Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЛЬШЫНЯ БЕЛАРУСКІХ ФУТБОЛЬНЫХ КЛЮБАЎ НЯ МАЕ СРОДКАЎ НА АРЭНДУ ПОЛЯ Ў НОВЫМ КРЫТЫМ МАНЭЖЫ


Ігар Карней, Менск

Толькі некалькі клюбаў першай лігі дазваляюць сабе трэніравацца ў крытым футбольным манэжы раз альбо два разы на тыдзень і паводле скарочанага графіку: амаль 120 даляраў за гадзіну арэнды штучнага газону па кішэні адзінкам. Галоўны трэнэр жодзінскага “Тарпэда” Якаў Шапіра ўпэўнены: кампэнсаваць мільён даляраў, укладзеных ў будаўніцтва, коштам сваіх жа клюбаў — варыянт дастаткова сумнеўны.

(Шапіра: ) “Праблема манэжу, што ён будзе эксплюатавацца толькі 3–4 месяцы — зімой, крыху вясной і ўвосень. Увесь астатні час гульцы выходзяць на футбольнае поле, трэніравацца пад дахам няма сэнсу. Але манэж трэба разглядаць ня з гледзішча “рэнтабэльны-нерэнтабэльны”. Ён павінен мець датацыі. Узяць, да прыкладу, опэрны тэатар. Ён прыбытак прыносіць грамадзтву? Думаю, не. Толькі духоўнае задавальненьне. Таму ў дадзеным выпадку манэж павінен сябе акупляць маральна. Іншымі крытэрамі трэба вызначаць гэтую справу”.

А вось кіраўнік крытага футбольнага манэжу Віктар Белякоў лічыць, што кошт арэнды цалкам прымальны. І параўноўвае яго з суседняй Расеяй.

(Белякоў: ) “Ня ведаю. Што значыць высокія кошты? — глупства нейкае. У Расеі, у “Лужніках” адна гадзіна арэнды практычна аналягічнага манэжу ў перакладзе на беларускія 612 тысяч рублёў, у нас 226 тысяч. Ну дык ёсьць розьніца ці не — у тры разы меней! У нас трэніруецца 15 дарослых мужчынскіх і жаночых, дзіцячых камандаў. З мэтай прыцягненьні іншых клюбаў мы прапануем адзіным пакетам комплекс паслугаў. На адрасы паўтара дзясяткаў расейскіх клюбаў першай і другой лігі накіравалі запрашэньні. Таму няхай прыяжджаюць і трэніруюцца. Калі, натуральна, ня будуць лічыць, што можна трэніравацца ў лепшых умовах”.

Назіральнікі прагназуюць, што ў пэрспэктыве манэж сапраўды могуць арандаваць толькі расейскія клюбы. Афіцыйны гадавы даход маскоўскіх “Спартаку” ці “Лякаматыву” складае ў сярэднім 15 мільёнаў даляраў. Заплаціць некалькі тысяч за падрыхтоўку на якасным штучным газоне кіраўніцтву гэтых камандаў нескладана.

Зусім іншая сытуацыя ў беларускім футболе. Бальшыня прадпрыемстваў, на балянсе якіх лічацца каманды, самі ледзь зводзяць канцы з канцамі й ня ў стане фінансаваць спартовыя каманды. Калі на рахунках ёсьць некалькі тысяч даляраў, трэнэры лічаць гэта вялікім шчасьцем. Таму бальшыня па-ранейшаму мусіць таптаць сьнег, альбо ў лепшым выпадку, як менскае “Дынама”, рыхтавацца да сэзону ў Польшчы.
XS
SM
MD
LG