Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАДАТКІ НА КОНЕЙ РАТУЮЦЬ БЮДЖЭТЫ РАЁНАЎ


Казімер Яноўскі, Гомель

Буда-Кашалёўскія ўлады ацанілі ўтрыманьне каня ў прыватнай гаспадарцы на дзьве базавыя велічыні. Так што сёлета гаспадарам гэтых працавітых жывёлаў прыйдзецца плаціць ужо не 20, а 24 тысячы рублёў.

Начальніца фінансавага аддзелу райвыканкаму Антаніна Кашыцкая сьцьвярджае, што “конскі падатак” прыносіць неблагі прыбытак раённаму бюджэту.

(Кашыцкая: ) “У тым годзе мы сабралі 26 мільёнаў рублёў. Сёлета будзе крыху болей, мільёнаў 27. Сэсія ўжо адбылася, гэты падатак уведзены”.

У Буда-Кашалёве сьцьвярджаюць, што ідэя ўвядзеньня падатку на коней належыць новаму старшыні райвыканкаму спадару Чарнышу, які раней працаваў намесьнікам кіраўніка аблсельгасхарчу ў пытаньнях эканомікі й добра ведаў, што зараз пагалоўе коней расьце.

Апошні час у рэгіёне за год колькасьць коней у прыватных гаспадарках сапраўды павялічваецца больш як на паўтысячы асобін. Паводле статыстыкі, цяпер прыватнікі трымаюць звыш 22 тысяч коней. Гэта ўдвая болей, чымсьці агулам у калгасах і саўгасах.

Коней трымаюць нават у абласным цэнтры, але займаюцца гэтам пераважна цыганы. Ля Цэнтральнага рынку гутару з 15-гадовым цыганскім хлопцам Іванам Рушняковым. Ён толькі два гады вучыўся ў школе і хадзіць туды болей не зьбіраецца.

(Рушнякоў: ) “Вунь, конь у мяне ёсьць, я буду зарабляць. Араць, туды-сюды”.

Коні сапраўды забясьпечваюць пэўную самастойнасьць іх гаспадарам. І асабліва ў вёсках, дзе дабітая тэхніка і дзе калгаснае начальства пад пагрозаю ня даць вяскоўцу каня апрацаваць соткі альбо прывезьці дровы, вымушае людзей быць больш згаворлівымі.

Цяпер, як бачым, улады абкладаюць гаспадароў коней падаткамі. Дарэчы, апроч Буда-Кашалёва, падатак на коней увялі і ў Рагачоўскім раёне. У Жлобінскім сталі зьбіраць сёлета падатак з прыватных уладальнікаў аўтамабіляў і міні-трактароў.

Прэзыдэнцкі інспэктар у рэгіёне Зянон Ломаць нават выказаў засьцярогу з прычыны падобных ініцыятываў: маўляў, так нядоўга дабрацца з падаткамі й да вясковых пеўняў.
XS
SM
MD
LG