Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫГАРЭТНАЯ КАНТРАБАНДА ТРАПЛЯЛА ЗЬ БЕЛАРУСІ Ў НЯМЕЧЧЫНУ Ў КАНТЭЙНЭРАХ ЗЬ ЯГАДАМІ


Ул. інф.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, на гэтым тыдні ў выніку сумеснай апэрацыі мытнікаў і сьледчых крымінальнай паліцыі ФРН удалося выкрыць вялікую кантрабандную сетку, якая зьвязвала нямецкае кіраўніцтва тытунёвага канцэрну з Усходняй Эўропай. Паведамляецца, што нямецкія вытворцы цыгарэтаў “West” ладзілі нелегальныя гешэфты пераважна з гандлярамі такіх краінаў як Латвія, Польшча, Беларусь і шляхам нелегальных трансакцыяў разам адмывалі грошы.

Паводле сьледчых, спачатку ўсходнеэўрапейцы замаўлялі ў вытворцаў пэўны аб’ём прадукцыі, аплачвалі яго і бязмытна везьлі зь Нямеччыны празь межы. Потым нязначная частка прадукцыі атрымлівала акцызную марку і паралельна са шматлікімі тытунёвымі падробкамі трапляла ў гандаль. Што да астатняй партыі “West”, то яна вярталася на Захад ужо нелегальна: у беларускіх фурах зь ягадамі, латвійскіх — з торфабрыкетамі, польскіх — са слоікамі джэму.

Як лічаць сьледчыя, нелегальным гандлем цыгарэтамі ў гэтых усходнеэўрапейскіх краінах кіруюць дзясяткі мафіёзных босаў, аднак настолькі добра арганізаваным без удзелу заходніх вытворцаў ён быць ня можа. Нямецкія мытнікі й крыміналісты перакананыя, што кожнае падвышэньне мыты на тытунёвую прадукцыю будзе рабіць цыгарэтную кантрабанду ўсё больш прывабнай, а дзеяньні мафіі ўсё больш дасканалымі, — піша “Frankfurter Allgemeine”.
XS
SM
MD
LG