Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМАРГОНСКАЯ ВЭРТЫКАЛЬ ЗМАГАЕЦЦА ЗЬ НЕДЗЯРЖАЎНАЙ РЭГІЯНАЛЬНАЙ ГАЗЭТАЙ


Ігар Карней, Менск

Фармальна прэтэнзіі да заснавальніка “Новай газэты Смаргоні” ня маюць эканамічнага ці палітычнага падтэксту. Прадпрымальніка вінавацяць у невыкананьні правілаў пажарнай бясьпекі й патрабаваньняў нормаў працоўнага заканадаўства. Сам Рамуальд Улан кажа, што кожнае з гэтых папярэджаньняў цягне штраф на чатыры мінімальныя заробкі. Але выплата грошай ня стала падставай да спыненьня канфлікту. На патрабаваньне Смаргонскага райвыканкаму справа Ўлана будзе разгледжана ў гаспадарчым судзе Гарадзенскай вобласьці. Гаворыць Рамуальд Улан:

(Улан: ) “Я ня ведаю, што гэта пацягне. Пакуль юрысты адназначна ня могуць сказаць, ці будзе аўтаматычна зьліквідаваная газэта з тае падставы, што я аднаасобны заснавальнік выданьня. Прынамсі, калі мне выдавалі пасьведчаньне аб рэгістрацыі СМІ, патрабавалі пасьведчаньне прадпрымальніка з указаньнем дазволу на выдавецкую дзейнасьць. Таму баюся, што пойдзе загад на ануляваньне ліцэнзіі на выданьне “Новай газэты Смаргоні”. Калі прэцэдэнт здарыцца, будзе зялёная вуліца зачыняць іншыя рэгіянальныя газэты. І гэты прэцэдэнт, дарэчы, наўпрост закладзены ў дэкрэце Лукашэнкі аб арганізацыі і ліквідацыі камэрцыйных прадпрыемстваў”.

Рамуальд Улан упэўнены, што супрацьстаяньне з уладай выклікана ягоным жаданьнем пашырыць выдавецкую дзейнасьць. Летась Улан распачаў кампанію за адкрыцьцё яшчэ дзьвюх рэгіянальных газэтаў — “Новай газэты Астраўца” і “Новай газэты Ашмянаў”. Дзеля ўласна выдавецкай дзейнасьці не хапала толькі дазволу райвыканкаму на разьмяшчэньне рэдакцыі. Але двойчы на запыт рэдактара вэртыкаль казала катэгарычнае “не”. Праўда, абодва разы абласны гаспадарчы суд выносіў рашэньне на карысьць прадпрымальніка. Як сытуацыя разьвівалася далей, распавядае юрыст БАЖ Андрэй Бастунец:

(Бастунец: ) “Калі гэта здарылася трэці раз, Смаргонскі райвыканкам зьвярнуўся ў суд з пазовам аб ліквідацыі Ўлана як прадпрымальніка. Мне здаецца, выканкам проста стаміўся зь ім змагацца”.

(Карэспандэнт: ) “Якія рэальныя захады неабходна Ўлану зрабіць, каб сытуацыю нейкім чынам выправіць?”

(Бастунец: ) “Трэба змагацца ў судзе. Мне здаецца, ёсьць вялікія шанцы працэс выйграць, як ён рабіў гэта раней. Па-другое, Улан зараз зьвяртаецца да грамадзкасьці Смаргоні, членаў выканкаму, каб райвыканкам зьмяніў рашэньне і, магчыма, адклікаў пазоў”.

Сам Рамуальд Улан ня вельмі разьлічвае на станоўчы вынік суду:

(Улан: ) “Вельмі кепска, што суд у нас не незалежны. Судзьдзя будзе кіравацца сваімі асабістымі меркаваньнямі. Пэсымісты ўжо зараз кажуць: два разы парушылі (не абавязкова парушэньне адно і тое ж) — усё, можна зьліквідоўваць. Так запісана ў законе, дэкрэце прэзыдэнта, і калі трактаваць менавіта з гэтага гледзішча, то зьліквідуюць. Хоць мы паднялі статыстыку і знайшлі, што на Смаргоншчыне вельмі многа такіх парушэньняў. Больш за 50 суб’ектаў гаспадараньня двойчы цягам 2002 году парушалі заканадаўства. Нікога зь іх не зачыняюць. Мы парушылі толькі раз, і нас чамусьці зьліквідоўваюць. Інышымі словамі, мэтанакіраваная кампанія супраць нас”.

“Новая газэта Смаргоні” выходзіць з 1996 году і цягам усяго часу мае найбольшы давер у чытачоў: падпіска на яе большая за іншыя газэты рэгіёну.
XS
SM
MD
LG