Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГОРАДНЮ НАВЕДАЎ ЯН НОВАК-ЕЗЯРАНЬСКІ, БЫЛЫ ДЫРЭКТАР ПОЛЬСКАЙ СЛУЖБЫ РАДЫЁ СВАБОДНАЯ ЭЎРОПА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Спадару Новаку-Езяраньскаму 89 гадоў, але ён актыўна займаецца грамадзка-палітычнай дзейнасьцю: прадстаўляе ў Штатах польскія інтарэсы, паспрыяў хуткаму ўваходжаньню Польшчы ў НАТО.

У Горадні адбылася ягоная сустрэча з дэмакратычнай грамадзкасьцю. У ёй удзельнічаў Станіслаў Шушкевіч. Ян Новак-Езяраньскі сказаў, што хоча выкарыстаць свае ўплывы ў амэрыканскіх і польскіх палітычных колах — на карысьць Беларусі.

(Новак-Езяраньскі: ) “Каб было прызнана, што трэба ўзьняць месца Беларусі ў сьпісе амэрыканскіх прыярытэтаў і польскіх. Гэта, уласна, будзе галоўнай мэтай маёй місіі”.

Далей госьць падкрэсьліў:

(Новак-Езяраньскі: ) “Бо з пункту гледжаньня тых сяброў Беларусі, якія б хацелі бачыць яе свабоднай і дэмакратычнай, Беларусь — сярод усіх краінаў-суседзяў Польшчы найболей знаходзіцца пад пагрозай”.

Аднак сп. Новак-Езяраньскі зазначыў, што ня будзе незалежнай Беларусі, калі большасьць яе грамадзянаў ня будзе прагнуць мець сваю дзяржаву. Таму госьцю бачыцца вельмі важным дапамагчы беларускай эліце абуджаць у народзе самасьвядомасьць.

(Новак-Езяраньскі: ) “Каб вы дапамаглі ў гэтым самі сабе. Каб большасьць беларускага грамадзтва хацела, каб беларуская дзяржава ўтрымалася”.

У польскім выпадку вялікую ролю адыграла менавіта незалежнае радыё. Яго мэтай было спрыяць пакрокавай дэмакратызацыі жыцьця ў Польшчы.

(Новак-Езяраньскі: ) “Таямніцай посьпеху Свабоднай Эўропы была свабода”.

Таму Ян Новак-Езяраньскі важнае значэньне надае і незалежнаму беларускаму радыёэфіру.

(Новак-Езяраньскі: ) “Каб Радыё Свабода, ці радыё, якое, на жаль, было закрытае, — Радыё Рацыя, мела такія тэхнічныя магчымасьці, каб магло даходзіць да кожнага беларуса, гэта быў бы нечувана важны інструмэнт у ажыцьцяўленьні вашых імкненьняў”.

Госьць ня ведае, наколькі гэта магчыма ажыцьцявіць. Але ён мае намер зрабіць дзеля гэтага захады.

(Новак-Езяраньскі: ) “Каб гэта ўдалося зрабіць, дык гэта была б найлепшая форма дапамогі, якую Амэрыка магла б вам даць. Пры дапамозе Польшчы. Бо каб даходзіў сыгнал, трэба яго перадаваць з блізкай адлегласьці”.

Дарэчы, Ян Новак-Езяраньскі напісаў некалькі кніжак, адна зь якіх называецца “Вайна ў эфіры”. Госьць прызнаўся гарадзенцам, што ягоны бацька паходзіць менавіта з Гарадзеншчыны і, як ён сказаў, “у сучасным разуменьні слова ёсьць беларусам”.
XS
SM
MD
LG