Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЮЗ РАСЕЙСКІХ ПІВАВАРАЎ ПРАПАНУЕ ЎВЕСЬЦІ САНКЦЫІ НА БЕЛАРУСКІЯ ТАВАРЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Расейскія півавары лічаць Беларусь нядобрасумленным партнэрам у дачыненьні да Расеі. Як паведаміў 16 студзеня нашаму радыё выканаўчы дырэктар Саюзу расейскіх півавараў Вячаслаў Мамантаў, свае прэтэнзіі яны выклалі ў лісьце на адрас кіраўніка ўраду Расеі Міхаіла Касьянава:

(Мамантаў: ) “Сэнс у тым, што з боку ўраду Беларусі ўведзеныя тэхнічныя меры забароннага характару ў дачыненьні да замежнага піва, у тым ліку расейскага, якое рэалізуецца ў Беларусі. Гэтыя меры закранаюць інтарэсы расейскіх півавытворцаў. Калі напачатку мы меркавалі пра адэкватныя крокі ў дачыненьні да беларускіх півавараў, то зараз лічым гэты канфлікт больш шырокім. Таму просім Касьянава ўвесьці забаронныя меры да ўсяго беларускага імпарту. Бо Беларусь сваімі захадамі парушае правілы Мытнага саюзу аб адзінай эканамічнай прасторы, дамоўленасьці з Расеяй. Беларусь і Расея падпісваюць двухбаковыя дакумэнты пра свабоднае перамяшчэнне тавараў і паслугаў паміж дзьвюма дзяржавамі, а ў дачыненьні да піва іх пачынаюць парушаць”.

Паводле яго, расейскія півавары спадзяюцца, што іхны зварот будзе пачуты Касьянавым і разгледжаны ў часе беларуска-расейскіх перамоваў, заплянаваных на 19–20 студзеня ў Менску. Спадар Мамантаў зазначыў, што дагэтуль яны спрабавалі вырашыць канфлікт на міністэрскім узроўні. Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі дасылала ноту пратэсту на адрас беларускага МЗС, аднак гэта ня мела плёну:

(Мамантаў: ) “Адказ такі: вы, хлопцы, пішыце хоць дзесяць заяваў, а мы будзем рабіць так, як лічым патрэбным. Але ж гэта не партнэрскія дачыненьні паміж краінамі, якія знаходзяцца ў адной эканамічнай прасторы. Раз падпісалі, іх трэба выконваць, а ня ўводзіць у аднабаковым парадку нейкія абмежаваньні”.

Беларускі бок лічыць прэтэнзіі расейскіх півавараў беспадстаўнымі. Вось што зазначыў на гэты конт эканамічны дарадца амбасады Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі Васіль Гушчык:

(Гушчык: ) “У кожнага з бакоў ёсьць магчымасьць увядзеньня інструмэнтаў нетарыфнага рэгуляваньня. Бо ў дадзеным выпадку гаворка не ідзе пра забарону, а пра пэўнае рэгуляваньне. Гэта робіцца дзеля таго, каб прадухіліць “шэры” бізнэс, каб плаціліся падаткі. З другога боку, Расейская Фэдэрацыя неаднаразова зьмяняла стаўкі мыта, іншыя рэчы без кансультацыяў з Рэспублікай Беларусь”.
XS
SM
MD
LG