Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ВЫКЛЮЧЫЎ З ПАДАТКОВАГА КОДЭКСУ ШЭРАГ ЛІБЭРАЛЬНЫХ ПАЛАЖЭНЬНЯЎ


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: прафэсар Барыс Жаліба і наш аглядальнік Міхал Залескі

(Валер Карбалевіч: ) “Падатковы кодэкс падпісаны кіраўніком дзяржавы, уступіў у сілу і надрукаваны ў дзяржаўных СМІ. Гаспадарнікі з гэтым дакумэнтам зьвязвалі вялікія надзеі на пераход да цывілізаванай падатковай сыстэмы. Кіраўнікі Нацыянальнага сходу і эканамічных установаў ня раз сьцьвярджалі, што прыняцьце новага Падатковага кодэксу — гэта значны крок наперад, да міжнародных стандартаў. І толькі зараз высьветлілася, што Лукашэнка выключыў зь яго шэраг прынцыповых палажэньняў, якія пэўным чынам абаранялі правы падаткаплатнікаў, спрабавалі лібэралізаваць падатковую сыстэму.

Перш за ўсё, было выключанае палажэньне аб тым, што ўсе супярэчнасьці паміж заканадаўчымі актамі, якія тычацца падаткаў, павінны тлумачыцца на карысьць падаткаплатнікаў. Чаму Лукашэнка выкрасьліў гэтае палажэньне? І якія наступствы гэта можа мець?”

(Барыс Жаліба: ) “Зразумела, паміж падатковымі органамі і падаткаплатнікамі часта ўзьнікаюць супярэчнасьці. І выключеньне згаданага палажэньня ставіць падаткаплатнікаў у дадатковую залежнасьць ад падатковых органаў. Усе супярэчнасьці будуць вырашацца на карысьць апошніх. І гэта ня робіць Падатковы кодэкс больш прагрэсіўным”.

(Міхал Залескі: ) “Гэтыя дзеяньні тлумачацца, як і многае іншае ў Беларусі, чарговай перамогай рэвалюцыйнай мэтазгоднасьці над здаровым сэнсам. Прафэсіяналы, якія стваралі кодэкс, зрабілі так, як павінна быць, як сыстэма павінна працаваць добра.

А выканаўчая ўлада хоча захаваць дадатковыя вагары ціску, дадатковыя магчымасьці ўплыву на кожнага грамадзяніна. Усё робіцца для таго, каб зрабіць падткаплатнікаў, прадпрымальнікаў залежнымі ад падатковай інспэкцыі. Мы ўвесь час гаворым аб пагаршэньні становішча прадпрымальнікаў, у прыватнасьці, у рамках падатковай сыстэмы. Праблема ў тым, што ня вызначана, што ёсьць нормай, якія падаткі лічацца нармальнымі”.

(Карбалевіч: ) “Адным зь вельмі важных недахопаў беларускага падатковага заканадаўства зьяўляецца яго нестабільнасьць. Яно ўвесь час зьмяняецца, прычым, у асноўным, у горшы бок. Аб гэтым увесь час сьцьвярджаюць замежныя інвэстары. І ў прынятым Нацыянальным сходам Падатковым кодэксе было вельмі добрае палажэньне аб тым, што на працягу году і на агульнанацыянальным, і на мясцовым узроўні не павінны прымацца заканадаўчыя акты, якія б пагаршалі становішча падаткаплатнікаў. Але кіраўнік дзяржавы гэты пункт выкрасьліў. Як бы вы гэта пракамэнтавалі?”

(Жаліба: ) “Пажадана, каб на працягу году ня толькі не прымаліся заканадаўчыя акты, якія пагаршаюць становішча падаткаплатнікаў, але каб наогул падатковае заканадаўства не зьмянялася, каб падаткаплатнікі маглі стабільна працаваць. А ў нас усё наадварот. Падатковае заканадаўства часта зьмяняецца.

Напрыклад, сёньня шмат выпадкаў, калі заканадаўчыя акты прымаюцца заднім чыслом. Трэба ўвесь час пералічваць падаткі па-новаму. І часта даводзіцца плаціць штрафы. Гаспадарчаму суб’екту трэба мець адмысловага супрацоўніка, які б увесь час сачыў за зьменамі ў заканадаўстве. І дзеяньні кіраўніка дзяржавы сьведчаць, што сытуацыя захаваецца. А гэта крыўдна”.

(Залескі: ) “Падатковая сыстэма — вельмі важная частка гаспадарчай сыстэмы як на макра-, так і на мікраўзроўні. На ўзроўні фірмы, суб’екту гаспадараньня кожны гаспадар разьлічвае, колькі грошай у яго будзе выдаткавана на тыя ці іншыя мэты. Калі ж сытуацыя з умовамі падаткаабкладаньня ўвесь час зьмяняецца, то гэтыя разьлікі з самага пачатку робяцца няпэўнымі. Усё гэта павышае гаспадарчую рызыку. А павышэньне рызыкі вядзе да зьмяншэньня інвэстыцыяў. Такая палітыка падштурхоўвае людзей, у якіх ёсьць грошы, хаваць іх, а не інвэставаць у эканоміку”.

(Карбалевіч: ) “У першапачатковым варыянце Падатковага кодэксу, які быў прыняты Нацыянальным сходам, было палажэньне, якое прадугледжвала, што да 2005 году павінен быць прыняты заканадаўчы акт, які выключае пазасудовыя выняткі падатковых плацяжоў. Лукашэнка выкрасьліў гэты пункт. Наколькі існаваньне пазасудовых выняткаў падатковых плацяжоў адпавядае цывілізаваным стандартам, правілам рынкавай эканомікі?”

(Жаліба: ) “Сёньня падатковыя органы надзеленыя правам так званага бясспрэчнага сьпісаньня падатковых запазыкаў з банкавых рахункаў суб’ектаў гаспадараньня. У некаторых выпадках гэта апраўдана. Таму што бываюць сытуацыі, калі прадпрыемствы хаваюць грошы і сьвядома ня плацяць падаткі.

Але часта ўзьнікаюць сытуацыі, якія патрабуюць судовага разгляду. І зараз па новым Падатковым кодэксе падаткаплатнікі фактычна пазбаўленыя судовай дапамогі. Я лічу, гэта няправільна”.

(Залескі: ) “У ідэале падатковая сыстэма павінна быць бязьлітаснай, усе грамадзяне павінны плаціць падаткі своечасова і ў поўным аб’ёме. Але ў той жа час нельга забываць, што падатковыя органы ёсьць суб’ектамі права. І іхныя дзеяньні павінны мець магчымасьць аспрэчвацца ў судовым парадку. Кожны грамадзянін павінен мець права аспрэчваць у судзе дзеяньні іншага грамадзяніна альбо ўстановы. І калі чалавек пазбаўлены права зьвяртацца ў суд, то яго прымушаюць зьвяртацца да кіраўніка дзяржавы, які ўсё вырашае. На гэта скіраваная ўся дзяржаўная сыстэма”.

(Карбалевіч: ) “Калі падсумоўваць, то пра што сьведчаць выключэньні з Падатковага кодэксу, зробленыя Лукашэнкам? Якая тут назіраецца тэндэнцыя?”

(Жаліба: ) “Гэтыя выключэньні якасна пагоршылі Падатковы кодэкс. Наша падатковая сыстэма, як і раней, застаецца вельмі складанай для практычнага ўжываньня. Яна адлюстроўвае агульны татальны кантроль дзяржавы над гаспадарчай дзейнасьцю і ўвогуле над усім грамадзтвам”.

(Залескі: ) “Гэтая сытуацыя зьяўляецца люстэркам усёй нашай сыстэмы. У ёй абсалютна не адрэгуляваныя правы грамадзянаў. І тут здаецца, левая рука ня ведае, што робіць правая. І такія дзеяньні кіраўніка дзяржавы робяць наш інвэстыцыйны клімат яшчэ больш неспрыяльным, чым ён ёсьць зараз. І гэта кепска”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, уступленьне ў сілу Падатковага кодэксу з папраўкамі й выняткамі кіраўніка дзяржавы чарговы раз яскрава паказала, хто зьяўляецца галоўнай перашкодай на шляху да цывілізаванага падатковага заканадаўства, цывілізаванай эканомікі. І пакуль гэты чыньнік застанецца, усе высілкі дэпутатаў, прадстаўнікоў ураду, дырэктарату ні дадуць ніякага плёну. І ўсе размовы аб лібэралізацыі эканомікі, прыцягненьні замежных інвэстыцыяў так і застануцца размовамі”.
XS
SM
MD
LG