Лінкі ўнівэрсальнага доступу

IНШАЗЕМНЫМ АЎТАПЕРАВОЗЧЫКАМ ДАЗВАЛЯЕЦЦА ЎВОЗIЦЬ У ПОЛЬШЧУ НЯ БОЛЬШ ЗА 200 ЛIТРАЎ ПАЛIВА


Алег Супрунюк, Берасьце

Тэрмiнал “Брэстгрузаўтасэрвiс”, дзе адбываецца мытны дагляд аўтамабiляў i ствараюцца калёны для перасячэньня беларуска-польскай мяжы, сёньня запоўнены толькi напалову. Напачатку году перамяшчэньне грузаў празь мяжу традыцыйна памяншаецца, але сёлета на рух транспарту паўплывалi й захады польскага боку, якiя тычацца нормаў увозу палiва. Вось што паведамiў на гэты конт прэсавы сакратар мытнi “Заходнi Буг” Сяргей Максiмаў:

(Максiмаў: ) “Якой-небудзь афiцыйнай iнфармацыi на мытню не паступала. Але падчас тэлефоннай размовы з прадстаўнiкамi мытнi ў Бялай Падлясцы высьветлiлася, што сапраўды, з 15 студзеня Польшча ўвяла абмежаваньнi на ўвоз на сваю тэрыторыю палiва. Транспартным сродкам дазваляецца бяз мытных пошлiнаў правозiць да 200 лiтраў палiва. Дадзеная норма не распаўсюджваецца на транспартныя сродкi, зарэгiстраваныя ў Рэспублiцы Беларусь. А на ўсiх астатнiх распаўсюджваецца”.

Паводле словаў Сяргея Максiмава, польскi бок своечасова папярэдзiў аб сваiх намерах, i таму ў берасьцейскiх мытнiкаў была магчымасьць датэрмiнова абвесьцiць перавозчыкам пра ўведзеныя абмежаваньнi. Гэта дазволiла пазьбегнуць чэргаў на мяжы i прадухiлiць новыя акцыi пратэсту, аналягiчныя тым, што здарылiся ў першыя днi студзеня. Тады кiроўцы, абураныя раптоўна ўведзенымi абмежаваньнямi, пагражалi лiшкi палiва зьлiць каля памежнага пераходу “Казловiчы”.

Тым ня менш, сытуацыя на мяжы i цяпер застаецца няпэўнай. Берасьцейскiя мытнiкi ўсё яшчэ чакаюць ад польскіх калегаў афiцыйных тлумачэньняў, на падставе якiх перавозчыкi зь Беларусi могуць i надалей везьцi больш за 200 лiтраў палiва.

Затое самi перавозчыкi лiчаць, што вельмi хутка ўведзеныя польскiм бокам абмежаваньнi будуць тычыцца i беларускiх аўтамабiляў.

(Кiроўца: ) “Калi палякi хочуць у Эўразьвяз, мне, здаецца, зь Беларусьсю таксама зробяць гэтыя 200 лiтраў. За iмi — Нямеччына, i таму бяз розьнiцы, для ўсiх зробяць 200 лiтраў. Проста ўсё залежыць ад часу, калi Польшча ўступiць у Эўразьвяз”.

Прадстаўнiкi беларускай мытнi не выключаюць, што захады польскага боку ў хуткiм часе могуць прывесьцi да стварэньня новых чэргаў на мяжы.
XS
SM
MD
LG