Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯДНАЯ НОЧ У ВЁСЦЫ ПАГОСТ


Ягор Маёрчык, Пагост

Нягледзячы на 30-градусны мароз, зь дзясятак бабулек маюцца абысьці калядою родную вёску Пагост. Я далучаюся да іх. Хоць калядаваньне й мусіць адбывацца цёмным вечарам, але выпраўляемся мы нашмат раней, калі сонца яшчэ ня села. Такую акалічнасьць жанчыны тлумачаць проста: вы ж ведаеце, кажуць, якое зараз жыцьцё, і ў нас у вёсцы дурняў хапае, дык ня кожны ўначы й дзьверы адчыніць.

(Спадарыні: ) “Добры вечар, пане-гаспадар! Ці запець песьню?”

(Спадар: ) “Засьпявайце, жаначкі!”

Пакуль жанчыны сьпяваюць, гаспадар ненадоўга зьнікае ў цемрадзі сенцаў: за падарункам. Вось нашая першая здабыча — кавалак сала. Любая калядная песьня абавязкова заканчваецца пажаданьнем на ўвесь новы год:

(Спадарыні: ) “Каб на гэты год вялося, і ў наступным сьпявалася”.

Валянціна Маркевіч калядуе ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў. Яна параўноўвае сьвяткаваньні розных гадоў:

(Маркевіч: ) “Ведаеце, людзі сталі жыць багацей. І вось цяпер даюць і сала, і каўбасу, і гарэлку, і віно, і грошы таксама даюць”.

Тут я зазначу, што апошнім часам калядоўшчыкам у якасьці падарунка нярэдка перападаюць апэльсіны ды бананы.

Размова нашая пачалася як сьвяточная, але ад набалелага спадарыні Маркевіч адысьці ніяк не атрымаліваецца:

(Маркевіч: ) “Нашая вёска ўжо старая, бо моладзі ў нас зусім няма. Збольшага адны пэнсіянэры. Жывуць нядрэнна: хто працуе, той і мае”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі, якія жывуць тут у Пагосьце, якія яны маюць стасункі з уладамі, ці маюць улады аўтарытэт?”

(Маркевіч: ) “Мяркую, што маюць, бо пойдзеш да іх, яны вырашаюць пытаньні, дапамагаюць. Ну, і дзякуй Богу. Нам, пэнсіянэрам, каб трошкі здароўя. Спадзяемся на тое, што далей будзе так, як ёсьць цяпер”.

Мы заходзім у наступную хату. За песьню кладуць у торбу. Тут робім і кароткі прыпынак, каб крыху адагрэцца. Карыстаючыся момантам, я распытваю прысутнага Сяргея Ефімовіча пра жыцьцё-быцьцё ў Пагосьце й навакольнай мясцовасьці.

(Ефімовіч: ) “Людзі працавітыя. Жывуць са свайго дастатку. Ня бедныя й не багатыя. Заробак, тым людзям, што працуюць у прамысловасьці, аддаюць — як і мае быць. У калгасе трошкі горш. Госпадзі! Дык заробак заробкам, а тое, што маецца на ўласным падвор’і — яшчэ большая дапамога”.

(Карэспандэнт: ) “Людзі цікавяцца палітыкай?”

(Ефімовіч: ) “Нашыя людзі цікавяцца, як мы атрымаем заробак”.

(Карэспандэнт: ) “Хутка будуць выбары ў мясцовыя саветы. Ці людзі спадзяюцца на іх?”

(Ефімовіч: ) “Палепшыцца жыцьцё, павялічыцца заробак. А пакуль што гэта толькі прадбачаньні. Працоўны чалавек баіцца памыліцца. Толькі, каб ня быў абдзелены ўвагаю і не абдзелены ўсімі тымі ўладамі, якія стаяць вышэй”.


* * *

(Кузьміч: ) “Ваўсю пляшуюць у хаце й гаспадары з намі. І дзяды, і бабы. Ну, мы ўжо за стол ня сядзем, бо ў нас ня хопіць духу. Каб вы пабачылі, што на сталах. Яшчэ нам няма чаго крыўдаваць. Ёсьць усё, што толькі душа пажадае. Усё: і выпіўкі, і закускі!”

Гэта я перадаў мікрафон Зоі Кузьміч, і яна распавядае пра тое, што адбываецца ў наступнай хаце падчас каляды. Не магу ўтрымацца й спрабую ўведаць пра палітычныя сымпатыі й пляны на 2003 год.

(Кузьміч: ) “Да прэзыдэнта па-рознаму ставяцца. Вось мы пэнсіянэры, дык мы ўсе за прэзыдэнта. А моладзь... Ім штосьці не падабаецца. Кажуць: мы хочам свабоды! А якая ім свабода патрэбная? Я ня ведаю! Ох! Божа ж мой! Ужо 75 гадоў. На што яшчэ можна спадзявацца далей? Толькі каб вось так дажыць да сьмерці. Я не хачу паміраці!”

Мы пераходзім да Марыі Валанцевіч. Высьвятляецца, што нейкія калядоўшчыкі тут ужо пабывалі.

(Валанцевіч: ) “Добра сьвяткуем! А да мяне дзесяць душаў як увалілася! Як сталі сьпяваць! А я ім давай памагаць. Ды й выпіла й засьпявала. І патанчыла. Вось так я й напілася. Ой, баба праворная я! Ох, мой жаданенькі, мой родненькі, тыдзень старалася, каб сваіх гасьцей прыняці”.

(Карэспандэнт: ) “Прынялі?”

(Валанцевіч: ) “Так, лепей і ня трэба!”

(Карэспандэнт: ) “Госьці задаволеныя?”

(Валанцевіч: ) “Ой, яшчэ якія”.

(Карэспандэнт: ) “Сьвяты адыдуць. А як людзі ў звычайны дзень жывуць? Ці ўсяго хапае?”

(Валанцевіч: ) “А вам, родненькі, скажу, што не ва ўсіх хапае. Як хто ў глотку залівае, дык у тых не хапае. Багата ёсьць такіх!”

(Карэспандэнт: ) “А чаго яны п’юць?”

(Валанцевіч: ) “Па ўсім бачна, што ад гора”.

Мы наведваемся яшчэ па некалькіх адрасах. Паводле мясцовай традыцыі, увесь калядны ўраджай трэба падзяліць паміж тымі, хто абыходзіў хаты. Дзеля гэтага скіроўваемся ў вясковы клюб.

Будынак паўстагодзьдзя не рамантаваўся й знаходзіцца ў аварыйным стане. Чыноўнікі ў Жыткавічах кажуць, што грошай на рамонт няма і наўрад ці будуць. Маўляў, калі хочаце выправіць становішча, самастойна шукайце фундатараў. Трэба было бы традыцыйна пазіраць на бізнэсоўцаў — але ва ўсёй акрузе няма ніводнага прадпрымальніка.

На беленых вапнай сьценах можна пабачыць пазнакі розных эпохаў. Вось вісіць плякат “Нашыя аднавяскоўцы, якія ўдзельнічалі ў рэвалюцыях”. Пад назовам налеплена зь дзясятак старых фотаздымкаў. Актавую залю ўпрыгожваюць навагоднія акварэльныя малюнкі, якія чаргуюцца з агітацыйнай улёткай “П’янству бой!”

Але самым нечаканым выглядае тэхнічнае абсталяваньне клюбу. У эпоху інфармацыйных тэхналёгіяў, калі ў нябыт пакрысе адыходзяць магітныя відэа- і аўдыёстужкі, калі лазэрныя кампакт-дыскі можна запісаць на звычайным хатнім кампутары, музыка ў пагосцкім клюбе грае з бабінага магнітафона савецкай вытворчасьці. Праўда, у калядны вечар тут гучала не расейская папса, а заходнія рок-гіты.

Пакуль я аглядаю будынак, у клюбе зьяўляецца “альтэрнатыўная каляда” — некалькі спадароў на добрым падпітку.


* * *

Калядаваньне заканчваецца за сьвяточным сталом. Мяне запрасіла ў госьці Кацярына Панчэня.

(Панчэня: ) “Каб мы не чужаліся й пажадалі адзін адному ўсяго добрага. За гэтую чарку ды не зрабіць сварку, да дну к дабру”.

(Карэспандэнт: ) “Смачная самагонка!”

(Панчэня: ) “Зь першай ніхто добра не рассмакуе. Самі гонім, самі п’ем. Частуйцеся на здароўе. Вось каўбаса пальцам пханая. Васька, налівай яшчэ! Вы дайце які тост, я пачакаю. Такі свой, па-гарадзкому. Трах-цібідох!”

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй за тое, што прынялі, дзякуй за тое, што ня выгналі, дзякуй за тое, што нават сто грамаў наліваеце”.

(Панчэня: ) “...прабачце, але хай Бог не дае, каб мы вас кармілі, каб вы самі наеліся, падзякавалі, ды яшчэ нас кармілі”.

Сьвята Божага наражэньня ў палескай вёсцы Пагост адметнае тым, што цягнецца не адзін дзень. Спачатку калядаваньне па хатах. Назаўтра — хросны ход і набажэнства ў царкве. Цэлыя два дні адводзіцца на “кірмаш”. Гэтым словам тут называецца гасьцяваньне: спачатку крэўныя ходзяць да крэўных, пазьней — сусед да суседа. Кульмінацыя гэтага карнавалу наступае на Шчодрыка.

(Панчэня: ) “А ўжо трынаццатага вечарам жанчыны пякуць бліны й аладкі. Пячыце бліны ды аладкі, каб былі цяляты гладкі! Пячыце блінцы, каб былі дзеці як жарабцы. Казу водзім, мядзьведзя водзім. І ўсе стараюцца, каб не міналі хаты, бо калі хату мінуць, значыць, яны жадаюць благога. Перад заходам сонца палім у грубцы. Хто на паперцы піша, хто словамі кажа: хто пра мяне ў гэтым годзе думаў дрэнна, дык хай у наступным яму ўсё гэта вернецца. Кідаюць паперкі ў грубку. Ніхто нідзе гэтых абрадаў не рабіў, акрамя нашай вёскі. А я ў целявізары два з паловай гады скакала “Мікіту” ў рэкляме”.

(Карэспандэнт: ) “Дык грошай вам хоць заплацілі?”

(Панчэня: ) “Які чорт мне грошай заплаціў?! Фігу! Ды яшчэ дзьве далі панюхаць”.

Час разьвітвацца, бо рызыкую спазьніцца на рэйсавы аўтобус. Сьвяточная вячэра заканчваецца тостам гаспадыні. Прамова пра тое, што для жыхароў вёскі Пагост зьяўляецца самым актуальным:

(Панчэня: ) “Ну, за здароўе вашае ў горла нашае!”
XS
SM
MD
LG