Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АМБАСАДАРЫ ФРАНЦЫІ Й НЯМЕЧЧЫНЫ НЕ ВЫКЛЮЧАЮЦЬ МАГЧЫМАСЬЦІ СЯБРОЎСТВА БЕЛАРУСІ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗЕ


Валер Каліноўскі, Менск

На гэтым тыдні з абгрунтаваньнем новага праграмнага палажэньня аб будучым сяброўстве Беларусі ў Эўразьвязе і НАТО выступіла Партыя БНФ. І хоць пакуль Беларусь не адпавядае крытэрам і стандартам гэтых арганізацыяў, амбасадары найбуйнейшых краінаў Эўразвьязу — Францыі і Нямеччыны — пагадзіліся, што гэтая мэта рэалістычная (праўда, пакуль што толькі з тэарэтычнага гледзішча).

Гаворыць амбасадар Нямеччыны ў Беларусі Гельмут Фрык:

(Фрык: ) “Хацеў бы зазначыць, што гэта будзе сувэрэнным рашэньнем Рэспублікі Беларусь. Для гэтага трэба падаць адпаведную заяву на ўступленьне, і ў адпаведны тэрмін яна будзе разгледжаная на аснове існых рэаліяў. Хацеў бы падкрэсьліць, што яшчэ дзесяць гадоў таму ніхто тут ня мог сабе ўявіць, што ў наступным годзе Літва, Латвія, Эстонія і Польшча стануць сябрамі Эўрапейскага Зьвязу.

Новы амбасадар Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфан Шмялеўскі акрэсьліў адказ свайго нямецкага калегі як “тэарэтычны”. Ухіляючыся ад прагнозаў, заўвагаў і крытыкі цяперашняй сытуацыі ў Беларусі, ён прызнаў, што празь некалькі гадоў геапалітычнае становішча Беларусі сапраўды істотна зьменіцца:

(Шмялеўскі: ) “Вашая краіна апынецца ў будучыні паміж дзьвюма вялікімі палітыка-стратэгічнымі супольнасьцямі — праз 2–4 гады вы станеце непасрэднымі суседзямі Эўразьвязу і, натуральна, Расеі. Аналіз гэтай сытуацыі і яе наступстваў належыць сувэрэннаму праву народу Рэспублікі Беларусь”.

Спадар Шмялеўскі ўпэўнены, што не павінна быць нейкага гістарычнага фаталізму: пры наяўнасьці жаданьня і цьвёрдай палітычнай волі можна дасягнуць патрэбнай мэты. Пра гэта, паводле ягоных словаў, і сьведчыць падпісаная 40 гадоў таму нямецка-француская дамова аб дружбе, якая спыніла спрадвечную крывавую варажнечу паміж Немеччынай і Францыяй ды спрычынілася да стварэньня агульнай эўрапейскай супольнасьці.

Юбілей Элізэйскай дамовы шырока адзначаецца цяпер ва ўсім сьвеце. У Беларусі сьвяточныя мерапрыемствы (канцэрты і ўрачысты сход) супольна наладжваюць амбасады Францыі й Нямеччыны. 23 студзеня францускі і нямецкі амбасадары разам пакладуць вянкі ў Хатыні, Курапатах і ля мэмарыялу ахвярам габрэйскага гета ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG