Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ АДБЫЛОСЯ ДЗЯВЯТАЕ ПАСЕДЖАНЬНЕ ПОЛЬСКА-БЕЛАРУСКАЙ КАМІСІІ Ў СПРАВАХ ГАСПАДАРКІ І ГАНДЛЮ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Польска-беларуская гаспадарчая камісія ёсьць міждзяржаўным працоўным органам, які зьбіраецца прыкладна раз на год, каб вырашаць актуальныя праблемы эканамічнага супрцоўніцтва паміж Польшай і Беларусьсью. Сёлета прадстаўнікі беларускай дэлегацыі на чале зь віцэ-прэм’ерам ураду Андрэем Кабяковым абмеркавалі з польскім бокам шэраг пытаньняў, зьвязаных з супрацоўніцтвам, у прыватнасьці, у сфэрах сельскай гаспадаркі, фінансаў і транспарту.

У выніковым пратаколе, сярод іншага, ідзе гаворка пра перагляд да 3 сакавіка міжурадавага пагадненьня, якое дазваляла беларускім перавозчыкам ўвозіць у Польшчу паліва ў паліўным баку без падатку – цяпер колькасьць непадаткаванага паліва ня зможа перавышаць 200 літраў. Польскі бок запрапанаваў пабудову 5 новых памежных пераходаў на мяжы зь Беларусьсю. Было абмеркаванае таксама пытаньне магчымага пераносу даты ўвядзеньня візаў для грамадзянаў Беларусі ў сувязі з тым, што Польшча далучыцца да Эўразьвязу на 4 месяцы пазьней – ня 1 студзеня, а 1 траўня.

Намесьнік міністра гаспадаркі, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы спадар Яцэк Пехота адзначыў, што ягоная краіна зробіць усё, каб па далучэньні да Эўразьвязу беларускія тавары, а гэта ў асноўным угнаеньні, ня мелі абмежаваньняў на польскім рынку.

Андрэй Кабякоў, у сваю чаргу, заявіў, што Беларусь, нягледзячы на пабудову саюзнай дзяржавы з Расеяй, таксама будзе надаваць шмат увагі гандлю з Польшчай. Летась аб’ём гандлёвага абмену паміж Польшчай і Беларусьсю склаў каля 500 мільёнаў даляраў, што, на думку абодвух бакоў, недастаткова. Беларускі віцэ-прэм’ер лічыць, што гэты аб’ём мусіць быць павялічаны прынамсі ўдвая.

(Кабякоў: ) “Мы лічым, што нашыя абароты павінны дасягнуць 1 мільярда даляраў – так, як зь Нямеччынай”.

Аднак ці гэта магчыма і што стрымлівае разьвіцьцё гаспадарчых кантактаў? Андрэй Кабякоў і Яцэк Пяхота, згодна заявілі Радыё Свабода, што абмежаваньні не вынікаюць з розьніцы палітычных і эканамічных сыстэмаў Польшчы і Беларусі. Гаворыць спадар Пяхота.

(Пяхота: ) “На маю думку, розныя палітычныя сыстэмы ня ёсьць тут асноўнай праблемай. Справа ў тым, што як у Беларусі, так і ў Польшчы яшчэ недастатковая колькасьць малых і сярэдніх фірмаў, якія робяць міжнародны гандаль больш разнастайным і падвялічваюць ягоны аб’ём. Мы пакуль гандлюем між сабой некалькімі асноўнымі відамі тавараў”.

Адметна, што ў адмысловых матэрыялах, падрыхтаваных Міністэрствам гаспадаркі Польшчы для прысутных журналістаў, сярод іншага гаворыцца, што лічбы гаспадарчага ўзросту, якія падаюць беларускія ўлады, не адпавядаюць рэчаіснасьці. Паводле матэрыялаў, 55% беларусаў жывуць па-за рысай беднасьці, а гаспадарка рэфармуецца найбольш павольна з усіх краінаў СНД, між іншым, таму, што Беларусь арыентуецца перадусім на блізкае супрацоўніцтва з Расеяй.

“Палітычная і эканамічная інтэграцыя з Расеяй – гэта галоўная мэта Беларусі. Аднак будучыня гэтай інтэграцыі будзе вырашацца ня ў Менску, а ў Крамлі”, – гаворыцца ў аналітычных матэрыялах Міністэрства гаспадаркі Польшчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG