Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ СПАТРЭБЯЦЦА БЕЛАРУСАМ У РАСЕІ МІГРАЦЫЙНЫЯ КАРТКІ?


Ганна Соусь, Менск

З 1 лютага на ўсіх пунктах пропуску расейскай мяжы замежнікам пачнуць афармляць міграцыйныя карткі ў адпаведнасьці з адпаведным расейскім законам, які пачаў дзейнічаць яшчэ летась. Міністар унутраных справаў Расеі Барыс Грызлоў надоечы заявіў, што беларусы пад дзеяньне гэтага закону ня падпадаюць. Але пакуль у Беларусі не атрымалі ніякага дакумэнтальнага пацьверджаньня гэтых словаў.

Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Дзьмітры Партон, заявы Барыса Грызлова пакуль ніякімі прававымі актамі не падмацаваныя. На мінулым тыдні прадстаўнікі МУС Беларусі сустракаліся са сваімі калегамі ў Маскве, але ніякай пэўнасьці наконт міграцыйных картак не дасягнулі. Паводле Дзьмітрыя Партона, гэтае пытаньне павінна вырашацца не ў Беларусі, а ў Расеі.

Тым часам у Маскве ўжо пачалі афармляць міграцыйныя карткі ўсім замежнікам, якія прыехалі ў Расею больш чым на тры дні, у тым ліку й беларусам. Ва ўпраўленьні пашпартна-візавай службы маскоўскай міліцыі, дзе непасрэдна займаюцца выдачай картак, Радыё Свабода паведамілі, што беларусы пакуль ня маюць ніякага адмысловага статусу й падпадаюць пад усе нарматыўныя акты, што тычацца замежнікаў.

(Супрацоўніца пашпартна-візавай службы: ) “Усе замежнікі афармляюць карткі, атрымліваюць дазвол у тэрытарыяльных АВІРах. У тым ліку й беларусы. Пакуль няма саюзнай дзяржавы, усё гэта толькі на паперы. Беларусь у нас пакуль лічыцца замежнай дзяржавай”.

Каля 200 тысяч беларусаў сэзонна працуюць у Расеі, але на часовы ўлік у органах мясцовай улады становяцца толькі адзінкі. Гаворыць дырэктар Дэпартамэнту міграцыі пры Міністэрстве працы й сацыяльнай абароны Беларусі Лявон Юхнавец:

(Юхнавец: ) “Паводле афіцыйных дадзеных, прыяжджае каля 4 тысяч. Другія едуць проста на сваю ініцыятыву. Цяпер ладзіцца праца пэўнымі коламі Расеі па ўдасканаленьні ўзьнікаючых пытаньняў. А наконт міграцыйных картаў, дык ідзе размова пра тых замежных грамадзянаў, якія накіроўваюцца ў Расею празь Беларусь. Для іх зараз і разглядаецца пытаньне аб запаўненьні міграцыйных картак. Канчатковага рашэньня па гэтым пытаньні яшчэ няма. А калі й былі асобныя моманты, дык таму, што выканаўца, які непасрэдна займаецца гэтай справай, ня ў поўнай ступені ведае заканадаўства. Каб не наламаць дроваў, трэба падыходзіць вельмі асьцярожна да вырашэньня любой справы, а гэтай тым больш”.

Дырэктар дэпартамэнту міграцыі Лявон Юхнавец упэўнены, што павінны быць прынятыя такія рашэньні, якія б не супярэчылі саюзным пагадненьням пра роўныя правы грамадзянаў Беларусі й Расеі на тэрыторыі абедзьвюх краінаў.

Міграцыйныя карты ў Расеі ўвялі дзеля барацьбы зь нелегальнай працоўнай міграцыяй. Пры афармленьні карткі ўсе замежнікі абавязаныя ўказваць сваё імя, пашпартныя зьвесткі й мэту паездкі. Да таго ж картку трэба ўвесь час мець з сабой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG