Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПРАЦЯГУ НЕКАЛЬКІХ ГАДОЎ БЕЛАРУСЬ ТРЫМАЕЦЦА Ў ПЕРШАЙ ДЗЯСЯТЦЫ ЎСЯСЬВЕТНЫХ ГАНДЛЯРОЎ ЗБРОЯЙ


Сяргей Навумчык, Прага

Камэнтуючы сёньняшнюю падзею ў Бэйруце, інтэрнэт-партал Газэта.Ру адзначае, што “злавіць Лукашэнку за руку ўдалося ўпершыню, хаця ў вайсковым супрацоўніцтве з Багдадам Беларусь падазраюць ужо даўно”.

Нагадаем, што яшчэ ў 1998 годзе інспэктары ААН на абсталяваньні аднаго з ірацкіх артылерыйскіх заводаў знайшлі маркіроўку “Рэспубліка Беларусь. Віцебскі машынабудаўнічы завод”.

Пазалетась брытанская газэта “Daily Telegraph” паведаміла, што Менск і Багдад зрабілі зьдзелку на 90 мільёнаў даляраў. Менск павінен быў накіраваць у Ірак беларускіх адмыслоўцаў дзеля павелічэньня палёту ракетаў SA-3 з 18 да 29 кілямэтраў і рамонту старой зенітнай зброі. Беларусь таксама, паводле “Daily Telegraph”, абяцала ўдасканаліць 17 самалётаў.

Варта прыгадаць, што на працягу году пасланцы беларускага ўраду двойчы прымаліся Садамам Хусэйнам. Візыты ірацкіх дэлегацыяў у Менск таксама маюць рэгулярны характар, і тут варта прыгадаць тыднёвы візыт віцэ-прэм’ера і міністра абароннай прамысловасьці Іраку Абдулы Таваба Мулы Хавэіша.

Летась у верасьні пад час канфэрэнцыі “Беларусь: прапушчанае зьвяно “васі зла” амэрыканскі сэнатар Джон МакКэйн падкрэсьліў, што, прадастаўляючы Садаму Хусэйну магчымасьць зьбіваць амэрыканскіх ваенных пілётаў над Іракам, рэжым Аляксандра Лукашэнкі робіцца пагрозаю нацыянальнай бясьпецы ЗША.

Памочнік Дзяржсакратара ЗША Стывэн Пайфэр, які летась безвынікова спрабаваў пераканаць афіцыйны Менск спыніць вайсковыя стасункі з сумнеўнымі рэжымамі, заявіў, што пэўныя крокі ўладаў Беларусі прымушаюць паставіць пытаньне – на чыім баку знаходзіцца Беларусь у змаганьні зь міжнародным тэрарызмам?
XS
SM
MD
LG