Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

НЕЗАРЭГІСТРАВАНЫЯ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ АБ’ЯДНАЮЦЦА З БСДГ


Аляксей Знаткевіч, Менск

Аб’яднаную сацыял-дэмакратычную партыю стварылі летась у жніўні прадстаўнікі шэрагу іншых партыяў сацыял-дэмакратычнага кірунку, якія казалі пра неабходнасьць злучыць сацыял-дэмакратаў Беларусі. З таго часу новая партыя беспасьпяхова спрабавала зарэгістравацца ў Міністэрстве юстыцыі. Гаворыць старшыня партыі Валянціна Палевікова:

(Палевікова: ) “Вы ведаеце, што мы дайшлі да Вярхоўнага суду. Сёньня нашыя заявы, заявы сяброў нашай партыі знаходзяцца ў Канстытуцыйным судзе — ён яшчэ не адрэагаваў. Але мы ўпэўненыя, што ёсьць сцэнар, ён выконваецца, і партыя ня будзе зарэгістраваная”.

Згубіўшы надзею на рэгістрацыю, кіраўніцтва аб’яднаных сацыял-дэмакратаў вырашыла далучыцца да Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады, якую ўзначальвае Станіслаў Шушкевіч. Валянціна Палевікова кажа, што гэты варыянт даўно разглядаўся як запасны, і што фактычна гэта будзе аб’яднаньне дзьвюх арганізацыяў. Спадарыня Палевікова кажа, што ня будзе прэтэндаваць на пасаду старшыні пасьля аб’яднаньня.

(Палевікова: ) “Я ня думаю, што буду вылучацца на першую ролю. На гэтым этапе, я думаю, будзе правільна, калі партыю ўзначаліць Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч”.

Сам спадар Шушкевіч кажа, што кіраўніцтва ягонай партыі гатовае склікаць чарговы зьезд, як толькі будзе атрымана значная колькасьць заяваў аб далучэньні да Грамады. Паводле ягоных словаў, у БСДГ цяпер каля 1300 сяброў, і кіраўніцтва аб’яднаных сацыял-дэмакратаў абяцае прынамсі 500 новых сяброў.

(Шушкевіч: ) “Ясна, што гэта ўліваньне вялікай групы людзей, якія належалі да іншай структуры, — значыць, гэта аб’яднаньне праз уліваньне. І што будзе далей, павінен вырашыць аб’яднаўчы зьезд: проста наш чарговы зьезд, якому мы можам надаць статус аб’яднаўчага — гэта сам зьезд вырашае. Прапановы на гэты зьезд ёсьць розныя, у тым ліку і прапанова аб зьмене назвы, і прапанова аб удасканаленьні статуту, аб удасканаленьні праграмы. Гэта ўсё паступіць на зьезд, аформленае належным чынам, і як зьезд вырашыць, так і будзе”.

Спадар Шушкевіч кажа, што далучэньне новых сяброў можа дапамагчы з рэгістрацыяй раённых арганізацыяў партыі, якім дзеля юрыдычнага адрасу патрэбныя нежылыя памяшканьні.

(Шушкевіч: ) “Тут у нас праблемы былі, ёсьць, і я спадзяюся, што разам з новымі нашымі ўліваньнямі стане лягчэй”.
XS
SM
MD
LG