Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЕВЯДОМАЯ БНР: АЎГІНЬНЯ АЛЕКСЮЧАНКА


Сяргей Шупа, Прага

Ня менш быў зьдзіўлены і прэм’ер-міністар Барыс Мартас, пабачыўшы акрэдытыў на паўтара мільёна карбованцаў і паперы, падпісаныя яго папярэднікам – прэм’ерам Украінскай Народнай Рэспублікі Ўладзімерам Чахоўскім, якія падала яму дзяўчына, прадставіўшыся дыпкур’ерам Аўгіньняй Аляксюк. Ён адразу зрабіў усё, аб чым яна папрасіла – перапісаў акрэдытыў на аўстрыяцкі банк і прыдзяліў ёй вайсковы канвой на зваротную дарогу, перадаўшы зь ёй ліст да беларускага ўраду:

“Прийнявши Вашого дипльоматичного гонця і одержавши відомости про те становище, в якому перебуває зараз Білоруський Нарід і його теріторія, страждаючи і терплючи від знущань і глуму одвічних ворогів так Білоруського як і Українського Народів – московських червоних імперіялістів-большовиків, я дозволяю собі від імени Соборної України висловити щире співчуття Українського Народу – Народові Білоруському.

Україна [...] засилає Білоруській Народній Республіці свій братний привіт і бажання Їй як найшвидче подолати ворога, аби Вона могла стати Вільною і Незалежною Республікою, що, як єдино-правильне і справедливе, Україна буде завжди підтримувати від щирого серця”.

А пачалася надзвычайна сакрэтная місія 10 ліпеня 1919 году. Ураду БНР, які тады працаваў у Бэрліне, нямецкі Райхсбанк адмовіўся выплаціць грошы за акрэдытыў на паўтара мільёна карбованцаў ­ частку пазыкі ад украінскага ўраду – бо на ўкраінскія грошы нямецкія ўлады наклалі арышт. Адзіным выйсьцем было перапісаць акрэдытыў на банк у іншай краіне, а для гэтага трэба было зрабіць амаль немагчымае – атрымаць ад украінскага ўраду новыя паперы, прычым не апошнім пытаньнем было яшчэ і тое – дзе шукаць сам той урад. Місія на чале з паслом Цьвікевічам здолела дабрацца толькі да Варшавы.

Далей давялося дзейнічаць нелегальна. Было пастаноўлена, што выканаць амаль немагчымае заданьне мог толькі адзін чалавек – 20-гадовая Аўгіньня Алексючанка, дыпляматычны кур’ер Рады Народных Міністраў БНР, якая на той час мела ўжо немалы досьвед пераезду і правозу дакумэнтаў праз франтавыя зоны.

І вось, 10 ліпеня Алексючанка выехала з Варшавы, з надзвычайнымі цяжкасьцямі дабралася да Луцку, адкуль пераадзеўшыся сялянкаю, пайшла празь лінію польска-бальшавіцкага фронту. На бальшавіцкім баку яе арыштавалі, аднак за 500 аўстрыяцкіх кронаў (дзе ў той час хадзілі якія грошы – наагул разабрацца вялікая праблема) ёй удалося адкупіцца і нават атрымаць ахоўны дакумэнт да Астрогу. Па дарозе да ўкраінскай мяжы, уначы ў гатэлі бальшавікі ўчынілі ператрус і рэквізавалі ў кур’еркі ўсе грошы, адзеньне, багаж і нават чаравікі. Калі ў яе і на ёй не засталося амаль нічога апрача нейкім цудам уратаваных дакумэнтаў, яна на досьвітку ўцякае з гатэлю, за які ўжо не было чым плаціць.

На самай бальшавіцка-ўкраінскай мяжы Алексючанку зноў арыштоўваюць чырвоныя байцы – для высьвятленьня асобы – але азнаёміцца зь ейнай асобай ім ужо не давядзецца: уначы разам зь дзьвюма ўкраінкамі, затрыманымі з той самай мэтай, яна выломвае акно арыштанцкай, уцякае і пад няспынным баявым агнём пераходзіць лінію ўкраінска-бальшавіцкага фронту. Там яе й сустракае перадавая каманда ўкраінскага войска.

Цяпер, пасьля цёплага прыёму ўкраінскім урадам і залагоджаньня ўсіх справаў застаецца ўсяго толькі вярнуцца ў Варшаву той самай дарогай. Пачэсны ўкраінскі канвой акольнымі дарогамі – у абыход бальшавікоў - давозіць дзяўчыну да польскай мяжы ў Збруч, пакідаючы яе далей на волю лёсу. На мяжы яе ўмомант арыштоўваюць палякі, але яна і да іх знаходзіць свой таемны ключ. Як будзе напісана пазьней у пратаколах Ураду БНР – ”дзякуючы надзвычайнаму спрыту і лоўкасьці, яна арыштаваная і пад канвоем жандармаў, згодна зь яе просьбамі была дастаўленая ў Варшаву”, дзе была ўзятая пад арышт для праверкі асобы. Праз колькі дзён яе ўдаецца вызваліць, аднак з-пад арышту ў гатэлі яна ўжо выходзіць безь ніякіх дакумэнтаў. Усе паперы і перапісаны акрэдытыў яна пасьпявае перадаць у патрэбныя рукі яшчэ ў першую ноч свайго зьняволеньня.

Фінал гэтай гісторыі даволі сумны. Рада Народных Міністраў выказала Аўгіньні Алексючанцы шчырую падзяку і выдала мізэрную прэмію. Сама кур’ерка, вярнуўшыся ў родную Горадню, позьнюю восень і зіму 1919 году моцна хварэла і марна прасіла Ўрад аб дапамозе. Пасьля, падчас адной зь місіяў, пазычыла сама сабе з грошай, што мелася перадаць трэцяй асобе, належную, на ейную думку, суму і за гэткае злачынства была звольненая з працы.

Пра тое, што было з Аўгіньняй Алексючанкай да і пасьля апісаных бурлівых падзеяў – вядома вельмі мала. Упершыню яна зьяўляецца на беларускіх даляглядах у красавіку 1918-га, калі Рада БНР дасылае яе з кур’ерскім даручэньнем у Бабруйск, акупаваны польскім корпусам Доўбар-Мусьніцкага. У пасьведчаньні пазначана, што яна – ”бежанка Горадзенскай губэрні, мае 19 гадоў і жывець у Менску”. Застаецца дадаць, што Аўгіньня – малодшая сястра вядомага беларускага дзеяча, прыхільніка супрацоўніцтва з Польшчай, Паўла Алексюка.

Пасьля пераезду беларускіх палітыкаў у канцы 1918 году зь Менску у Вільню, а пасьля ў Горадню Алексючанка бярэ актыўны ўдзел у тамтэйшым палітычным жыцьці, працуе ў Горадзенскім Беларускім Камітэце, Беларускім клюбе, рэдагуе газэту ”Зорка”. І, між іншага, зьвяртае на сябе ўвагу. Вось як згадвае пра яе ў сваім дзёньніку тагачасны прэм’ер БНР Антон Луцкевіч:

”Быў я ў павятовай Радзе. Там сядзіць Алексючанка Аўгіньня. Працуе добра – многа мае энэргіі і задору. Нічога разьбіраецца ў палітыцэ на гродзенскім грунце, хоць надзвычайнай інтэлігенцыяй, здаецца, не грашыць”.

Цяжка сказаць, чым выкліканая апошняя рэмарка Луцкевіча, але яе пэўным чынам падсьвечваюць словы са справаздачы Рады БНР аб нацыянальнай працы ў Горадні мясцовага актывіста Янкі Чарапука:

”...панна Алексючанка з ахвіцэрамі ўсіх рангаў і нацыяў спагулівае, а ўрад ёй плаціць заробак”.

Можна па-рознаму інтэрпрэтаваць адзначаныя гэтымі дзеячамі рысы 20-гадовай кур’еркі, аднак на шматлікіх тысячах старонак Архіваў БНР – гэта бадай што адзіны выпадак, калі на некага зьвяртаюць увагу як на жанчыну.

Апошні раз зорка Аўгіньні Аляксюк бліснула на беларускім палітычным небе ў красавіку 1923 году. На гэтак званым беластоцкім ”Працэсе 45-ці”, на якім судзілі ўдзельнікаў антыпольскай беларускай партызанскай дзейнасьці, падчас паказаньняў сьведкаў адбыўся амаль камічны выпадак. Сьведка ў сваёй нуднай і даўгой прамове назваў камандзераў партызанскіх групаў, што дзейнічалі ў белавескіх лясох. Сярод іх даволі нечакана прагучала прозьвішча Аляксюк. Старшыня суду, які быў пачынаў засынаць, раптам здрыгануўся, пачуўшы ў такім недарэчным кантэксьце прозьвішча ляяльнага ўладам чалавека. І тады яму патлумачылі, што гаворка йшла зусім не пра яго, а пра яе – таямнічую, няўлоўную, амаль нерэальную...

Больш пра яе я ня ведаю нічога.


папярэдняя перадача цыклю “Невядомая БНР”

“Невядомая БНР”: Ян Чарапук

“Невядомая БНР”: Беларускія палітыкі і міжнародныя змовы

“Невядомая БНР”: Дыпляматы і тэрарысты

“Невядомая БНР”: “Будучы паводле нараджэньня беларусам...”

“Невядомая БНР”: Консул Некрашэвіч

“Невядомая БНР”: Габрэі ў БНР

“Невядомая БНР”: БНР і савецкая Расея

“Невядомая БНР”: Атаман Хмара
XS
SM
MD
LG