Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЭНСІЙНАЯ РЭФОРМА Ў БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: кіраўнік Фонду Мізэса эканаміст Яраслаў Раманчук і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Канстанцін Скуратовіч

(Віталь Цыганкоў: ) “З новага году грамадзяне Беларусі пачнуць атрымліваць пасьведчаньні сацыяльнага страхаваньня. Такім чынам, можна гаварыць пра пачатак пэнсійнай рэформы. Да чаго яна павінна прывесьці, якія задачы ставяць улады, як будзе выглядаць пэнсійнае забесьпячэньне пасьля заканчэньня рэформы?”

(Яраслаў Раманчук: ) “Тое, што кожны з нас атрымае нейкі пэнсійны нумар альбо нумар сацыяльнага страхаваньня, зусім не азначае тое, што мы атрымаем большую пэнсію. Калі мы гаворым пра пэнсійную рэформу, маем на ўвазе, што чалавек, які выходзіць на пэнсію, павінен мець на сваім пэнсійным рахунку нейкую суму грошай — ягонае забесьпячэньне на старасьць. Калі будзе рэалізаваная гэтая пэнсійная рэформа, прапанаваная ўрадам, то нічога ня зьменіцца. Больш за тое, урад ня мае магчымасьцяў павялічыць пэнсіі, бо не праводзіць ніякіх рэформаў. Гэта асноўная прычына таго, што гэтая пэнсійная рэформа асуджаная на паразу”.

(Цыганкоў: ) “Аднак прадстаўнікі ўраду заяўляюць, што гэтая рэформа зьяўляецца больш рынкавай і мае тыя ж самыя формы, што ёсьць у заходніх краінах. Ці зробіць гэтая рэформа пэнсійную сыстэму Беларусі болш цывілізаванай і набліжанай да эўрапейскай схемы?”

(Канстанцін Скуратовіч: ) “Я чалавек сталага ўзросту, і мне засталося крыху, каб выйсьці на пэнсію паводле існай схемы. Але ніякіх зьменаў ад таго, што ў мяне зьявіцца ўласны нумар, я не адчую. І ў мяне вельмі вялікі сумнеў, што, напрыклад, праз 10 гадоў я атрымаю што-небудзь вартае называцца пэнсіяй, каб я мог сказаць — “ну вось, унукі, дажыў я да пэнсіі, у мяне ёсьць грошы”.

(Цыганкоў: ) “На сёньняшні момант сыстэма — гэта чыстая “ўраўнілаўка”. І былы рознарабочы, і былы высокі чыноўнік атрымліваюць амаль аднолькавую пэнсію. Ці будзе гэта зьнікаць у выніку тых пераўтварэньняў, якія заплянавалі ўлады?”

(Раманчук: ) “Вы адзначылі вельмі важную характарыстыку пэнсійнай сыстэмы, бо ні сёньняшняя схема, ні тая, што прапаноўваецца, не забясьпечваюць сувязь паміж уроўнем заробку і пэнсіі. Бо гэта не сыстэма рэальных рахункаў, на якія будуць ісьці вашыя грошы, а сыстэма намінальная. І гэта ключавое слова. Намінальна вы будзеце мець на нейкім рахунку нейкую суму грошай, але памер вашай пэнсіі будзе вызначаць урад, Фонд сацыяльнай бясьпекі, а ня тое, колькі вы грошай заплацілі”.

(Цыганкоў: ) “Давайце ўдакладнім. Ці будуць працаўнікі цяпер здаваць свае грошы ў нейкі пэнсійны фонд (як гэта робіцца ў заходніх краінах), і потым з гэтых грошаў, якія растуць на рахунках, атрымліваць пэнсію? Такая форма складаньня грошай ці ўводзіцца новым заканадаўствам?”

(Раманчук: ) “Не. Тая частка, якая прапісаная ў рэформе, тычыцца пакуль толькі дзяржаўнай сыстэмы. І ў яе рамках усе грошы, як і раней, будуць ісьці на рахунак Фонду сацыяльнай бясьпекі. Другі ўзровень сыстэмы, пра які вы казалі, адкрываць прыватны рахунак і туды пералічваць грошы — гэта толькі ў далёкіх пражэктах. І ў канцэпцыі, якую прапанавала міністэрства, гэтага няма. Таму я і кажу, што гэта не сапраўдная рэформа, а гэта пародыя”.

(Цыганкоў: ) “Ці будзе магчымасць у працаўніка ўплываць на памер сваёй пэнсіі? Напрыклад, працоўным пэнсіянэрам плянуецца плаціць толькі 50 адсоткаў пэнсіі...”

(Скуратовіч: ) “Дзяржава забірае нашыя грошы так альбо гэтак і распараджаецца імі, як пажадае. Яскравы прыклад — дапамога на беспрацоўе. Пяць даляраў. Гэта ж зьдзек з сыстэмы, зьдзек з чалавека. А грошы на гэтыя мэты ў адмысловы фонд дзяржава ўжо забрала. А сёньня намесьнік міністра эканомікі спадар Тур кажа: “Як мы будзем звальняць людзей, у бюджэце грошай няма на гэты рахунак”.

Такі ж стан і з пэнсіянэрамі. У лістападзе падвысілі пэнсію. А на самой справе яна паводле пакупніцкай здольнасьці ў параўнаньні зь лістападам 2001 году павялічылася толькі на 0,2%. І ніколі пэнсія не дацягвала да спажывецкага кошыка пэнсіянэра — толькі 60–70%”.

(Цыганкоў: ) “Ці паводле новай сыстэмы чалавек здолее неяк уплываць на фармаваньне сваёй пэнсіі?”

(Скуратовіч: ) “Не, я ня бачу ніякіх мэханізмаў. Дзяржава сама ўсталёўвае ўмовы, на якіх яна будзе мне выдаваць мае ж грошы. А я хацеў бы, калі, дапусьцім, заўчасна пайду з жыцьця, каб нашчадкі мелі мае грошы. А гэтага пакуль няма. Па гэтай прычыне казаць пра нейкую пэнсійную рэформу, а тым больш рабіць з гэтага падзею не выпадае”.

(Цыганкоў: ) “Усіх хвалюе, ці пойдзе беларускае кіраўніцтва на падвышэньне пэнсійнага ўзросту?”

(Раманчук: ) “Яно ўжо вырашыла падвысіць узрост выхаду на пэнсію для мужчынаў да 62,5 году, а для жанчын — да 60 гадоў. Гэта ўжо прапісана ў дакумэнтах — кожны месяц людзі, якія выходзяць на пэнсію, будуць выходзіць на тры месяцы пазьней.

Урад дэкляруе, што ня будзе павялічваць падаткі на заробкі, якія сёньня складаюць 35%. Калі будзе павялічвацца колькасьць пэнсіянэраў, то іншага рэсурсу, акрамя падвышэньня падаткаў, ва ўраду ня будзе. У бліжэйшыя 3–4 гады колькасьць пэнсіянэраў моцна павялічыцца, і на 100 пэнсіянэраў будзе прыходзіцца толькі 150 працоўных — гэта найгоршы паказчык у Эўропе. Пэнсійная сыстэма будзе разбураць усю эканоміку, давядзе да таго, што маладыя людзі, прадпрымальнікі будуць адкрываць фірмы ў Польшчы, Расеі. А Беларусь застанецка нейкім “раем для пэнсіянэраў”, якія жывуць ніжэй за рысу беднасьці”.

(Цыганкоў: ) “Такім чынам, дзяржава будзе павялічваць пэнсійны ўзрост. Але ці ёсьць ва ўраду іншае выйсьце?”

(Скуратовіч: ) “Іншага выйсьця няма. Але галоўнае — гэта разьвіцьцё эканомікі. Калі яна будзе працаваць з такой эфэктыўнасьцю, як зараз, дрэнна будзе ня толькі пэнсіянэрам, але і працоўным”.

(Раманчук: ) “Выйсьце ёсьць. Калі мы прапанавалі сваю канцэпцыю пэнсійнай рэформы, мы не павялічвалі пэнсійны ўзрост, і пры тым гарантавалі падвышэньне пэнсіяў да ўзроўню 80–100 даляраў на працягу трох гадоў.

Толькі пэнсійную рэформу ў Беларусі нельга праводзіць без падатковай рэформы, прыватызацыі, рэструктурызацыі. Трэба ўсё гэта ўлічыць і скіраваць патэнцыял пэнсійнай рэформы так, як зроблена было ў Чылі. Там 95% працоўнай сілы мае толькі прыватныя пэнсійныя рахункі. Карыстаньне гэтым вопытам прывядзе да таго, што дзяржава выканае свае абавязкі да тых, хто сёньня ўжо на пэнсіі, і створыць умовы для маладых, каб яны пры выхадзе на пэнсію мелі на сваім рахунку грошы і маглі пакінуць іх сваім дзецям”.
XS
SM
MD
LG