Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВАТ НЕВЯЛІКІЯ ДОЗЫ НАТУРАЛЬНАЙ РАДЫЯЦЫІ МОГУЦЬ СТАЦЬ ПРЫЧЫНАЮ РАКУ ШЧЫТАПАДОБНАЙ ЗАЛОЗЫ Ў ДЗЯЦЕЙ


Юры Дракахруст, Прага

Большасьць выпадкаў раку шчытападобнай залозы ў дзяцей выкліканая малымі дозамі радыяцыі з навакольнага асяродзьдзя – ад каменьняў і касьмічных промняў. Да такой высновы прайшлі два навукоўцы: Кіт Бэйверсток з бонскага цэнтру здароўя і Пайві Курты з цэнтру радыяцыйнай і ядзернай бясьпекі ў Гельсынкі. Гэтыя навукоўцы мяркуюць, што нават малыя дозы радыяцыі небясьпечныя для здароўя. Шэраг дасьледчыкаў у ЗША і Францыі ставяць пад сумнеў такую выснову, існуе думка, што малыя дозы радыяцыі могуць нават быць карыснымі, умацоўваючы здольнасьць генэтычных клетак да аднаўленьня.

Аднак прыгаданыя дасьледчыкі з Бону і Гельсынкі базуюць свае вывсновы на вывучэньні вялікага эмпірічнага матэрыялу. Базаю для іх дасьледаваньняў сталі вынікі вывучэньня наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Яна стала прычынаю ня менш як 2000 дзіцячых захворваньняў на рак шчытападобный залозы. Далей навукоўцы выкарысталі гэтыя дадзеныя дзеля вызначэньня, якая верагоднасьць захворваньня дзяцей пры атрыманьні 9 мілігрэяў натуральнай радыяцыі. Гэта – сярэдні ўзровень радыяцыі, які атрымлівае дзіця ў Эўропе да 9 гадоў. Узрост 9 гадоў быў абраны невыпадкова – дзецям да гэтага ўзросту даволі рэдка робяць дасьледаваньні пры дапамозе рэнтгенаўскіх промняў, і таму адзінай вядомай прычынаю раку шчытападобнай залозы можа быць натуральная радыяцыя.

Высьветлілася, што гэтай дозы дастаткова, каб выклікаць 1-2 захворваньня ракам шчытападобнай залозы на кожны мільён дзяцей кожны год. Гэтая выснова грунтуецца на вывучэньні дадзеных па Фінляндыі, Нарвэгіі, Швэцыі і Даніі, краінах, у якіх статыстыка захворваньняў на рак шчытападобнай залозы – найлепшая ў сьвеце.

Бэйвэрсток і Курты заклікаюць да мінімізацыі ўзьдзеяньня на арганізм дзяцей любой радыяцыі, прынамсі, ужываньня рэнтгенаўскіх промняў пры лячэньні зубоў. “Пасьлячарнобыльскі досьвед паказвае, што дзіцячы рак шчытападобнай залозы – вельмі агрэсіўнае захворваньне, якое можа прывесьці да фатальнага выніку, калі не прымаць хуткія меры”, – сьцьвярджае Кіт Бэйвэрсток.
XS
SM
MD
LG