: пэўна, гэта зусім ня ежа, але адну за адною драпежная птушка зьдзёўбвае іх.

— Ляцім!.. — яна ўскліквае, зрушваючыся, і зь дзюбы, бы корміць нядужае птушаня, у рот мне ўкладае часьцінку прынятага ёй пачастунку —
і я, супадаючы зь нечым, дагэтуль утоеным, бачу: нібы ў зярнятах, прастора ў зыркіх іскрынах,
і чую: сядзібы — у галасах.

***

Самая большая навіна ўжо нам вядомая адпачатку, і, нібы дарунак, у словы ўкладаецца загадзя водгук.

Мы ў зьменах, і, быццам няскончаны твор, не супадаем з сабой, і пакуль, вымаўляючы, удакладняем,
хто і нашто мы, трымае наводдалі нас наступнасьць,
але калі то адной, то другою сваёю думкай угадваем першазадуму, зь бездані звоніць, яе выяўляючы,
звон, а ў цемры запальваецца вясёлка”
.

(Аксак: ) “У Нямеччыне Алесь Разанаў меў надзвычай насычанае творчае жыцьцё. Паэт прызнаецца, што засвойваў новую для сябе прастору з зацятасьцю сейбіта, якому, пакуль не насталі халады, трэба ўзараць цаліну, ці фабрычнага працаўніка, які мусіць штодня зрабіць пэўную колькасьць дэталяў.

Пры канцы духгадовага шчыраваньня Разанаў меў пульхную тэчку вершаў ва ўсіх прыдуманых ім яшчэ раней новых для беларускай літаратуры жанрах. Адзін зь якіх увасобіўся ў выдадзеную там кнігу, якую паэт назваў проста і ёміста — “Гановэрскія пункціры”.

Уражаньнямі ад народжаных у Нямеччыне вершаў беларускага паэта я прашу падзяліцца літаратуразнаўцу Ганну Кісьліцыну, якая, дарэчы сваю кандыдацкую дысэртацыю абараніла па творчасьці Алеся Разанава.

Але найперш, Ганна, давайце высьветлім наогул статус Разанава ў сучаснай беларускай паэзіі, бо адныя яго называюць традыцыяналістам, іншыя — нястомным наватарам”.

(Ганна Кісьліцына: ) “Складана ўявіць сабе беларускага пісьменьніка, які б выглядаў натуральна ў ляўровым вянку. Хіба што Алесь Разанаў, які, здаецца, клясыкам нарадзіўся. Нават зьнешне ён нагадвае антычную скульптуру — ня столькі абрысамі твару, колькі ўменьнем выглядаць дынамічна, застаючыся на адным месцы. Не паэт рухаецца ў “каардынатах быцьця”, а яны перасоўваюцца — адносна яго асобы.

Да гэтае высновы прыходзіш, трымаючы ў руках новую кнігу — “Гановэрскія пункціры”, задуманую й напісаную як лірычны штодзёньнік падчас яго знаходжаньня ў Нямеччыне.

Паэзія Разанава доўгі час ўвасабляла ў беларускай літаратуры ідэю руху. Згадайма — “я той, хто шлях і хто па ім ідзе...” Адсюль і вызначэньні — наватар, авангардыст, рэфарматар паэтычнай мовы... Таму вельмі дзіўна чытаць на вокладцы словы нямецкае літаратуразнаўцы Ілмы Ракуза: “Радыкальнасьць Разанава прыходзіць у вопратцы ўяўнай прастаты, манернасьць і экспэрымэнты ёй далёкія...” Адразу супраціўляесься — не расчыталі, не зразумелі. Толькі адкрыўшы кнігу, згадваеш нібы забытае — Разанаў ня толькі стваральнік, але й захавальнік традыцыяў”.

(Аксак: ) “Што гэта за жанр такі — пункціры?”

(Кісьліцына: ) “Пішучы пра “Гановэрскія пункціры”, беларуская літаратуразнаўца Ева Лявонава прыгадала знакамітага японца Мацуо Басё. Параўнаньне даволі спрэчнае — разанаўскія пункціры гэта хутчэй “анты-хоку”, “хоку навыварат”, бо сам паэт выступае сёньня супраць кананізацыі мэтрыкі. “Не бугальтэрыя, і не матэматыка... Паэзія павінна ісьці ад касьмічнага лёгасу, а не ад лягарыфму”, — так вытлумачвае Разанаў сваю нелюбоў да складалічэньня, абавязковага для клясычнай японскай паэзіі.

Як бы там ні было, але “заціснутыя” рытмікай хоку і разьняволеныя пункціры збліжаюцца ў сваіх мэтах — перадаць настрой, абудзіць уяўленьне, выклікаць лірычнае хваляваньне. Гэта спроба зафіксаваць невэрбальны пачуцьцёвы вопыт, спроба стасункаў бяз словаў”.

(Аксак: ) “Ці адрозьніваюцца разанаўскія пункціры, напісаныя ў Нямеччыне, ад тых, якія паэт пісаў тут?”

(Кісьліцына: ) “Некалі ў сваіх “зномах” паэт заклікаў глядзець на сьвет з вышыні арлінага палёту. Разанаў у Гановэры — беларускі мураш у нямецкім мурашніку. Ён глядзіць ня зьверху ўніз, а зьнізу ўверх, зь зямлі ў неба. Таму так многа ў гановэрскім дзёньніку замалёвак, прысвечаных птушкам і зоркам, чарапічным дахам і вершалінам дрэў, маленькім пухнатым аблачынкам і нечаканым кроплям дажджу. Аднак, як слушна заўважае той жа нямецкі крытык, прыродны містыцызм Разанава нельга блытаць зь местачковай наіўнасьцю.

Зразумела, што невялічкі памерам пункцір ня здольны даць шматбаковага адлюстраваньня, прасторава разгарнуць думку. У зьяве яго цікавіць толькі кульмінацыйны момант. Як, напрыклад, у такім пункціры:

Чмель адлятае.
“Ужо?!” —
уздрыгвае кветка.


Разанаў любуецца кволым, безабаронным, асуджаным на забыцьцё. Сваімі пункцірамі паэт сьцьвярджае за малым права на жыцьцё, на памяць. Яго замалёўкі — ня столькі дзёньнік, колькі камэнтары на яго бачынах. “Гановэрскія пункціры” адлюстроўваюць рэчы й зьявы настолькі дробныя, што бачныя толькі “сьвежаму” воку вандроўніка.

Ці, магчыма, гэта сам паэт разьбівае прыродную неперарывістасьць сьвету, каб спыніць і захаваць — імгненьне. Аўтар не апісвае лінейна тое, што бачыць, а вылучае дэталі пэйзажу, гукі й пахі, спрабуючы выклікаць у чытача тыя ж перажыванні, што меў сам.

Некалі Лотман казаў: “Што не дыскрэтна, тое не культура”. Перарывістасьць пункціраў — ускоснае пацьверджаньне заходняй скіраванасьці разанаўскай паэзіі. Аднак яго эўрапейскасьць пазбаўленая рацыяналізму. Ды й увогуле — нават рэшты прагматызму й карысьлівасьці.

Задача, якую ставіў перад сабой паэт, рыхтуючыся да вандроўкі ў Нямеччыну, навідавоку. Адчуць рэха новай прасторы, упісацца ў колазварот навакольнага сьвету, знайсьці суаднесенасьць зь ім у рытмах уласнага арганізму. У “Гановэрскіх пункцірах” паэт выяўляе і артыкулюе тоеснасьць навакольнай прыроды з той прыродай, якую мы носім у сабе”.

(Аксак: ) “Калі ў “Гановэрскіх пункцірах” Ганна Кісьліцына пачула рэха новай для Разанава навакольнай прасторы, то ў ягоных гановэрскіх вэрсэтах наадварот — нямецкія абшары абудзілі беларускую terra incognita”.

(Разанаў: ) “Лясьнік Амелька

Лясьнік Амелька чытае ўначы старую сьвятую кнігу і ў ёй вычытвае, што ён сёньня памрэ.

Ён зачыняе наглуха дубовыя аканіцы, замыкае на засаўку і завалу дзьверы, убівае ў сьцяну лесьніковы

свой нож і кладзецца на лаву спаць.

І чуе праз сон. Як нехта настойліва стукаецца ў дзьверы і ў аканіцы, як за сьцяною блукаюць

трывожныя галасы, але абудзіцца ня можа.

Ён сьпіць і ня ведае, што з-пад зямлі прабілася раптам чырвоным вірлівым патопам крыніца, што

навакольныя вёскі ўжо ў ад’езьдзе і што яго хата ў крыві.

У НЕВЯДОМАЙ ДАЛЁКАЙ СЯДЗІБЕ

Зь няскоранасьці спрабую выкаваць зброю, але пад наглядам палі і ляды, і на дарогах вораг.

Старыя знаёмцы хаваюць твары, і вокны будынкаў у аканіцах.

Я адыходжу ў пярэдадзень.

За плячыма, чакаючы, што перайначыцца час, застаюцца нямымі хаўрусьнікамі магілы.

У невядомай далёкай сядзібе, зродненай зь нетаропкай людзкою гаворкай і гаманою дзіцячай, нанова пачну свой шлях”
.

(Аксак: ) “Зваротная сувязь паэта з чытачом у нас і ў на Захадзе. Доўгі час у нас яна ішла праз пэрыёдыкі. Але якраз за час тваёй адсутнасьці тут дзяржаўныя літаратурныя часопісы ў ранейшым выглядзе зьліквідаваныя. Ты як чалавек, які працаваў у адным з самых цікавых выданьняў — “Крыніцы”, як успрыняў гэтыя перамены ў літаратурным працэсе Беларусі?”

(Разанаў: ) “Апроч недаўменьня і абурэньня ніякіх іншых пачуцьцяў у мяне на гэты конт няма. І мне шкада страчаных магчымасьцяў, якія разгортваліся і ўвасабляліся ў часопісах, у прыватнасьці, у той жа “Крыніцы”. Калі вы нешта мяняеце, то — калі ласка, але дайце творцам большыя магчымасьці, большую патэнцыю. Але ў гэтым выпадку ўсё адбываецца наадварот — да зьмяншэньня, да ліквідацыі. Гэта абсалютна тупіковы і нецікавы працэс”.

(Аксак: ) “А як наладжаная зваротная сувязь пісьменьнікаў з чытачамі ў Нямеччыне? Кажуць, што часопісы там ужо даўно ня маюць той ролі, якую мелі да нядаўняга часу ў нас?”

(Разанаў: ) “Не, гэта абсалютна ня так. На Захаде існуюць літаратурныя часопісы, я сам друкаваўся ў некаторых зь іх і ведаю, што яны маюць даўнюю традыцыю і пачуваюцца ня згорш. Яны самі сабе вымалёўваюць пэрспэктыву. Безумоўна, для гэтага патрэбная мэтанакіраваная праца, высілкі, пошук аўтараў, твораў, супрацоўніцтва з аўтарамі. Мэханічна ўсё не прыходзіць. Часопісы там — гэта жывая зьява, жывая работа, як і сама творчасьць”.

(Аксак: ) “Твой перакладчык Оскар Анзуль распавядаў на прэзэнтацыі “Гановэрскіх пукціраў” пра ладжаныя ім у Гановэры літаратурныя чытаньні. Ці ня ўзьнікла ў цябе ідэі пасьля вяртаньня на радзіму паспрабаваць зрабіць нешта падобнае тут?”

(Разанаў: ) “Оскар Анзуль апроч таго, што ён паэт, перакладчык, ён яшчэ і прафэсійны чытальнік. Гэта яго ня проста гобі, гэта яго прафэсія. Асноўная прафэсія. Калі б тут знайшоўся такі чалавек ды ўзяўся за гэтую справу, я б вітаў яе. Але сам яе не пацягну, відавочна”.

(Аксак: ) “Зь яго расповедаў выглядала, што літаратурныя чытаньні — гэта вельмі эфэктыўная форма падачы новых твораў чытачам, зацікаўленьня публікі”.

(Разанаў: ) “Так, я маю таксама досьвед такіх зносінаў з чытачамі і ў Гановэры, і ў іншых гарадах Нямеччыны. Былі гэта і проста чытаньні, і прэзэнтацыі новых кнігаў. Пытаньні ці водгукі,якія ішлі ад людзей, уражвалі. “Вось, вы чытаеце на беларускай мове, а мне здаецца, што я ўсё зразумела”. Ці такое пытаньне. “Адзін і той самы твор, а якое рознае гучаньне па-беларуску і па-нямецку. Чаму так?”

Паэзія, апроч сваёй канкрэтнай мовы, яна яшчэ мае першамову, якая якраз і праяўляецца падчас такіх чытаньняў. Мой стыль чытаньня вершаў не падобны да нямецкага і, магчыма, гэта таксама прываблівала слухачоў. Таму што там больш такое ўраўнаважанае, акадэмічнае чытаньне. Посьпех чытаньняў залежыць яшчэ і ад таго, што творца ўкладае ў чытаньне: часьцінку сябе ці ўсю сутнасьць”.

(Аксак: ) “Часта нашыя крытыкі кажуць, што вось год прайшоў, а літаратурных адкрыцьцяў зноў не адбылося. Збоку, на адлегласьці ад сваёй і побач зь іншаю літаратураю, відаць, можна зрабіць сякія-такія параўнаньні. Якая яна, нашая сучасная паэзія на тле нямецкае?”

(Разанаў: ) “Параўнаньні заўсёды цяжка рабіць, таму што трэба быць глыбока дасьведчаным у абедзьвюх зьявах. Але наколькі я бачу, беларуская паэзія ня менш цікавая, чым нямецкая. Проста розьніца ў рэчаіснасьцях. Нямецкая паэзія мае справу з адной рэчаіснасьцю, беларуская — з другой. І безумоўна, паэзія і рэчаіснасьць — гэта ня два паралельныя паняцьці, гэта амаль што адно. Рэчаіснасьць — гэта заўсёды тая матэрыя, якая насычае паэзію. Ну дык нямецкая рэчаіснасьць трохі прайшла далей. Але ў сэнсе якасьці, таленавітасьці твораў беларуская паэзія, далібог, не ўступае ёй”.

(Аксак: ) “Апошняе пытаньне. Кім ты зараз больш сябе пачуваеш? Беларусам? Эўрапейцам? Чалавекам сьвету? І ці мае гэта значэньне для сучаснага творцы?”

(Разанаў: ) “Паміж гэтымі паняцьцямі няма жорсткага разьмежаваньня. А можа нават і зусім няма разьмежаваньня. Я пачуваюся беларусам і эўрапейцам, і чалавекам сьвету, а можа быць і Сусьвету. І застаюся пры гэтым сам сабою. Ну, відаць, для творцы, для паэта заўсёды гэта мае вялікае значэньне — заставацца самім сабою, знаходзіць самога сябе, здабываць самога сябе і ўмяшчаць у сябе сьвет,Сусьвет, Космас. І я адчуваю сябе ўсё больш невядомай велічынёю, усё больш невядомай зьявай. Можна сказаць –— птушкаю, якая ляціць.

Птушка ляціць

Мы не ў самоце і не ў грамадзе;
калі б мы змаглі, бы ў свой дом, увайсьці ў сарцавіну самоты, нам
адамкнуліся б далячыні і

безназоўнае нам падало б свой голас, аднак мы ў пярэдадні,
і прадметы нам саступаюць дарогу,
і засьціць відушчасьць, зь яе выпадаючы ў круг навакольля, зрок.

Мы ўмеем заўсёды мець, і ўвабралі гэтую звычку ў сябе нашы паводзіны дбайна, але амаль не ўмеем ня

мець: бы зь зямлёю, зрасьліся мы сутнасьцю зь целам, і ў поцемках, што
ўсталяваліся, не адрозьнім,

дзе я, дзе маё.

Часткі валодаюць нашай развагай, а ўвагай — здарэньні, але ці на ўздыме, ці
спадзе, ці зломе, ці

павароце нам аб’яўляецца шчодраю весткай пра тое, што ёсьць, і адкрывае
саміх нас звычайнае, і мы

бачым:
сьвеціцца сонца, трава зелянее, птушка ляціць.


Рымская дарога

Грувасткія важкія камяні ўклаліся ў дол…

І калі я прыходжу да іх, паволі яны скранаюцца зь месца і за абсягі
зьнямелых стагодзьдзяў вядуць

сустрэчу, і ў ёй супадае, дзелячыся сабою, тое, што ўмее назвацца, і што бяз
назвы зусім.

Гэтак складаецца верш, і паэту ён — перамога, а дзе перамога — там Рым,
але той, хто прыходзіць да

крайняга каменя рымскай дарогі, сябе забірае з пройдзенага,
і нічога ня ведае ўжо нават верш аб ім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG