Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗНАЙСЬЦІ КРЫНІЦУ ВАЕННАГА ГРУЗУ ДЛЯ ІРАКУ БУДЗЕ ЦЯЖКА БЕЗ СУПРАЦОЎНІЦТВА ЗАКРАНУТЫХ КРАІНАЎ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Дзяржаўны пракурор Лібану Аднан Адум у сераду пацьвердзіў Радыё Свабода, што затрыманыя ў Бэйруце 12 тонаў ваеннага абсталяваньня патрапілі ў Лібан зь Беларусі. Аднак застаюцца пытаньні — якая краіна вырабіла і якая краіна прадала сканфіскаваныя ў Бэйруце 600 танкісцкіх шоламаў і 240 сыстэмаў сувязі, што прызначаліся Іраку. Ян Энтані, кіраўнік праекту кантролю за экспартам зброі з Эўропы Стакгольмскага міжнароднага інстытуту мірных дасьледаваньняў, кажа, што дзеля пасьпяховага расьсьледаваньня трэба супрацоўніцтва розных уладаў.

(Энтані: ) “Тут спатрэбіцца супрацоўніцтва некалькіх краінаў. Па-першае, краіны, у якой знайшлі гэты груз; потым, краіны, дзе гэты груз, верагодна, быў выраблены; а таксама краінаў, празь якія груз перавозіўся. У ідэале, варта мець супрацоўніцтва ўсіх гэтых людзей”.

Спадар Энтані кажа, што пастаўка такога грузу ў Ірак відавочна пярэчыць санкцыям ААН. Ён лічыць, што калі ўсе закранутыя гэтым скандалам ўлады будуць супрацоўнічаць з расьсьледаваньнем, то вызначыць краіну-вытворцу абсталяванья тэхнічна даволі проста.

(Энтані: ) “Гэта залежыць ад прыроды абсталяваньня, але так, я лічу, што гэта даволі ясна. Але зноўку ж, гэта найпрасьцей зрабіць, калі ёсьць супрацоўніцтва з боку краіны, у якой абсталяваньне было вырабленае, і з боку кіраўніцтва прадпрыемства ці кампаніі, якія займаліся вытворчасьцю. Бо спатрэбіцца доступ да іхнай унутранай вытворчай дакумэнтацыі”.

Калі ж супрацоўніцтва ўладаў ня будзе, то расьсьледаваньне вельмі ўскладніцца, кажа экспэрт.

(Энтані: ) “Без супрацоўніцтва з боку ўладаў гэта будзе цяжка. Бо ўлады заўжды могуць спрачацца, што ўсё экпартавалася законна нейкаму трэцяму боку, а потым неяк перапрадавалася бязь ведама першага экпартэра. Будзе вельмі цяжка дабрацца да сутнасьці справы, калі ня будзе супрацоўніцтва ўладаў”.
XS
SM
MD
LG