Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРАЦКІЯ ДЫПЛЯМАТЫ Ў БЭЙРУЦЕ АДМАЎЛЯЮЦЬ ДАТЫЧНАСЬЦЬ БАГДАДУ ДА КАНТРАБАНДНАГА ГРУЗУ


Віталь Тарас, Прага

Учора служба бясьпекі Лібану затрымала ў Бэйруцкім аэрапорце больш за 13 тонаў грузу, які накіроўваўся зь Беларусі ў Ірак. Аб гэтым паведаміла агенцыя Reuters. Паводле агенцыі, пры гэтым былі затрыманыя два лібанцы, чые імёны пазначаныя ў суправаджальных дакумэнтах. Груз – шлемы для танкістаў і прыборы сувязі для танкаў – быў канфіскаваны як кантрабандны. Сёньня, паводле Reuters, абодва затрыманыя былі вызваленыя пасьля таго, як суд забавязаў кожнага зь іх заплаціць штраф у 750 тысяч лібанскіх фунтаў (каля 500 даляраў ЗША).

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША летась заявіў, што валодае доказамі таго, што ў Беларусі трэніраваўся ваенны пэрсанал зь Іраку і што мелі месца незаконныя пастаўкі ўзбраеньняў Багдаду. Таксама ў мінулым годзе паліцыя ў Босьніі і ў Харватыі высунула абвінавачаньні супраць некалькіх асобаў, якія пастаўлялі ў Ірак выбуховыя рэчывы для гарматаў і ракетаў. Ізраіль, са свайго боку, абвінавачвае Сырыю, якая ў значнай ступені кантралюе Лібан, што яна дапамагае Іраку атрымаць зброю масавага зьнішчэньня.

Інцыдэнт у Бэйруце, зразумела, не застаўся па-за ўвагай мэдыяў на Захадзе. Тэма нелегальных паставак узбраеньняў рэжыму Садама Хусэйна мае асаблівую актуальнасьць зараз, калі інспэкцыя ААН актывізуе там пошукі зброі масавага зьнішчэньня.

Амэрыканская газэта “The New York Times” зьмясьціла на сваіх старонках карэспандэнцыю Associated Press пра затрыманьне партыі грузу з вайсковай экіпіроўкай і прыборамі сувязі. Паводле крыніцы ў лібанскіх сілах бясьпекі, груз, які прыбыў у Бэйруцкі аэрапорт у нядзелю ўначы, павінен быў быць перапраўлены праз Сырыю ў Ірак. Ірацкія дыпляматы ў Бэйруце адмаўляюць якую-небудзь датычнасьць Багдаду да кантрабанднага грузу – таксама, як і афіцыйныя асобы зь Беларусі, дарэчы – паведамляе Associated Press.

“The New York Times” у сёньняшнім нумары прыводзіць таксама падрабязнасьці судовай справы, зьвязанай зь нелегальнымі пастаўкамі ваеннай тэхнікі ў Ірак зь Нямеччыны. Двое нямецкіх бізнэсоўцаў – Бэрнд Шомпэтэр і Вілі Гайнц Рыбэк – абвінавачваюцца ў продажы Іраку кампанэнтаў для дальнабойных гарматаў у парушэньне санкцыяў ААН. Багдад адмаўляе факт закупкі нямецкага абсталяваньня для гарматаў. Аднак у мінулым, пачынаючы з 1980-х гадоў і да пачатку вайны ў Пэрсыдзкай Затоцы ў 1991-м, ФРН была самым буйным прадаўцом ваеннай тэхнікі і тэхналёгіяў Іраку. Газэта піша, што ў сувязі зь цяперашнім судовым працэсам узьнікае шэраг непрыемных пытаньняў адносна ролі Нямеччыны ва ўзбраеньні рэжыму Садама Хусэйна – асабліва калі ўлічыць цяперашнюю пазыцыю канцлера Шрэдэра, які выступае катэгарычна супраць баявых дзеяньняў у Іраку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG