Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБСАЛЮТНАЯ БОЛЬШАСЬЦЬ БЕЛАРУСАЎ СУПРАЦЬ ТРЭЦЯГА ПРЭЗЫДЭНЦКАГА ТЭРМІНУ ДЛЯ А.ЛУКАШЭНКІ


Валер Каліноўскі, Менск

Апошнія публічныя выказваньні А.Лукашэнкі пра тое, што ён гатовы ўзяць удзел і ў наступных прэзыдэнцкіх выбарах, правёўшы дзеля гэтага рэфэрэндум па зьмене Канстытуцыі, перавялі гэтую праблему зь ліку гіпатэтычных у практычныя і надалі ёй вострае грамадзкае гучаньне. Рэалізацыя праекту “трэці тэрмін”, як назвалі яго сацыёлягі, залежыць найперш ад адносінаў да яго з боку грамадзтва.

Паводле зьвестак НІСЭПД, беларуская намэнклятура ў цэлым не жадае, каб А.Лукашэнка заставаўся прэзыдэнтам на яшчэ адзін тэрмін. Не жадае гэтага і большасьць выбарцаў. 57% апытаных сацыёлягамі выказваюцца супраць адмены канстытуцыйнага абмежаваньня, якое не дазваляе А.Лукашэнку займаць прэзыдэнцкую пасаду болей чым два тэрміны запар. Толькі 27,6% апытаных падтрымліваюць такую адмену. Больш як палова (50,7%) апытаных гатовыя таксама галасаваць “супраць” такога зьмяненьня Канстытуцыі на рэфэрэндуме, “за” — толькі 22%.

Праўда, у параўнаньні з папярэднім верасьнёўскім апытаньнем нязначна вырасла колькасьць прыхільнікаў трэцяй кадэнцыі А.Лукашэнкі на прэзыдэнцкай пасадзе. Гэты рост адбыўся за кошт тых, хто раней вагаўся, прычым, пераважна зь ліку людзей зь нізкім узроўнем адукацыі, старэйшага ўзросту, жыхароў вёсак. Вось як ацэньвае гэтую дынаміку намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў:

(Сасноў: ) “Нягледзячы на невялікае павелічэньне колькасьці тых, якія гатовыя перарабіць Канстытуцыю “пад Аляксандра Лукашэнка”, у цяперашняй улады на справе няма ніякіх прычынаў для радасьці. Яе посьпех толькі ў тым, што ўдалося мабілізаваць свой традыцыйны электарат. Аднак большасьць грамадзтва выказваецца супраць адмены канстытуцыйнага абмежаваньня прэзыдэнцтва двума тэрмінамі, і гатовая выказаць такую сваю думку на гіпатэтычным рэфэрэндуме. Такім чынам, шанцы на рэалізацыю праекту “трэці тэрмін для А Лукашэнкі” ніяк не павысіліся”.

Цікава, што колькасьць праціўнікаў трэцяга тэрміну А.Лукашэнкі амаль супадае з колькасьцю рэспандэнтаў, якія лічаць, што справы ў Беларусі разьвіваюцца ў няправільным кірунку — такіх 54%. Хаця пасьля мінулых выбараў гэтая лічба складала ўсяго 38%. Такім чынам, істотная частка электарату лічыць, што іх спадзяваньні напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў былі марнымі, што свае перадвыбарчыя абяцаньні А.Лукашэнка выканаць ня здолеў ці не захацеў.

Яшчэ большася колькасьць апытаных — 64% упэўненыя, што беларускай эканоміцы патрэбнае шырокамаштабнае рэфармаваньне, памяншэньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва, разьвіцьцё праватнага бізнэсу, прыцягненьне замежных інвэстыцыяў.

(Сасноў: ) “Пры гэтым важна падкрэсьліць, што насельніцтва ня мае нейкага істотнага аптымізму адносна пэрспэктываў паляпшэньня сацыяльна-эканамічнай абстаноўкі ў краіне. 43% апытаных упэўненыя, што сытуацыя ў наступныя гады толькі пагоршыцца, 29% лічаць, што нічога ня зьменіцца. І толькі кожны восьмы з апытаных мяркуе, што магчымыя пазытыўныя зьмены. І дынаміка грамадзкай думкі паказвае, што колькасьць такіх аптымістаў імкліва памяншаецца”, — зазначыў намесьнік дырэктара Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў Аляксандар Сасноў.
XS
SM
MD
LG