Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЭСКІ ПАРЛЯМЭНТ НЯ ЗДОЛЕЎ АБРАЦЬ НОВАГА ПРРЭЗЫДЭНТА


Алена Ціхановіч, Прага

Паводле чэскай Канстытуцыі, прэзыдэнт абіраецца не ўсенародным галасаваньнем, а галасаваньнем у парлямэнце. Тэрмін прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў пяць гадоў, і адна асоба ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш як два тэрміны запар. Вацлаў Гавэл адыходзіць са сваёй пасады пасля трынаццаці гадоў ва ўладзе – упершыню ён быў абраны у 1989 годзе яшчэ прэзыдэнтам Чэхаславаччыны, пазьней два разы абіраўся чэскім прэзыдэнтам.

Сёньня перад пачатакам працэдуры галасаваньня, разьвітваючыся з заканадаўцамі, Гавэл выступіў ў Гішпанскай залі Праскага Граду:

(Гавэл: ) “Я рабіў тое, што ўмеў. Нешта, магчыма, мне ўдалося, нешта – не. Так ці інакш, гэта не мая задача – сваю дзейнасць ацэньваць. Тое ёсьць і будзе справай грамадзкасьці, палітыкаў, журналістаў, і, вядома, палітолягаў і гісторыкаў’’.

Такім чынам, права ацэнкі Гавэл пакінуў іншым. Паводле аднаго зь яго ранейшых выказваньняў, галоўнай сваёй заслугай ён лічыць тое, што працэс дэмакратызаці ў Чэхіі ўжо незваротны. У часе яго прэзыдэнцтва адбыўся мірны разыход Чэхаславаччыны, самастойная Чэхія стала сябрам НАТО і атрымала запрашэньне стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу.

Постаць дысыдэнта, які стаў прэзыдэнтам, пісьменьніка і філёзафа, які спрабаваў прыўнесьці ў палітыку маральныя прынцыпы, зрабіла яго сапраўднай палітычнай зоркай. Гаворыць Васіль Быкаў:

(Быкаў: ) ‘’На прыкладзе Вацлава Гавэла сьвет убачыў ня так часта ажыцьцёўлены пастулят–мару антычнага Плятона пра тое, каб філёзафы апыналіся пры ўладзе, а ўладары рабіліся філёзафамі’’.

Вынікі сёньняшняга галасаваньня ў чэскім парлямэнце дакладна супалі і з вынікамі папярэдніх апытаньняў – большасьць чэхаў хацелі б бачыць наступным прэзыдэнтам або Вацлава Клаўса, або Пятра Пітгарта. Апошняя кандыдатура, якую падтрымала большасьць сэнату, як вядома, мае і яўныя сымпатыі прэзыдэнта Гавэла. Што да Вацлава Клаўса, колішняга прэм’ера і старшыні ніжняй палаты парлямэнту, той мае рэнамэ палітычнага апанэнта Гавэла. І ў сваёй сёньняшняй заяве Вацлаў Клаўс намякае, што падчас ранейшых выбараў Гавэл ня меў сур’ёзных канкурэнтаў:

(Клаўс: ) “Упершыню ў гісторыі Чэхаславаччыны або Чэскай рэспублікі за гэтую пасаду сур’ёзна змагаюцца некалькі кандыдатаў. Упершыню прэзыдэнцкія выбары праходзяць без папярэдняга рашэньня, упершыню яны не зьяўляюцца сымбалічным галасаваньнем’’.

Словы Клаўса пацьвердзіліся – імя новага прэзыдэнта Чэхіі ня стала вядомае і пасьля трэцяга туру галасаваньня: патрэбную большасьць галасоў не атрымаў ні ён сам – кандыдат ад Грамадзянскай дэмакратычнай партыі, ні Пётар Пітгарт – кандыдат ад Хрысціянска-дэмакратычнага саюзу – Чэскай народнай партыі.

Як мяркуюць аналітыкі, такі сцэнар безвыніковага галасаваньня мог быць задуманы вядучымі палітычнымі партыямі чэскага парляменту – сацыял-дэмакратамі і камуністамі. У выпадку неабраньня прэзыдэнта павінны быць абвешчаныя паўторныя выбары, на якіх зьявіцца кандыдатура Мілаша Зэмана – папярэдняга прэм’ера і былога партыйнага лідэра чэскіх сацыял-дэмакратаў.

Многім грамадзянам Чэхіі такі сцэнар, як і сама працэдура выбараў прэзыдэнта парлямэнтам, не падаюцца надта прывабнымі. Паводле сацыялягічных апытаньняў, людзі лічаць такія выбары “гандлем” палітычных партыяў і ўсё больш настойліва выказваюцца за зьмены ў Канстытуцыі, што дазволілі б выбіраць прэзыдэнта ўсенародна.

Такім чынам, чэскія заканадаўцы маюць невялікі тэрмін, каб паспрабаваць паўторна выбраць заступніка Вацлава Гавэла, калі хочуць, каб краіна не засталася на нейкі час без прэзыдэнта. Верагодна, паўторныя выбары адбудуцца ужо на наступным тыдні.
XS
SM
MD
LG