Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР МУЛЯВІН ПЕРАСЕЎ У ІНВАЛІДНЫ ВАЗОК


Ігар Карней, Менск

Адразу пасьля аўтааварыі, у выніку якой Уладзімер Мулявін атрымаў сур’ёзныя траўмы хрыбту, беларускія лекары давалі мала шанцаў на тое, што Мулявін здолее вярнуцца да паўнавартаснага жыцьця. Аднак цягам апошніх месяцаў стан здароўя сьпевака і кампазытара істотна палепшыўся. Дачка Мулявіна Марына кажа, што рэабілітацыйны курс у маскоўскім Інстытуце імя Бурдэнкі пайшоў бацьку на карысьць.

(Марына: ) “Быццам усё добра, калі мець на ўвазе ягоны ранейшы стан. Ён сапраўды пачаў перамяшчацца ў вазку. Дзякуй Іосіфу Кабзону, які істотна дапамагае найперш фінансава. Маральна падтрымліваюць Ігар Лучанок, хлопцы зь “Песняроў”. Ведаю, што прыяжджаюць Барткевіч, Сьвечкін, іншыя. Увесь час побач зь ім жонка, Сьвятлана Аляксандраўна”.

У маскоўскім Інстытуце імя Бурдэнкі гэтаксама пацьвердзілі, што Мулявін паступова асвойвае новы сродак перамяшчэньня. Праўда, прагнозаў наконт будучыні ня робяць: кажуць, не чакалі нават такога посьпеху.

(Супрацоўніца ардынатарскай Інстытуту Бурдэнкі: ) “У вазок ён сядае, але нельга сказаць, што вось так проста сеў і паехаў. З дапамогай пэрсаналу сапраўды ў вазок перасаджваецца. Сядзіць нармальна, больш-менш працуюць рукі, размаўляе без праблемаў. Часта бываюць наведнікі, шмат зь Беларусі — ня ведаю, праўда, іхных прозьвішчаў”.

Калега Мулявіна Лявон Барткевіч таксама задаволены відавочным паляпшэньнем стану здароўя лідэра “Песняроў”. У часе апошняй паездкі ў Маскву той яшчэ не карыстаўся вазком, і таму ад наступнага візыту Барткевіч чакае аднаўленьня інтарэсу Мулявіна да творчага працэсу.

(Барткевіч: ) “У яго відавочны прагрэс. Мы будзем у яго некалькі дзён запар. Гэта не зьвязана з канцэртнай дейнасьцю, проста паедзем адмыслова да яго ў госьці. Мяркую, будзем разглядаць нават творчыя пляны”.

Дарэчы, інвалідны вазок нямецкай вытворчасьці перададзены Мулявіну ад імя Аляксандра Лукашэнкі. Падарунак зрабіў Рэспубліканскі шпіталь пры кіраўніцтве справаў прэзыдэнта. Але намесьнік галоўнага лекара Аляксандар Максімаў кажа, што пасьля таго, як Мулявіна перавялі ў Маскву, ягоным лёсам у шпіталі цікавяцца мала.

(Максімаў: ) “Наўрад ці што мы можам сказаць, паколькі за паўгоду стан Мулявіна мог зьмяніцца. Натуральна, гэта вялікае дасягненьне, што ён пачаў карыстацца вазком. Але за паўгоду ўсё магло зьмяніцца. Яшчэ летам мы накіравалі нямецкі вазок у Маскву са спадзяваньнямі на нейкі цуд. Але на цяперашні момант пра стан ягонага здароўя нічога ня ведаем”.

Хірургі беларускага НДІ траўматалёгіі і артапэдыі, дзе Мулявіну была зробленая складаная апэрацыя на хрыбце, яшчэ летась казалі, што інвалідны вазок — гэта максымум, чаго можна чакаць у падобнай сытуацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG