Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛІФАРНІЙСКІЯ “НОЖКІ БУША” НЕ ПУСКАЮЦЬ У БЕЛАРУСЬ


Ігар Карней, Менск

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі запэўніваюць: непапулярны захад — часовы, і тычыцца вытворцаў курынага мяса толькі з аднаго штату. Але з улікам таго, што пастаўкі з Каліфорніі складаюць 80% ад агульнага імпарту кумпячкоў на беларускі рынак, захады гэтыя даволі істотныя. Вось як патлумачыў неабходнасьць урадавага рашэньня прадстаўнік міністэрства Міхаіл Бушыла:

(Бушыла: ) “У гэтым штаце назіраюцца выпадкі птушынай хваробы, і каб не занесьці яе на нашыя птушкафабрыкі, уводзяцца такога кшталту абмежаваньні. Гэта ня толькі нашыя лябараторныя дасьледаваньні, а афіцыйныя зьвесткі міжнароднага эпізаатычнага бюро, якое адсочвае сытуацыю па кожнай краіне, уключна і Беларусь, а потым праз электронную пошту дасылае нам інфармацыю. Таму ў сэнсе аднаўленьня паставак усё залежыць не ад нас, а ад амэрыканцаў: як хутка яны аздаравяцца”.

У сакавіку 2002 году гэтаксама часова адмовілася ад амэрыканскага курынага мяса Расея, спаслаўшыся на неадпаведнасьць якасьці прадукцыі расейскім стандартам. Насамрэч крок стаўся контарзахадам на рашэньне Кангрэсу ЗША абмежаваць прысутнасьць расейскай мэталюргічнай прамысловасьці на амэрыканскім рынку.

Найбольш задаволеныя сыходам з дыстанцыі амэрыканскага канкурэнта ў канцэрне “Белптушкапрам”. У падпарадкаваньні да канцэрну 58 фабрыкаў па вытворчасьці курынага мяса і яек, і адмыслоўцы галіны ўпэўненыя, што здольныя забясьпечыць патрэбы беларускага насельніцтва на 100%. Намесьнік старшыні канцэрну Міхаіл Рабушка вітае рашэньне ўраду і не хавае, што спадзяецца на доўгатэрміновае яго дзеяньне.

(Рабушка: ) “Урад робіць разумныя захады, калі абараняе айчынных вытворцаў. У нас мяса птушкі хапае, мы цалкам насычаем спажывецкі рынак. Да таго ж, у нас усё вырошчваецца на чыстым сыравінным зерні, без усялякіх біястымулятараў. Таму ўсё гэта добра; нашу прадукцыю будзе лягчэй рэалізаваць. Натуральна, з улікам нізкага спажывецкага попыту, людзі мусяць купляць, што таньней — той жа амэрыканскі кумпячок за даляр. Так, гэта больш танна, чым нашая птушка. Але так ці інакш, мы зацікаўленыя ў абароце прадукцыі. Таму гэта разумны ўчынак з боку ўраду і мы толькі “за”.

Пакуль жа ад нястачы канкурэнцыі губляюць спажыўцы. Адпускныя кошты амэрыканскіх кумпячкоў складаюць 0,90–1,00 даляр за кіляграм. Айчынная курыца каштуе даражэй — $1,20–1,40. Дарэчы, менавіта з прычыны гэтай розьніцы беларуская птушка дастаткова цяжка прадаецца ў суседняй Расеі, на якую беларускія пастаўцы ў пэрспэктыве разьлічваюць як на асноўны рынак збыту.

Паводле спадара Рабушкі, зараз назіраецца перавытворчасьць курынага мяса, і на складох ляжыць 2,5 тысячы тон замарожаных кумпячкоў. У “Белптушкапраме” спадзяюцца, што адсутнасьць таннага амэрыканскага мяса дазволіць склады вызваліць.

Адмыслоўцы тым часам папярэджваюць, што спадзяваньні могуць ня мець вялікага плёну, бо беларускія камэрцыйныя крамы паступова запаўняюцца расейскімі курамі, на кожным кіляграме якіх пакупнік выйграе 400–500 рублёў. Пазбавіўшыся ад амэрыканскага канкурэнта, беларускі гандаль рызыкуе займець новага — расейскага.
XS
SM
MD
LG