Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАГНОЗЫ І ТЭНДЭНЦЫІ: ПАПУЛЯРНАЯ МУЗЫКА 2002 ГОДУ ВАЧЫМА МАЛАДЫХ


Зьміцер Падбярэскі, Менск

(Зьміцер Падбярэскі: ) “Першае выданьне праграмы “Па-за тактам” у 2003 годзе хочацца прысьвяціць аналізу таго, што адбылося ў папулярнай музыцы Беларусі летась. Пры гэтым ня мае сэнсу засяроджвацца на асобных фактах, назвах ці прозьвішчах. Куды цікавей, на маю думку, паспрабаваць вылучыць з мноства тых самых фактаў, назваў ды прозьвішчаў нейкія тэндэнцыі, вызначыць, ці пасунуў 2002 год айчынныя папулярныя жанры ў пэўны бок, ці прынес ён нешта новае, альбо беларуская папулярная музыка засталася стаяць на месцы? Канкрэтыку пакінем будучай цырымоніі “Рок-каранаваньня”, якая адбудзецца ў другой палове лютага.

У апошняй праграме мінулага году сваімі, трэба прызнаць, пэсымістычнымі меркаваньнямі дзяліўся лідэр групы “Уліс” Вячаслаў Корань. Сёньня ж мы паспрабуем зірнуць на мінулы музычны год вачыма маладых, разьлічваючы, канечне ж, на сьвежы позірк журналістаў, якія пільна назіраюць за тымі працэсамі, што адбываюцца ў папулярных жанрах Беларусі. Мае суразмоўцы — гэта супрацоўніца “Музыкальной газеты” Тацяна Заміроўская і музычны аглядальнік, рэдактар часопіса “Студэнцкая думка” Сяргей Сахараў. Добры дзень, калегі! Ці дадаў вам аптымізму мінулы год адносна пэрспэктываў разьвіцьця папулярных жанраў?”

(Тацяна Заміроўская: ) “У дадзеным выпадку я ня думаю, што можна размаўляць такімі тэрмінамі як “аптымізм” ці “пэсымізм”, але можна вызначыць, што за мінулы год у беларускай музыцы зьявілася нейкая доўгачаканая дыфэрэнцыяцыя жанраў. Раней музыка разглядалася больш, так бы мовіць, па вэртыкалі — рок, папса і гэтак далей, а зараз зьявілася гарызантальная шкала, і менавіта таму ўсё ацэньваецца цяпер больш адэкватна”.

(Сяргей Сахараў: ) “Сытуацыя разьвіваецца роўна, як ні дзіўна, і мне падаецца, што 2002 год нам, прынамсі, выразна прадэманстраваў, што нараджаецца нешта новае, ён прайшоў пад знакам музычнага адміністраваньня вельмі ўдала. Сюды ўключаецца і прадусарства, і мэнэджмент, і гэтак далей. Беларуская сучасная музычная культура пачала ўжо разьвівацца па сусьветным шляху, то бок зараз гэтае вось музычнае адміністраваньне пачынае адыгрываць вельмі вялікую ролю. І тое, наколькі праект, гурт, выканаўца будзе пасьпяховы на рынку, залежыць цяпер у большай ступені ад мэнэджэраў, прадусараў”.

(Падбярэскі: ) “Ці можаце вы сказаць, што нарэшце ў беларускую папулярную музыку прыйшлі грошы?”

(Сахараў: ) “Грошы, як той казаў, можна рабіць і з паветра. Але іншая справа, які чалавек займаецца пошукам грошай. Я думаю, што ўсё залежыць звычайна ад пэрсонаў”.

(Падбярэскі: ) “Ці можна назваць прыклады такога вось удалага адміністраваньня?”

(Сахараў: ) “Я буду кіравацца хутчэй за ўсё той табліцай, якую літаральна на днях разаслала беларускім журналістам гандлёвая сетка “West Records”. Першыя месцы па продажах у “Нэйра Дзюбэля”, у апошняга альбому, пасьля стаіць “Крамбамбуля”, пасьля “Крамбамбулі” стаіць трыб’ют “Personal Depeche”. Якраз апошнія два даказваюць, што ў пэўны час знайшліся людзі, знайшліся ідэі, і знайшліся фінансавыя патокі, якія былі адпаведна накіраваныя”.

(Падбярэскі: ) “І яны працуюць…”

(Сахараў: ) “Так! І, як мы бачым, атрымаліся зусім нармальныя прадукты, вельмі канкурэнтаздольныя, і як паказваюць вось гэтыя табліцы, цікавыя для слухача”.

(Заміроўская: ) “Нарэшце ў беларускай музыкі зьявіўся нейкі кантэкст. Адзінае, чаго ёй вельмі не хапала, — гэта такой вось кантэкстуальнасьці. Беларусь выглядала гэткім музычным анклявам, бо немагчыма было параўноўваць ні з Захадам, ні з Усходам, і вось менавіта гэтыя зборнікі дазваляюць разглядаць беларускую музычную культуру ў такім вось агульнаэўрапейскім кантэксьце. І, магчыма, потым зноў трэба будзе ўсё гэта нейкім чынам дыфэрэнцыяваць і экспартаваць: папсу — на Ўсход, а world-music, напрыклад, на Захад”.

(Падбярэскі: ) “Я хацеў бы крыху зьмяніць тэму размовы, закрануўшы тое, што заўсёды прыцягвала да сябе ўвагу, а менавіта рок-музыку. Ці не хвалюе вас той факт, што апошнім часам Беларускае тэлебачаньне паклала вока на нашых рок-музыкантаў? Такая папулярызацыя, з аднаго боку, робіць іх сапраўды вядомымі куды больш шырокаму колу слухачоў, а з другога — выбівае з-пад ног андэграўнду тую глебу, на якой расьце ўсё новае, нетрадыцыйнае?”

(Заміроўская: ) “Гэта наагул вельмі добра, таму што можна нарэшце казаць пра тое, што ў Беларусі пачала нараджацца мас-культура. У Эўропе з гэтым усё нармальна, і няма нічога дзіўнага, калі на нейкіх там рок-фэстывалях граюць, напрыклад, і “Рамштайн”, і нейкія поп-сьпявачкі, і “RUN D.М.С.” усе разам. І вось і ў нас пачынае нараджацца такі ж самы мас-культ. А калі рокеры цяпер упісваюцца ў гэты мас-культ, калі на нейкіх афішах зараз зьяўляюцца разам такія гурты як “NRM” і “Краскі”, як гэта ўжо аднойчы было, гэта нават добра”.

(Падбярэскі: ) “Тацяна! Ты лічыш, што нічога страшнага ў гэтым няма?”

(Заміроўская: ) “Нічога страшнага, таму што гэта дае глебу для нараджэньня нейкай іншай, альтэрнатыўнай культуры, якая будзе альтэрнатыўная тым жа самым нашым старым рокерам. Аднак адна з найбольш вялікіх праблем сёньняшняй беларускай музыкі — гэта амаль поўная адсутнасьць клюбнай культуры, зусім. І калі ўсю сучасную беларускую музыку больш выводзіць на такі масавы ўзровень, гэта будзе спрыяць толькі зьяўленьню такіх вельмі альтэрнатыўных камандаў”.

(Падбярэскі: ) “Як працяг гэтага… Ці азначае ўдзел нашых рок-музыкантаў у такой праграме як “Скрыжаваньні Эўропы”, па сутнасьці, іх прыстасаваньне да рэальнасьці, да фанаграмнай культуры, прабачце, да таго, з чым рок-музыка ў прынцыпе заўсёды была ў канфрантацыі?”

(Заміроўская: ) “Рок-музыка і канфрантацыя — гэта ўжо састарэлыя паняцьці. Я лічу, што ўжо няма ні рок-музыкі, ні канфрантацыі — усё гэта бізнэс”.

(Сахараў: ) “Мне хацелася б засяродзіць увагу на тым, што тут трэба казаць пра тое, што само зьяўленьне беларускіх рок-камандаў… Хоць, зноў-такі — рок- і поп-каманды — час ужо пакідаць гэтыя вельмі ўмоўныя тэрміны! Тут жа трэба казаць пра тое, што самая ідэя іх зьяўленьня і само іх зьяўленьне могуць звычайным чынам спрафанавацца. То бок, што мы бачым зараз па беларускай тэлевізіі, па БТ-1, калі выступаюць гурты, напрыклад, даюць канцэрт у нейкім клюбе. І ў гэты час глядач проста ня можа слухаць усё гэта, добра што яшчэ глядзець! Бо з карцінкай на БТ заўсёды былі праблемы, але слухаць тое, што адбываецца на сцэне, нават я, падрыхтаваны, здавалася б, слухач, не магу!”

(Падбярэскі: ) “Падрыхтаваны да кепскага гуку, удакладню…”

(Сахараў: ) “Ну так! Бо гук папросту катастрафічны! І я ня думаю, што пасьля гэтага ў некага зьявіцца добры погляд там, добрыя ўспаміны пасьля таго, што ён убачыў на БТ з такім абсалютна жахлівым гукам”.

(Падбярэскі: ) “Што, на вашую думку, з таго, што пазначылася ў мінулым годзе, можа атрымаць далейшае разьвіцьцё сёлета?”

(Сахараў: ) “Вопыт гэтага году паказвае, што нават у гэтай краіне чалавек, які займаецца музыкай, большасьць свайго часу аддае музыцы, то, адпаведна, у яго ўзьнікаюць пытаньні, як зрабіць сябе прафэсійным, як сябе выгодна прадаць і г.д. Вось чаму адміністраваньне будзе іграць вельмі вялікую ролю.

Думаю, што з талентамі ў беларускай поп-культуры ніколі не было праблемаў. Усё ўпіралася ў тое, наколькі гэта ўсё рабілася прафэсійна, наколькі гэта прыгожа, скажам так, афармлялася. Другое: я думаю, што будзе ўсё ж разьвівацца й сама інфраструктура гэтага беларускага шоў-бізу, як бы пакуль гэта ні сьмешна гучала.

Але тое, што зьявіўся Першы музычны канал, — вялікі плюс. Што тычыцца саміх музыкаў, дык я ня думаю, што адбудзецца нейкі прарыў, зьявіцца нейкі супэрпраект. Шчыра кажучы, тыя супольныя праекты, якія былі падрыхтаваныя, якія, па вялікім рахунку, імкнуліся паўтарыць посьпех “Народнага альбому”, трэба прызнаць, посьпеху таго ніколі ўжо ня будзе…”

(Падбярэскі: ) “І на заканчэньне маю такое нетактоўнае пытаньне. Калі б у кожнага з вас раптам зьявіўся, прабачце, лішні такі мільён даляраў, на што б у галіне музыкі вы яго выдаткавалі?”

(Сахараў: ) “Я дакладна ведаю, што вялікую частку гэтых грошай я выдаткаваў бы на самога сябе, на свае праекты. Ня трэба распыляцца, што называецца, і валіць грошы туды, дзе яны могуць апынуцца ў нейкай прорве. Я ведаю дакладна, што на гэтыя грошы магу зрабіць я, мае калегі, мае сябры”.

(Заміроўская: ) “Я б зрабіла нешта такое ж, у гэтым родзе. Я б заснавала свой незалежны лэйбл і выдавала б на ім нейкія беларускія інды-гурты, бо калі ў Беларусі ёсьць шоў-бізнэс, і калі гэты шоў-бізнэс будзе, павінна быць і нешта, што мусіць стаяць па іншы бок, нейкая сапраўды альтэрнатыўная музыка”.

(Падбярэскі: ) “Усё ж канфрантацыя?”

(Заміроўская: ) “Так, так! І вось гэтай канфрантацыяй я, мабыць, і займалася б”.

(Сахараў: ) “Таму хочацца спадзявацца, што горай ня будзе…”

(Падбярэскі: ) “У гэтым спадзяваньні я і разьвітваюся з вамі, выказваючы падзяку за тое, што вы прыйшлі да нас і падзяліліся ўласнымі думкамі. Вялікі дзякуй і да пабачэньня!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG