Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ОФІС АБСЭ Ў МЕНСКУ ПАЧАЎ ПРАЦУ — ПАКУЛЬ БЕЗЬ МІЖНАРОДНЫХ СУПРАЦОЎНІКАЎ


Валер Каліноўскі, Менск

Пасьля двухтыднёвага перапынку супрацоўнікі місіі АБСЭ ў Менску, якія маюць беларускае грамадзянства, аднавілі працу — цяпер ужо ў рамках мандату новага офісу АБСЭ. Міжнародных супрацоўнікаў АБСЭ пакуль у Менску няма.

Штаб-кватэра арганізацыі ў Вене абвесьціла конкурс на замяшчэньне вакансіяў чатырох штатных супрацоўнікаў офісу АБСЭ ў Беларусі. Заяўкі прымаюцца да 21 студзеня. 3 лютага ў Менск паводле вынікаў гэтага конкурсу прыбудуць новыя супрацоўнікі: намесьнік кіраўніка офісу, спэцыяліст у галіне адміністрацыйнай справы і фінансаў, экспэрты ў галіне эканомікі й экалёгіі, дэмакратызацыі й правоў чалавека.

Паводле прэсавай службы МЗС Беларусі, гэтыя супрацоўнікі будуць мець статус не дыпляматаў, як было раней, а супрацоўнікаў міжнароднай арганізацыі, і таму не патрабуецца ўзгадненьня іх пэрсаналіяў зь беларускімі ўладамі.

З МЗС Беларусі будзе ўзгадняцца толькі кандыдатура кіраўніка місіі. Чакаецца, што дзейны старшыня АБСЭ зацьвердзіць на гэтай пасадзе нямецкага дыплямата Эбэргарта Гайкена, але МЗС Беларусі яшчэ не атрымаў ніякай прапановы з АБСЭ на гэты конт.

Канчатковай пэўнасьці наконт таго, чым рэальна будзе займацца новы офіс АБСЭ, у беларускіх уладаў таксама пакуль няма. Гаворыць намесьнік начальніка інфармацыйнай управы МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Што датычыць канкрэтных формаў працы, то, як прадугледжвае мандат, яны павінны быць зацьверджаныя ў кансультацыях з урадам. Калі офіс будзе сфармаваны і пачне працаваць, тады будуць зацьверджаныя і канкрэтныя формы працы супрацоўнікаў офісу, і гэта павінна быць зроблена імі ў кансультацыях з урадам”.
XS
SM
MD
LG