Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛОВА ГОМЕЛЬСКІХ ПРЫЗЫЎНІКОЎ НЕ ПАТРЭБНАЯ БЕЛАРУСКАМУ ВОЙСКУ


Казімер Яноўскі, Гомель

Цяперашні прызыў у войска абласны камісарыят завяршае на два тыдні раней вызначанага тэрміну. З амаль 6 тысяч юнакоў прызыўнога веку на службу накіроўваюцца толькі 2,5 тысячы.

Распавядае начальнік прызыўнога аддзелу, палкоўнік Васіль Бірын:

(Бірын: ) “Сапраўды, рэсурсаў больш, чым патрэбна. У першую чаргу імкнемся адправіць прызыўнікоў старэйшага ўзросту. Тых, хто маладзейшы, пакідаем на лета ці на наступную восень”.

Не зважаюць на ўзрост пераважна ў двух выпадках: калі на прызыўны ўчастак трапляюць кіроўцы аўтамабіляў, а таксама хлопцы, што па стане здароўя могуць папоўніць шэрагі часьцей спэцыяльнага прызначэньня. Такія прызыўнікі асабліва запатрабаваныя беларускім войскам.

Адназначна не бяруць на службу маладых людзей, што адбывалі пакараньне ў папраўчых калёніях.

Цікаўлюся ў вайскоўцаў, якім чынам ва ўмовах лішку прызыўнікоў ставяцца камісіі да маладых вернікаў — тых, каму рэлігійныя перакананьні не дазваляюць прымаць вайсковую прысягу і браць у рукі зброю? Альтэрнатыўная служба для іх, нягледзячы на празьмернасьць прызыўнікоў, усё яшчэ ня ўведзеная. Гаворыць палкоўнік Бірын:

(Бірын: ) “Мы ня надта зацікаўленыя ў альтэрнатыўнай службе. Для нас, як і прапаноўвала Міністэрства абароны, лепей, каб маладыя людзі служылі адзін год. Армія зацікаўленая падрыхтаваць як мага болей людзей для запасу, на выпадак мабілізацыі”.

Не зьбіраюцца вайскоўцы пакінуць па-за ўвагай і 136 маладых людзей, які цяпер адмовіліся прыйсьці на прызыўныя ўчасткі. З дапамогаю міліцыі і органаў пракуратуры будзе зарганізаваны іх пошук.
XS
SM
MD
LG