Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УТА ЦАПФ: "ГАЙКЕН ЗДОЛЕЕ ЗНАЙСЬЦІ ПАДЫХОДЫ ДА АДМІНІСТРАЦЫІ"


Ул. інф.

(Карэспандэнт: ) "Спадарыня Цапф, як вядома, зараз вядзецца падрыхтоўка да вашага візыту ў Менск, які прымеркаваны на 5-7 лютага. Таксама вядома, што ўдзельнікі дэлегацыі ўжо атрымалі папярэднюю згоду ад спадара Канаплёва на сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйнага Менску. Ці заплянаваная ў часе гэтага візыту сустрэча з новым кіраўніком офісу АБСЭ ў Беларусі?”

(Цапф: ) "Не. Мы зыходзім з таго, што місія АБСЭ ў Менску на гэты момант будзе ўкапмлектаваная ня поўнасьцю, паколькі кандыдатура кіраўніка місіі яшчэ канчаткова ня ўхваленая. Пакуль мы ня ведаем, калі гэтае рашэньне будзе прынятае беларускім кіраўніцтвам. Улічваючы, што мы будзем 5-7 лютага ў Менску, часу для прыняцьця такога рашэньня засталося мала".

(Карэспандэнт: ) "Наколькі вядома, на ўзроўні АБСЭ пытаньне вырашанае і ўсё залежыць цяпер ад афіцыйнага Менску. Чаму, на Ваш погляд, так доўга не зацьверджваецца кандыдатура Эбэргарта Гайкена на пасадзе кіраўніка місіі?”

(Цапф:) "Пакуль што ёсьць толькі нейкія тлумачэньні, спэкуляцыі... Зь Менску кажуць: Гайкен – гэта добра, але дайце нам яшчэ некалькі кандыдатураў. Хаця ўсе разумеюць, што нейкай альтэрнатывы няма. У якасьці рэакцыі беларускага МЗС я чула, што там Гайкена ўспрымаюць як найлепшую кандыдатуру. Аднак канчатковае рашэньне залежыць ад Лукашэнкі. Магчыма, гэта ёсьць прычынай, чаму ўсё так цягнецца”.

(Карэспандэнт: ) "Вядома, што вы належыце да крытыкаў новага мандату місіі АБСЭ ў Менску...”

(Цапф: ) "Я лічу, што мандат утрымлівае шмат агульных пазыцыяў. І існуюць розныя інтэрпрэтацыі беларускага боку, паводле якіх беларускае кіраўніцтва мусіць мець вялікі кантроль над новым офісам. Па сутнасьці, гэта супярэчыць прынцыпам працы офісу АБСЭ. Але ўсё залежыць ад таго, як гэта будзе ажыцьцяўляцца на практыцы”.

(Карэспандэнт: ) "Як піша аўстрыйская газэта "Die Presse", місія АБСЭ вяртаецца ў Беларусь, так бы мовіць, на млявых каленях? Ці згодныя вы з такім вобразам?”

(Цапф: ) "Я не зусім разумею, што яны маюць на ўвазе пад млявымі каленямі. Абодвум бакам усё ж такі ўдалося захаваць свой твар. У выніку старая КНГ АБСЭ зачыненая, а новы офіс АБСЭ адчыніўся. Хутка прыедзе пэрсанал і пачне працаваць. Хто зараз будзе мець млявыя калені, я ня ведаю. Будуць, канечне, зьмены ў працы, але гэта зусім ня значыць, што будуць вялікія абмежаваньні. Многае будзе залежыць ад абодвух бакоў, іхнага жаданьня пазьбегнуць канфрантацыяў. І мне падаецца, што Гайкен здолее знайсьці падыходы да адміністрацыі. І калі беларуская адміністрацыя таксама прадэманструе падобныя падыходы, супрацоўніцтва можа разьвівацца пазытыўна".
XS
SM
MD
LG