Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЕВЯДОМАЯ БНР


Сяргей Шупа, Прага

На той час ужо паўгода край жыў пад нямецкай акупацыяй. Віленскія палякі, літоўцы і беларусы пачыналі адкрыта гаварыць пра тое, пра што яшчэ зусім нядаўна, пад расейцамі, не спрабавалі нават думаць.

Згаданая кампанія ў “Штралі” ўпершыню счапілася за палітыку. Счапілася сур’ёзна, за рэзкімі словамі пайшлі рэзкія рухі. Спрачаліся за Вільню. Абражаны нечаканымі прэтэнзіямі беларусаў, зацяты паляк архівіст Вацлаў Студніцкі вырашыў спрэчку радыкальна, накаўтаваўшы свайго хваравітага апанэнта Івана Луцкевіча, якога паплечнікам давялося выносіць са “Штралю” на руках.

Гэтую сцэну маляўніча апісаў у сваім дзёньніку будучы літоўскі дыплямат Пятрас Клімас, не хаваючы злараднага задавальненьня – хай сабе канкурэнты тузаюцца між сабою. Клімас, аднак, ня ведаў, што гэты інцыдэнт стаўся апошняй кропляй, якая вырашыла канчатковую пазыцыю братоў Луцкевічаў – тагачасных лідэраў беларускага палітычнага руху. Ніякіх Вялікіх Княстваў і Рэчаў Паспалітых. Ніякіх хаўрусаў, ніякага даверу да прагных і падступных суседзяў. Незалежнасьць. Толькі незалежнасьць.

***

Ад таго часу падзеі пачалі разьвівацца штораз хутчэй. Сталіцай беларускага руху ўпершыню і амаль выпадкова стаўся Менск – толькі таму, што нямецкі наступ 1915 году адрэзаў Вільню ад рэшты Беларусі, і амаль усе беларускія сілы ў паваротным 1917 годзе апынуліся ў Менску. І вось, прыехаўшы ў сакавіку 18-га ў Менск, дэлегацыя віленскіх беларусаў на чале з братамі Луцкевічамі публічна вынесла даўно абдуманую і высьпеленую ідэю незалежнасьці на дзённае сьвятло. Менскія беларусы, не бяз шоку, падтрымалі гэтую ідэю.

І хоць Беларуская Народная Рэспубліка захоўвала рэальны кантроль на рэальнай тэрыторыі зусім нядоўга, ужо і гэтага было дастаткова, каб сон палітыкаў-культурнікаў стаўся явай. Наступствы тых, здавалася б, на пачатку зусім незаўважных, эфэмэрных, выпадковых падзеяў мы бачым сёньня на карце Эўропы.

Падзеі Першай сусьветнай вайны, якая ў Беларусі працягвалася сем гадоў – найдаўжэй у сьвеце, не пакінулі БНР шанцаў на спакойнае жыцьцё. Сталіца – сядзіба кіраўніцтва – зь Менску перасунулася ў Вільню, пасьля ў Горадню, адтуль у Бэрлін, Рыгу, Коўна, Прагу, Парыж, а адтуль і наагул за акіян, дзе застаецца і цяпер. Аднак з самой Беларусі БНР так ніколі й ня зьнікла, а ператварылася ў прывіда, які жыве ў беларускім доме сваім таямнічым жыцьцём і дагэтуль, праз 85 гадоў працягвае палохаць адных яго насельнікаў і навявае рамантычны настрой другім.

***

Пачынаючы сэрыю перадачаў, прысьвечаных малавявядым старонкам беларускай гісторыі, я пазнаёмлю вас зь некаторымі тэмамі, якія прагучаць на нашых хвалях на працягу найбліжэйшых трох месяцаў.

Вы пачуеце

- пра тое, як 19-гадовая дзяўчына за месяц перайшла чатыры лініі фронту дзьвюх войнаў і, чатыры разы арыштаваная і двойчы абрабаваная, здолела выканаць складанае сакрэтнае заданьне надзвычайнай дзяржаўнай важнасьці

- пра тое, як атаман Хмара на фоне грымасаў усясьветнай вайны змагаўся з маскоўскімі бальшавікамі, польскімі асаднікамі, беларускімі палітыкамі, літоўскімі бюракратамі, польскаю дэфэнзываю, расейскімі агентамі, зноў зь беларускімі палітыкамі, францускімі паліцыянтамі, расейскімі фашыстамі. Гэты сьпіс, мабыць, працягваўся б і надалей, калі б сьлед атамана не згубіўся на крутых паваротах гісторыі;

- пра бурлівы лёс дарадніка беларускага прадстаўніцтва ў Фінляндыі, які за кароткае жыцьцё пасьпеў пазмагацца за незалежнасьць татарскага Крыму, Карэліі, Інгерманляндыі, стаць палітычным кілерам і легендай фінскай гісторыі, нелегальна прабрацца ў Расею з мэтай ліквідацыі бальшавіцкіх лідэраў ды загінуць у падвалах Лубянкі;

- пра тое, як уцёкшы ад перасьледу акупацыйных уладаў зь Менску ў Бэрлін, беларускія палітыкі апынуліся ў віхуры сусьветных манархічных змоваў;

- пра тое, якія прыгоды давялося перажыць беларускаму консулу ў Адэсе – у тыя гады адным з самых неспакойных месцаў у сьвеце ;

- пра тое, як узьнімаў сьцяг БНР на зямлі Вашынгтона Беларускі Калюмб Янка Чарапук;

- пра неразгаданыя загадкі БНР - нераскрытыя змовы, нерасшыфраваныя крыптаграмы, нерастрачаныя патроны.

Пра ўсё гэта – у перадачах “Невядомая БНР”, якія будуць гучаць на хвалях нашага радыё кожны аўторак з паўторам у пятніцу. Да сустрэчаў у эфіры.


“Невядомая БНР”: Аўгіньня Алексючанка

“Невядомая БНР”: Ян Чарапук

“Невядомая БНР”: Беларускія палітыкі і міжнародныя змовы

“Невядомая БНР”: Дыпляматы і тэрарысты

“Невядомая БНР”: “Будучы паводле нараджэньня беларусам...”

“Невядомая БНР”: Консул Некрашэвіч

“Невядомая БНР”: Габрэі ў БНР

“Невядомая БНР”: БНР і савецкая Расея

“Невядомая БНР”: Атаман Хмара
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG