Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦАРКВА І ДЗЯРЖАВА Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСІ


Юры Дракахруст, Прага

Удзельнічаюць: Валянцін Акудовіч, Эліягу Валк, Міхайла Рамач, Павал Севярынец, Дзьмітры Фурман.

(Дракахруст: ) “Я ніяк не магу душою ўспрыняць і зразумець, што ў нас царква неяк аддзеленая ад дзяржавы”, – такія словы прамовіў Аляксандар Лукашэнка падчас сьвяткаваньня сёлетніх Калядаў. Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў падмурак беларускага жыцьця і маралі ўлады паклалі хрысьціянскія каштоўнасьці.

Заявы Лукашэнкі – нагода задумацца над рольлю царквы ў грамадзкім жыцьці. Тым больш, што заявы пра хрысьціянізацыю жыцьця, палітыкі ў Беларусі можна пачуць і з вуснаў зацятых апанэнтаў Лукашэнкі: гэта ўлюбённая тэма лідэра Маладога Фронту Паўла Севярынца, а Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ мае прыметнік “хрысьціянская” нават у сваёй назве.

Ці супадае ўяўленьне прыгаданых апазыцыянэраў пра “хрысьціянізацыю” жыцьця грамадзтва з поглядамі і палітыкаю кіраўніка дзяржавы? Гаворыць Павал Севярынец”.

(Севярынец: ) “Я мяркую, што не зусім супадае. Той, хто спрабуе спалучыць дзяржаву і царкву, у рэшце рэшт атрымлівае інквізыцыю, паляваньне на ведзьмаў і г.д. Гэта ў першую чаргу разбурае веру, разбурае самую царкву, бо ў Бібліі сказана: “Богу – Богава, кесару – кесарава”. Разам з тым, словы пра тое, што царква мусіць стаць апірышчам грамадзтва, гэта тое, што патрэбна сёньняшняй Беларусі, без чаго яна не падымецца. Джордж Вашынгтон казаў: “Немагчыма правільна кіраваць сьветам бяз Бога і Бібліі”. “Толькі тыя нацыі добраславёныя, якія маюць Бога па-над сабою”, – гэта ўжо Авраам Лінкальн. Тыя ж самыя словы знойдзем у Рональда Рэйгана. Хрысьціянства як сыстэма каштоўнасьцяў, як аснова здаровага нацыянальнага сьветапогляду павінна стаць альтэрнатываю бездуховаму, саўковаму рэжыму і таму грамадзкаму заняпаду, які мы зараз назіраем. Так было ва ўсім сьвеце, так, я веру, будзе і ў Беларусі.

Ва ўсе часы гісторыі Беларусі найбольшы росквіт прыпадаў на той час, калі ўсё грамадзтва падымалася дзеля слова Боскага, душы людзей імкнуліся да абсалюту, да Хрыста. Духовы, хрысьціянскі ўздым Беларусі выключыць зьяўленьне такіх фэномэнаў, як Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка і сёньняшняя апатычная Беларусь, бо ў Беларусі веры і любові няма месца ані дыктатуры, ані перасьледу друку, ані зьнікненьню палітычных апанэнтаў, усяго тога, што мы назіраем сёньня.

Я за тое, каб царква працавала з грамадзтвам, але я супраць таго, каб яна рабілася тэакратыяй, каб яна набывала дзяржаўную ўладу. Гэта вельмі пільная і небясьпечная мяжа і яе ні ў якім разе нельга пераходзіць. Калі ня Бог, а людзі атрымліваюць уладу вяршыць людзкія лёсы, прыкрываючыся імем Боскім – гэта жахліва для хрысьціянства.

Тэхналягічна эвангелізацыя мусіць адбывацца не з гары ўніз, а зьнізу ўгару, з суполак, з грамадаў, якія падымаюць нацыю, як гэта было ў часы Рэфармацыі, як гэта было ў Беларусі ў ХVI стагодьдзі, як гэта было ў Полацкім княстве, якое прыняла хрысьціянства – і адразу Беларусь выйшла на гістарычную арэну. Гэтак жа было ў часы Адраджэньня, калі Пазьняк казаў: “Не кілбасы мусім шукаць, а Бога”. І людзі сапраўды шукалі Бога, вялі змаганьне чыста, ідэйна, самаахвярна. Вось што можа выратаваць Беларусь”.

(Дракахруст: ) “Такім чынам лідэр “Маладога Фронту”, у адрозьненьні ад Аляксандра Лукашэнкі, не ўхваляе зрошчваньне царквы з дзяржаваю і лічыць неабходным праводзіць мяжу паміж рольлю веры і рольлю царквы.

Але ці заўсёды можна правесьці такую мяжу і ці існуе яна ўвогуле? Паводле дадзеных сацыялягічных апытаньняў, царква нават у сучасных грамадзтвах карыстаецца вялікім аўтарытэтам, асабліва гэта ўласьціва пераходным грамадзтвам. Пасьля краху камуністычнай ідэалёгіі грамадзкая сьвядомасьць шукае нейкага маральнага, духоўнага апірышча.

Паводле леташняга апытаньня Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, праваслаўнай царкве давяраюць дзьве траціны беларусаў. Прыблізна такі ж узровень даверу да праваслаўнай царквы фіксуецца падчас апытаньняў і ў Расеі. Дадзеныя Бялградзкага цэнтру дасьледаваньняў грамадзкай думкі сьведчаць пра тое, што ў і Сэрбіі ўзровень даверу да праваслаўнай царквы істотна перавышае 50% – напрыклад, летась ён дасягаў амаль 80%.

Як бачым, ва ўсіх трох краінах давер да праваслаўнай царквы – надзвычай высокі, а ў Беларусі і ў Сэрбіі праваслаўная царква апярэджвае паводзе ўзроўню даверу ўсе астатнія грамадзкія і дзяржаўныя інстытуты. У гэтых умовах ва ўлады ўзьнікае нясьцерпная спакуса падмацаваць сваю легітымнасьць, абапіраючыся на падтрымку, здавалася б, самага аўтарытэтнага інстытуту грамадзтва. Гаворыць культуроляг Валянцін Акудовіч”.

(Акудовіч: ) “Царква зараз хаўрусуецца з уладаю, дарэчы, яна заўсёды хаўрусавалася, прынамсі, царква візантыйскага тыпу. Гэта зразумела – ёй патрэбна вярнуць будынкі, ня лішне будзе нейкім чынам увайсьці ў падручнікі, у школы. Навошта патрэбна гэта ўладзе – таксама зразумела. Яна спадзяецца на падтрымку царквы ў тых сытуацыях, калі ёй гэтая падтрымка будзе патрэбная. Гіерархі ад царквы і гіерархі ад улады за гэтыя свае маніпуляцыі ў пекле будуць добра жарыцца. І адныя, і іншыя ў гэтых сваіх маніпуляцыях выступаюць супраць сутнасьці рэлігіі і наўпрост супраць Бога і Боскага слова”.

(Дракахруст: ) “Бачыць у шчыльных сувязях царквы з уладаю д’ябальскае, як гэта робіць сп-р Акудовіч, магчыма, залішне радыкальна, але відавочна, што часьцей за ўсё гэта ня Боскае, а чалавечае, занадта чалавечае. Тут варта прывесьці дадзеныя прыгаданага апытаньня НІСЭПД, паводле якіх каталіцкай царкве ў Беларусі давярае прыблізна кожны трэці апытаны – удвая менш, чым праваслаўнай царкве, а пратэстанцкім цэрквам – толькі 13%, гэта найменшы паказчык сярод усіх грамадзкіх інстытутаў. Прыгадаем, што леташні закон ад свабодзе веравызнаньня стварыў рэжым найбольшага спрыяньня для праваслаўнай царквы, крыху прыціснуў каталікоў і паставіў ня мяжу выжываньня пратэстантаў. Улада нібыта ведала прыгаданыя лічбы: якой царкве давяраюць – яе ўзяць у саюзьнікі, якой не давяраюць – душыць, народ зразумее і падтрымае.

Паводле вядомага расейскага палітоляга, дасьледніка рэлігійнасьці Дзьмітрыя Фурмана ўзаемаадносіны царквы і ўлады ў Расеі вельмі падобныя на беларускую сытуацыю”.

(Фурман: ) “Шмат у якіх аспэктах расейскі рэжым робіцца падобным на беларускі. Але ў гэтым пытаньні я ніякіх прынцыповых адрозьненьняў увогуле ня бачу. Псыхалягічная патрэба ў нейкай дзяржаўнай ідэалёгіі, патрэба ўсіх партработнікаў, якія сталі новай дэмакратычнай элітаю, гэтая патрэба аднолькавая, што ў Беларусі, што ў Расеі, што ў іншых краінах СНД. І зварот да царквы як да сурагату старой ідэалёгіі зусім натуральны, і ў нас эвалюцыя ў бок ператварэньня праваслаўя у нейкую дзяржаўную ідэалёгію, у нейкі прыдатак дзяржавы, адбываецца гэтак жа, як і ў Беларусі. Іншая справа, што рэальная роля царквы, мяркую, што і ў Беларусі гэтак жа, яна не настолькі вялікая. Узровень наведваньня цэркваў у Расеі і, наколькі я ведаю, у Беларусі, вельмі нізкі, адзін з самых нізкіх у Эўропе. Ёсьць такі абстрактны аўтарытэт царквы ў народу. Царква паводле ўсіх апытаньняў, дзе задавалася пытаньне аб даверы розным інстытутам, даўгі час займала ў Расеі першае месца. Зараз яна займае другое месца пасьля прэзыдэнцкай улады.

Але гэты давер мае зусім абстрактны характар. У тых жа апытаньнях, калі людзей пытаюць, ці маеце Вы нейкія кантакты са сьвятарамі, пераважная доля адказвае адмоўна. Рэгулярна ў царкву ходзяць у Расеі 7-8% насельніцтва. Гэта давер да інстытуту, які фактычна невядомы, зь якім рэальна няма аніякіх кантактаў”.

(Дракахруст: ) “Гэты парадокс, прыгаданы прафэсарам Фурманам, цалкам уласьцівы і беларускаму грамадзтву: надзвычай высокі давер да праваслаўнай царквы спалучаецца з надзвычай нізкім узроўнем удзелу людзей ў царкоўным жыцьці, у выкананьні абрадаў. Дык што на самой справе азначае гэты давер, гэты высокі аўтарытэт, наколькі людзі прыслухоўваюцца да слова царквы ў мірскіх справах?

Зьвернемся да досьведу яшчэ адной краіны, дзе, як і ў Беларусі, і ў Расеі праваслаўе займае дамінуючае становішча. Гаворыць карэспандэнт украінскай службы нашага радыё ў Сэрбіі Міхайла Рамач”.

(Рамач: ) “Сэрбская праваслаўная царква з часу, калі была створаная сэрбская дзяржава ў 19-м стагодзьдзі, заўсёды была дзяржаўнаю царквою, гэта значыць, царквою, якая была зьвязаная зь дзяржаўнымі інстытуцыямі і дзяржаўнымі кіраўнікамі. Царква была адной з тых інстытуцыяў, разам з Акадэміяй навук і Саюзам пісьменікаў , якія напачатку кар’еры Слабадана Мілошавіча падтрымлівалі яго і ягоную палітычную праграму. Сэрбская праваслаўная царква рашуча падтрымлівала Мілошавіча з 1990-га па 2000 год, падтрымлівала ягоныя войны ў Харватыі, у Босніі-Герцагавіне, у Косаве. І толькі тады, калі Мілошавіч апынуўся на мяжы непазьбежнай паразы, царква адвярнулася ад яго і падтрымала Ваіслава Каштуніцу. Зараз царква падтрымлівае перш за ўсё нацыяналістычныя колы ў сэрбскай палітыцы. Гэта трагедыя царквы, бо яна надта глыбока ўплішчвалася ў палітыку, і уплішчвалася менавіта тады, калі палітыка адыгрывала вельмі нэгатыўную ролю ў балканскім рэгіёне”.

(Дракахруст: ) “Паводле Міхайлы Рамача, сэрбская праваслаўная царква прадэманстравала дальнабачнасьць, калі падчас выбараў 2000 году, зразумеўшы непазьбежнасьць паразы Мілошавіча, падтрымала Каштуніцу. Праваслаўная царква ў Беларусі падчас прэзыдэнцкіх выбараў 1994 году да апошняга падтрымлівала тагачаснага прэм’ер-міністра Вячаслава Кебіча, што не перашкодзіла перамозе Лукашэнкі. Дык ці такі ўжо істотны ўплыў царквы на паводзіны людзей у сьвецкіх справах? Дарэчы, калі казаць пра расейскі досьвед, то паводле дадзеных апытаньняў расейскага Фонду “Общественное мнение”, большасьць расейцаў пры ўсім даверы да царквы нэгатыўна ставяцца да яе наўпроставага ці ўскоснага ўплыву на палітыку. На думку прафэсара Фурмана, расейская праваслаўная царква адчувае гэтыя межы свайго ўплыву”.

(Фурман: ) “У мяне ўражаньне, што царква амаль ня ўплішчваецца ў палітыку. Яна ўплішчваецца ў палітыку і пачынае актыўную лябісцкую дзейнасьць там, дзе наўпрост закранутыя яе інтарэсы. Перш за усё ў сфэры ўзаемаадносінаў царквы і дзяржавы і абмежаваньня розных інаверных уплываў. Але такія пытаньні, як, скажам, прыватызацыя, зямельная рэформа – я не магу прыгадаць, каб царква на гэты конт хаця б неяк выказвалася.

Зь іншага боку, ёсьць расейская традыцыя, расейская мэнтальнасьць, паводле якой царква заўжды імкнулася быць пры ўладзе, асьвячаць гэтую ўладу і атрымліваць ад яе штосьці. Вось гэта працягваецца. Царква робіць нейкія знакі ўвагі ўладам у адказ на такія ж знакі з уладнага боку.

У 1996 годзе патрыярх Алексій заклікаў галасаваць за Ельцына. Гэта ня значыць, што палітыка Ельцына яму была бліжэйшая, чым палітыка Зюганава ці Жырыноўскага. Гэта такі канфармізм, руская традыцыя служэньня ўладзе, якая захоўваецца дагэтуль. Хаця мне падаецца, што ў пуцінскі час гэта праяўляецца менш, чым пры Ельцыне”.

(Дракахруст: ) “Назіраньне Дзьмітрыя Фурмана пра сувязь царкоўнага і нацыянальнага – вельмі цікавае і важнае. Пра гэта іншымі словамі сказаў у калядным інтэрвію газэце “Коммерсант” Патрыярх Маскоўскі і Ўсяя Русі Аляксій Другі. Неабходнасьць абавязковага выкладаньня ў школах асноваў праваслаўнай культуры ён патлумачыў наступным чынам: “І ня трэба хвалявацца, што сярод вучняў будуць дзеці мусульманаў, юдэяў, будыстаў, паколькі дасягненьні расейскай культуры, а яна гістарычна зьяўляецца праваслаўнаю, ёсьць неад’емная частка ўсясьветнай духоўнай скарбонкі”.

Пра повязь нацыянальнага і рэлігійнага ў сэрбскім грамадзтве гаворыць Міхайла Рамач”.

(Рамач: ) “Царква для Сэрбіі ў большай ступені нацыянальная, а не духоўная інстытуцыя. Царкава дужа кансэрватыўная інстытуцыя і занадта завязаная з уладаю. У пачатковых і сярэдніх школах уведзенае навучаньне рэлігіі. Царкоўныя гіерархі зьвязаныя з нацыяналістычнымі коламі, якія былі блізкія да Слабадана Мілошавіча. Яны ня дужа супрацоўнічаюць зь цяперашнімі ўладамі, хаця ўлады даюць усе магчымасьці для дзейнасьці царквы, выступаць у школах, друкаваць царкоўныя публікацыі безь ніякай цэнзуры. Уплыў царквы на сэрбскае грамадзтва – дзякуючы таму што яна застаецца вельмі кансэрватыўнай інстытуцыяй, гэты ўплыў царквы ня надта вялікі.

Давер да дзяржаўных інстытуцыяў у такім нестабільным грамадзтве, як сэрбскае, вельмі нізкі. Больш-менш высокім даверам карыстаюцца толькі царква і войска, Царква усё ж самая старая інстытуцыя.

У цэрквах людзей няма”.

(Дракахруст: ) “І тут назіраем падабенства зь Беларусьсю і Расеяй: вялікі давер да царквы і пустыя храмы.

На пачатку нашай размовы мы чулі меркаваньне Паўла Севярынца наконт рэлігійнага адраджэньня як умовы адраджэньня нацыянальнага. Заўважым, што гэтая сувязь уласьцівая далёка ня ўсім нават эўрапейскім грамадзтвам. Паўстаньне ў агні рэвалюцыі францускай нацыі ў яе цяперашнім разуменьні суправаджалася глыбокім заняпадам царквы, а часткаю палітыкі Бісмарка па аб’яднаньні Нямеччыны быў “культуркампф” – жорсткая барацьба з уплывам каталікай царквы на грамадзкае жыцьцё. Паводле меркаваньня Валянціна Акудовіча, менавіта хрысьціянская вера і нацыянальная ідэя, па вялікім рахунку, увогуле ідэі супрацьлеглыя”.

(Акудовіч: ) “Хрысьціянскі Бог зьявіўся на зьмену паганскім багам менавіта дзеля таго, каб замяніць калектыўнага бога на пэрсанальнага. Паганскія багі былі багамі пэўнага племені, храсціянскі маністычны Бог – гэта Бог для кожнага пэрсанальна. Гэта ня Бог беларусаў, расейцаў, амэрыканцаў, палякаў – гэта Бог Васіля, Ганны, Фядоса і г.д. Грамадзтва ня можа класьці ў свой падмурак хрысьціянскія каштоўнасьці, іх можа і мусіць класьці ў аснову свайго жыцьця кожны асобны чалавек.Супольнае грамадзкае жыцьцё мусіць будавацца на іншых каштоўнасьцях. Калі я кажу на іншых, гэта ня значыць, што на антыхрысьціянскіх, але на каштоўнасьцях сацыяльных, на каштоўнасьцях культурных.

Хрысьцянская ідэя і нацыянальная ідэя – гэта ня тое, што хаўрусьнікі, гэта, калі заўгодна, глыбока варожыя ідэі па сваёй сутнасьці. Хрысьціянства скіраванае на вылучэньне чалавека з супольнасьці ў самадастатковую адзінку, якая лучыцца толькі з Богам, нацыянальная ідэя лучыць усіх з усімі на нацыянальных і культурных каштоўнасьцях.

Пры ўсёй зьнешняй прывабнасьці хрысьціянства для нашых апазыцыйных палітыкаў як таго, што можа падтрымаць іх палітычную вэрсію ўладкаваньня Беларусі, такія памкненьні закладаюць страшэнную супярэчнасьць.

Кожны нацыянальна заангажаваны чалавек можа быць вернікам, гэтак жа, як і глыбокі вернік, напэўна, можа быць нацыянальна заангажаваным. Хаця ўжо тут пачынаецца няпраўда: альбо ён не да канца глыбокі вернік, альбо ён не да канца шчыра нацыянальна заангажаваны ці не разумее, што чым больш ён верыць у Бога, тым менш у ім застаецца нацыянальнай ідэі. А чым больш ён нацыянальна заангажаваны, значыць, тым менш у ім Бога”.

(Дракахруст: ) “І напрыканцы досьвед яшчэ адной краіны і веры, для беларусаў далёкай, але не зусім ужо і чужой. Гаворыць былы амбасадар Ізраілю ў Беларусі Эліягу Валк”.

(Валк: ) “У Ізраілі рэлігія робіць уплыў шмат на якія сфэры жыцьця, больш, чым у іншых краінах. Увогуле казаць пра аддзяленьне рэлігіі ад дзяржавы ў Ізраілі даволі цяжка, гэтак жа цяжка, як аддзяліць два кампанэнты паняцьця габрэй – гэта і нацыянальная, і рэлігійная супольнасьць. І нават у пэрспэктыве рэлігія наўрад ці будзе аддзеленая ад дзяржаўных інстытутаў Ізраілю.

Вядома, што грамадзкі транспарт у Ізраілі па суботах амаль ня дзейнічае, паколькі паводле рэлігіі субота – дзень адпачынку. У гэты дзень не працуюць аніякія дзяржаўныя установы, акрамя тых, якія неабходныя для падтрыманьня жыцьцядзейнасьці краіны, такія як хуткая дапамога.

Гэтыя абмежаваньні выклікаюць вострыя спрэчкі і канфлікты. Ёсьць шмат гандлёвых комплексаў, якія працуюць па суботах, а рэлігійныя людзі і рэлігійныя партыі супрацьдзейнічаюць гэтаму.

Тут варта сказаць пра важкую ролю рэлігійных партыяў. Яны разам маюць прыкладна пятую частку галасоў у кнэсэце. Зь іх ціскам даводзіцца лічыцца.

І гэта пытаньне ня толькі дэмакратыі, але і дэмаграфіі. Доля рэлігійнага насельніцтва імкліва расьце – сярод іх вельмі высокая нараджальнасьць”.

(Дракахруст: ) “Паводле Эліягу Валка, рэлігія шмат што наўпрост вызначае і ў палітычнай пабудове Ізраілю, і ў яго зьнешняй палітыцы”.

(Валк: ) “У нашай Канстытуцыі, дакладней, у нашых законах не напісана, што рэлігія аддзеленая ад дзяржавы, але не напісана і адваротнага. Я агаварыўся, сказаўшы пра Канстытуцыю, і гэта яскравы прыклад: адна з прычынаў, чаму ў краіне няма пісанай Канстытуцыі – рэлігійная частка насельніцтва, і ня толькі яна, лічыць, што сапраўдная канстытуцыя запаведаная нам Богам і запісаная ў Торы, у Пяцікніжжы.

Уплыў рэлігіі на зьнешнюю палітыку можна заўважыць у нашай прысутнасьці на тэрыторыях Юдэі і Самарыі. Нашая прысутнасьць абумоўлена тым, што, паводле зноў жа Пяцікніжжа, гэтая зямля дараваная габрэям. Гэтак лічыць значная доля насельніцтва Ізраілю, а ёсьць ваяўніча настроеныя людзі, якія лічаць, што трэба і сяліцца на гэтай зямлі, дараванай нам Богам. Яны не гатовыя аддаць гэтую зямлю, і гэтым тлумачыцца тое, што Ізраіль займае тую, а не іншую пазыцыю ў канфлікце з арабамі”.

(Дракахруст: ) “Пры ўсіх адрозьненьнях Расеі і Сэрбіі ад Ізраілю варта заўважыць і пэўнае падабенства: тоеснасьць ці блізкасьць нацыянальнага і рэлігійнага вызначэньняў. Але як бачым, нават у Ізраілі занадта значная роля рэлігіі ў грамадзкім жыцьці выклікае канфлікты і пратэсты. У Беларусі ж сытуацыя прынцыпова іншая – царква не зьяўляецца нацыястваральным чыньнікам. Калі ўжо праводзіць балканскія аналёгіі, то можна казаць пра падабенства з былой Югаславіяй, дзе фактычна адзіны этнас быў падзелены паміж праваслаўем, каталіцтвам і мусульманствам. Чым скончыліся спробы, так бы мовіць, “хрысцьціянізацыі” Югаславіі – добра вядома.

Так што ў Беларусі выкананьне запавету “Богу – Богава, кесару – кесарава” – гэта ня толькі рэлігійны абавязак хрысьціяніна, але і ўмова грамадзянскага міру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG