Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦАЎНІКІ САЛІГОРСКАЙ “КУПАЛІНКІ” АДНАВІЛІ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ


Севярын Квяткоўскі, Салігорск

Да прахадной “Купалінкі” прыйшло каля пяцідзесяці работніц: тыя, што знаходзяцца ў адчайным становішчы:

(Ніна: ) “Я жыву адна, муж памёр, За кватэру няма чым плаціць увогуле. Калі не дадуць работу, мы пойдзем пешшу. Нам усё роўна паміраць”.

(Сьвятлана: ) “Вось 15 чысла я паўгады як не працую. І як жыць?! 26 тысяч атрымліваю. Маю двох дзяцей, за кватэру плаціць трэба, за ўсё плаціць трэба. “Прыходзьце 15-га будзем вырашаць пытаньне”. Вось, прыйшла, дык нават не пусьцілі”.

Агулам у падобным становішчы знаходзіцца каля тысячы чалавек. Жанчыны зайздросьцяць калегам, якія маюць мужоў-шахтэраў. У сваёй бядзе жанчыны вінавацяць пэрсанальна генэральнага дырэктара “Купалінкі” Алега Грабака:

(Тацяна: ) “Наш дырэктар, спадар Грабак, з бабамі ваюе/ Пагарджае, абражае, ніц не гарантуе”.

Купалінкаўцы вінавацяць спадара Грабака ў тым, што ён прадае вытворчае абсталяваньне:

(Працаўніца: ) “Машыны прадае, ужо іх няма”.

Яшчэ адно важкае абвінавачваньне: частку вытворчасьці перавялі ў Менск. Тым самым у сталіцы павялічалася колькасьць працоўных месцаў, а ў Салігорску зьменшылася. Пацьвердзіць ці абвергнуць абвінавачаньні 15 студзеня на “Купалінцы” не маглі. Не было ня толькі генэральнага дырэктара, але ўвогуле нікога з кіраўніцтва. Урэшце, да пікетоўцаў выйшла прадстаўніцтва назіральнае рады Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Купалінка”:

(Адміністрацыйная работніца: ) “Прадпрыемства “Купалінка” зьяўляецца дзяржаўным. Ваша доля акцыяў 8%. Вы чаго са мною высьвятляеце адносіны? Я такі ж самы наёмны працаўнік як і вы”.

Працаўніцы “Купалінкі” дэкляравалі, што цягам бліжэйшых сямі дзён будуць шторанку прыходзіць да прахадной з мэтай сустрэцца з кіраўніцтвам і атрымаць пэўны адказ пра свой далейшы лёс. У супрацьлеглым выпадку “купалінкаўцы” абяцаюць больш радыкальныя меры адстойваньня сваіх правоў.
XS
SM
MD
LG