Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРЫНЯТЫ ЗАКОН “АБ ВАЕННЫМ СТАНОВІШЧЫ”


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Найвышэйшыя прадстаўнікі Міністэрства абароны, КГБ і ўнутраных войскаў наладзілі ў Нацыянальным прэсавым цэнтры сустрэчу з журналістамі, каб праафішаваць хуткае ўвядзеньне ў Беларусі закону “Аб ваенным становішчы”. Гэты закон ужо прыняты парлямэнтам ды падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.

Паводле намесьніка начальніка генэральнага штабу Пятра Ціханоўскага, закон цалкам адпавядае стандартам дэмакратычнай краіны.

(Ціханоўскі: ) “Падставамі для ўвядзеньня ваеннага становішча ёсьць ваенная пагроза ці напад. Пагрозай лічыцца абвешчаньне вайны Беларусі з боку іншай краіны ці краінаў, канцэнтрацыя войскаў іншай краіны ці краінаў побач зь межамі Беларусі, якая ўказвае на рэальнае жаданьне выкарыстаць сілу супраць Беларусі, мабілізацыя войскаў і іншыя дзеяньні”, — зачытаў палажэньні закону палкоўнік Ціханоўскі.

Паводле яго, закон дазваляе прэзыдэнту сваёй воляй уводзіць ваеннае становішча. У часе такога становішча можа быць уведзеная цэнзура друку, адмяняцца выбары, абмяжоўвацца перасоўваньне грамадзянаў, дзяржава можа рэквізаваць транспарт і маёмасьць грамадзянаў. На час ваеннага становішча могуць нават прыпыніць ці забараніць цалкам палітычныя арганізацыі, адносна якіх ёсьць дакладныя зьвесткі, што іхная дзейнасьць нясе пагрозу бясьпецы краіны.

Што думаюць пра новы закон “Аб ваенным становішчы” лідэры апазыцыйных партыяў? Лідэр БСДП “Народная грамада” Мікалай Статкевіч не выключае, што закон падрыхтаваны зусім не ў сувязі зь нейкай зьнешняй пагрозай, якой ён ня бачыць. Паводле Мікалая Статкевіча, улады Беларусі рыхтуюцца да абвастрэньня становішча ўнутры краіны, якое можа наступіць у выпадку пэўных палітычных падзеяў.

(Статкевіч: ) “Гэты закон уведзены дзеля выпадкаў захаваньня ўлады, прыкладам, пасьля грубай фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў, якая можа выклікаць абурэньне насельніцтва. Усё рыхтуецца загадзя, відаць, ёсьць пэўны плян, і ён пасьлядоўна выконваецца”.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, камэнтуючы закон “Аб ваенным становішчы”, згадаў, як летась яго затрымаў КГБ і папярэдзіў пра нібыта варожую дзейнасьць супраць Беларусі. Аднак пракуратура краіны не палічыла гэтыя беспадстаўныя абвінавачаньні незаконнымі, зьвярнуў увагу Анатоль Лябедзька. На ягоную думку, гэтак сама пракуратура будзе ставіцца да абароны правоў людзей і падчас ваеннага становішча.

“Увядзеньне ваеннага становішча ў Польшчы ў 1980 годзе было цалкам ужытае супраць унутранай апазыцыі, да гэтага рыхтуюцца і нашыя улады”, — кажа Анатоль Лябедзька і заяўляе, што такія дзеяньні ўладаў ня спыняць беларускую апазыцыю. АГП, паводле Лябедзькі, ужо працуе ў становішчы амаль забароненай партыі, супраць якой улады праводзяць рэпрэсіі.

(Лябедзька: ) “Мяркую, тут ёсьць пэўная палітычная падрыхтоўка. Што да АГП, мы згубілі Карпенку, Захаранку, Ганчара, часова было згубілі Клімава і Кудзінава, такім чынам, у нас ёсьць пэўны досьвед такога становішча”.

Ня верыць у наўнасьць зьнешняй пагрозы, вартай абвяшчэньня ваеннага становішча, і старшыня БНФ Вінцук Вячорка. Ён аднак мяркуе, што зьнешні фактар прыняцьця такога закону выключаць ня варта. Паводле Вінцука Вячоркі, беларускі рэжым усьведамляе пагрозу канчаткова апынуцца ў міжнароднай ізаляцыі, і тады любыя дзеяньні звонку ў абарону дэмакратычных сілаў Беларусі ён будзе называць зьнешняй пагрозай. “На гэты выпадак, дзеля захаваньня ўлады і можа спатрэбіцца гэты закон”, — лічыць Вінцук Вячорка.

Тое, што Савет рэспублікі мусіць зацьвярджаць указ прэзыдэнта аб ваенным становішчы, лідэр БНФ ня лічыць абаронай ад дыктатуры:

(Вячорка: ) “Савет Рэспублікі, як вядома, фармуецца з прадстаўнікоў абласных саветаў і людзей, цалкам падкантрольных Лукашэнку. Гэта той самы Лукашэнка, толькі шмат у якіх асобах. Такім чынам, перад намі інструмэнт ажыцьцяўленьня дыктатуры”.
XS
SM
MD
LG